Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк рэабілітаваў абноўлены кадрава «БСБ Банк» і дазволіў апэрацыі зь фізычнымі асобамі


Ад 18 жніўня Нацыянальны банк Беларусі аднавіў ліцэнзійныя паўнамоцтвы камэрцыйнага «БСБ Банку» на ажыцьцяўленьне банкаўскіх апэрацый зь фізычнымі асобамі.

«Праўленьнем Нацыянальнага банку з улікам праведзенай ЗАТ «БСБ Банк» працы па ліквідацыі выяўленых у ходзе праверкі банку парушэньняў і недахопаў у дзейнасьці і на падставе заявы прынята рашэньне ад 18 жніўня дапоўніць пералік банкаўскіх апэрацый у выдадзенай ЗАТ «БСБ Банк» ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне банкаўскай дзейнасьці наступнымі:

— прыцягненьне грашовых сродкаў фізычных асобаў на рахункі і ўклады (дэпазыты);

— адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў фізычных асобаў;

— выдача каштоўных папераў, якія пацьвярджаюць прыцягненьне грашовых сродкаў фізычных асобаў ва ўклады і разьмяшчэньне іх на рахункі;

— выпуск у абарачэньне (эмісія) банкаўскіх плацёжных картак фізычных асобаў;

— даверчае кіраваньне грашовымі сродкамі па дамове даверчага кіраваньня грашовымі сродкамі фізычных асобаў.

Згодна з рашэньнем Нацбанку «БСБ Банку» неабходна забясьпечыць эфэктыўнае функцыянаваньне сыстэмаў унутранага кантролю (у частцы выяўленьня і спыненьня падазроных фінансавых апэрацый) і карпаратыўнага кіраваньня (выключэньне перадумоваў узьнікненьня канфлікту інтарэсаў).

Нацыянальны банк працягне маніторынг захадаў, якія «БСБ Банк» зьбіраецца ажыцьцяўляць дзеля выкананьня агучаных рашэньняў.

Як паведамляла Свабода, 4 жніўня адбыўся агульны сход акцыянэраў ЗАТ «БСБ Банк», на якім прынялі кадравыя рашэньні. Старшынём праўленьня прызначылі Сяргея Дубкова, а кіраўніцай камітэту па рызыках — Надзею Ермакову.

Абодва прызначэнцы — колішнія кіраўнікі Нацбанку. Сяргей Дубкоў перайшоў на новую пасаду зь «Белінвэстбанку», а дагэтуль цягам больш за паўтара дзясятка гадоў працаваў у Нацыянальным банку, у тым ліку намесьнікам старшыні праўленьня. Надзея Ермакова ў 2011 годзе была прызначана кіраўніцай Нацбанку і ўзначальвала яго да канца 2014-га.

Сёлета ў чэрвені Нацыянальны банк адклікаў у «БСБ Банку» ліцэнзію на працу з дэпазытамі фізычных асобаў. Рашэньне прынятае «з улікам выяўленых падчас праверкі парушэньняў і недахопаў у дзейнасьці ўстановы». Неўзабаве пасьля гэтага трымальнікі зьнялі з рахункаў больш за 55 мільёнаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG