Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы масавых расстрэлаў пад Віцебскам актывісты ўбачылі кучы гною​


На месцы масавых расстрэлаў пад Віцебскам
На месцы масавых расстрэлаў пад Віцебскам

Напрыканцы кастрычніка ў рэгіёнах Віцебшчыны традыцыйна праходзяць імпрэзы ў мясьцінах, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Добраўпарадкаваньнем месца сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Хайсы пад Віцебскам займаюцца мясцовыя актывісты. Яны ж дамагаюцца й таго, каб знойдзенае ў 2014 годзе невядомае масавае пахаваньне займела афіцыйны статус.

Мясцовыя ж улады ўжо ня першы год імкнуцца адпрэчыць грамадзкую ініцыятыву. Нягледзячы на тое, што актывісты ініцыятывы «Хайсы» сабралі ўнікальныя сьведчаньні мясцовых жыхароў, якія памятаюць лясныя расстрэлы напрыканцы 1930-х, частку знойдзеных чалавечых парэшткаў пахавалі пад выглядам ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Адмовамі адказваюць чыноўнікі і на прапановы паставіць у гэтых мясьцінах помнік ахвярам сталінізму. Таму актывісты і проста неабыякавыя віцябляне ствараюць тут самаробны мэмарыял — усталёўваюць у лесе ўказальнікі да месца трагедыі і крыжы, якіх тут ужо некалькі дзясяткаў.

Падчас чарговага добраўпарадкаваньня 29 кастрычніка актывісты сутыкнуліся са зьявай, якую стваральнік незарэгістраванай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў лічыць сапраўдным блюзьнерствам.

«Калі мы выйшлі да трох крыжоў каля сьцяжынкі на ўзьлеску, то проста жахнуліся! Побач з крыжамі на полі, дзе раней рос выкарчаваны ў вайну „расстрэльны“ лес, ляжаць вялікія кучы гною і кампосту! Раней тут проста расла трава, але цяпер, падобна, будуць сеяць збожжа. Няўжо людзі не разумеюць, што вырошчваць зерне на могілках — гэта блюзьнерства і варʼяцтва? Як можна будзе есьці гэты крывавы хлеб?».

Ян Дзяржаўцаў каля труны з парэшткамі
Ян Дзяржаўцаў каля труны з парэшткамі

Ці законны загад узараць поле на магілах, адкажа пракуратура

Актывісты маюць намер зьвярнуцца ў пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю, каб там далі ацэнку дзеяньням адказных асобаў мясцовага калгасу «Прызыў», якія аддалі адпаведныя распараджэньні.

Парэшткі невядомых ахвяраў сёлета зьбіраў 52 адмысловы пошукавы батальён Мінабароны, аднак пасьля шукальнікаў шмат парэшткаў засталося ў лесе. Таму ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы» сабралі іх і пахавалі ў агульнай труне, зрабіўшы на ўскрайку лесу сымбалічную магілу.

Сьледчы камітэт накіраваў знойдзеныя ў масавых пахаваньнях парэшткі на экспэртызу, у выніку чаго можа стаць вядомым час сьмерці загінулых — і стане ясна, ці праўдзівая вэрсія пра «ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны», якая супярэчыць аповедам мясцовых жыхароў.

Брацкая магіла з парэшткамі невядомых ахвяраў
Брацкая магіла з парэшткамі невядомых ахвяраў

Пад Полацкам зладзілі талаку, каб прыбраць каля мэмарыяльнага крыжа

Крыж у памяць расстраляных за сталінскім часам стаіць з 1990 году каля могілак у прыгараднай вёсцы Бельчыцы. Праўда, самы першы крыж, які ўрачыста ставілі падчас мітынгу, не захаваўся.

Першы крыж, усталяваны ў Бельчыцах. Фота з архіву Ўладзімера Губскага
Першы крыж, усталяваны ў Бельчыцах. Фота з архіву Ўладзімера Губскага

У апошнія гады полацкія вернікі прыходзяць сюды на Дзяды памаліцца за супакой душаў загінулых. А напярэдадні ладзяць талаку, каб прыбраць мэмарыяльнае месца. Такая талака ўжо адбылася тут сёлета.

Талака каля крыжа ў Бельчыцах
Талака каля крыжа ў Бельчыцах

На Кабыляцкай гары пад Воршай сабраліся сваякі расстраляных у 1937-м

На Кабыляцкай гары пад Воршай — месцы масавых расстрэлаў у 1937–38 гады — традыцыйна сабраліся мясцовыя актывісты і нашчадкі тых, каго гвалтам пазбавілі жыцьця ў часы сталінскага тэрору. Сёлета ў гэтым жалобным месцы зьявіліся й новыя шыльды з імёнамі ахвяраў. Гэтыя імёны вярнулі зь небыцьця сваякі загінулых, аддаўшы шмат часу на пошукі зьвестак пра рэпрэсаваных.

Мэмарыял на Кабыляцкай гары пад Воршай
Мэмарыял на Кабыляцкай гары пад Воршай

Памінальная імпрэза выйшла ўрачыстая: з выступамі сваякоў-дасьледчыкаў і ўскладаньнем кветак да вялікага валуна, які застаўся ад афіцыйнага мэмарыялу, некалі разбуранага вандаламі. Помнік рэпрэсаваным напрыканцы 1980-х быў пастаўлены тут з афіцыйнага рашэньня мясцовых уладаў, бо ўрочышча Кабыляцкая гара стала першым у Беларусі афіцыйна прызнаным масавым пахаваньнем ахвяр сталінскага тэрору. Але з 1990-х аршанскі гарвыканкам ужо зусім ня дбаў, каб добраўпарадкаваць гэтыя мясьціны. І мэмарыялам з тае пары апякуюцца толькі мясцовыя актывісты, якія штогод прыходзяць сюды напярэдадні Дзядоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG