Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль заявіў, што ўжо 10 краінаў гатовыя перанесьці амбасады ў Ерусалім


Ерусалім, ілюстрацыйнае фота
Ерусалім, ілюстрацыйнае фота

МЗС Ізраілю падтрымлівае кантакты мінімум зь дзесяцьцю краінамі, якія гатовыя пачаць працэдуру пераводу амбасадаў у Ерусалім. Пра гэта заявіла намесьніца кіраўніка МЗС Ізраілю Цыпі Хатовэлі, паведамляе AFP.

«Ізраіль знаходзіцца ў кантакце прынамсі зь дзесяцьцю краінамі, некаторыя зь якіх — у Эўропе» па пытаньні пераводу амбасадаў у Ерусалім, сказала Цыпі Хатовэлі ў інтэрвію дзяржаўнаму радыё. Пры гэтым яна не ўдакладніла, пра якія канкрэтныя краіны ідзе гаворка, але на дзяржаўным радыё прывялі ізраільскія дыпляматычныя крыніцы, якія называюць Гандурас, Філіпіны, Румынію і Паўднёвы Судан сярод дзяржаваў, якія разглядаюць такі крок.

У ноч на панядзелак, 25 сьнежня, прэзыдэнт Гватэмалы Джымі Маралес абвясьціў, што распарадзіўся перанесьці амбасаду краіны ў Ізраілі з Тэль-Авіву ў Ерусалім.

«Іншыя краіны прызнаюць Ерусалім і абвесьцяць пра перавод сваіх амбасадаў. Другая краіна зрабіла гэта, і я паўтараю: будуць іншыя, гэта толькі пачатак, і гэта важна», — заявіў прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу, камэнтуючы рашэньне Гватэмалы пра перавод амбасады ў Ерусалім.

Гватэмала і суседні Гандурас былі двума зь сямі краінаў, якія далучыліся да ЗША і Ізраілю ў галасаваньні 21 сьнежня супраць рэзалюцыі па Ерусаліме ў Гэнэральнай Асамблеі ААН, якая адхіляе прызнаньне Злучанымі Штатамі Ерусаліму сталіцай Ізраілю. Супраць галасавалі таксама Маршалавы выспы, Мікранэзія, Науру, Палаў і Тога. Падтрымалі дакумэнт 128 краінаў, 35 краінаў устрымаліся ад галасаваньня. Беларусь падтрымала рэзалюцыю ААН.

6 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб прызнаньні Ерусаліму сталіцай Ізраілю і даручыў Дзярждэпартамэнту пачаць падрыхтоўку да пераводу амбасады Амэрыкі з Тэль-Авіву ў Ерусалім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG