Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вівіяна Назылья: нам цяжка нават уявіць, што такі чалавек, як Скарына, мог існаваць


Вівіяна Назылья
Вівіяна Назылья

Навуковая супрацоўніца Інстытуту лінгвістычных і літаратурных дасьледаваньняў Падуанскага ўнівэрсытэту Вівіяна Назылья захапляецца постацьцю Францішка Скарыны і кажа, што лепшага сымбалю беларусы сабе прыдумаць не маглі.

Абламейка: Якая сёньня сфэра вашых навуковых зацікаўленьняў?

Назылья: Я цікаўлюся культурнай думкай першай Рэчы Паспалітай, навукай і асьветніцтвам. Таксама мяне цікавіць міжрэлігійная палеміка, пераважна канца XVI — першай паловы XVII стагодзьдзяў. Гэта троху пазьней, чым часы, калі жыў і працаваў Скарына, але ягоная спадчына была важная і для дзеячоў таго часу. Я не скарыназнаўца, але некалькі разоў пісала пра яго, згадвала ў сваіх артыкулах. Кагадзе я напісала асобны артыкул пра Скарыну для польскага навуковага зборніку, які выходзіць летам 2017 году.

Абламейка: А ў Падуанскім унівэрсытэце і наагул, калі браць шырэй, у Італіі нехта беларусістыкай займаецца? Ёсьць такія спэцыялісты?

Назылья: Беларусістыкі як такой ў Італіі няма. Ёсьць некалькі спэцыялістаў у русіністыцы. Мы займаемся ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай. Ну і ёсьць славянская філялёгія. Але раней у Італіі выйшаў стары беларускі пераклад Трыстана і Ізольды ў арыгінале і ў перакладзе на сучасную італьянскую мову. Гэта важны помнік беларускай літаратуры, гэта беларуская рэдакцыя, там ужо прадстаўлена тое, што мы называем «простамова». Гэтым у Рыме займаецца Нікалета Марчаліс, спэцыялістка ў славянскай і расейскай філялёгіі. Але, на жаль, асобнага кірунку, як беларусістыка, у Італіі няма.

Абламейка: У Беларусі тая мова, на якую быў перакладзены Трыстан, называецца старабеларускай. Але вы ўжываеце тэрмін «простамова». Гэта спэцыяльны навуковы тэрмін у вас?

Беларусістыкі як такой ў Італіі няма. Ёсьць некалькі спэцыялістаў па русіністыцы. Мы займаемся ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай

Назылья: Гэта спадчына старых навуковых дыскусій. Мы ў Італіі ня ведаем, як дакладна назваць тую мову. Іншым разам яна не праяўляе яркай прыналежнасьці менавіта да паўночнай часткі. Тады, абагульняючы, кажуць пра рутэнскую мову або пра рускую, але праз адно «с». «Простая мова», таму што ў XV, XVI і XVIІ стагодзьдзях яшчэ не пісалі, што гэта наша беларуская мова, але пісалі «наша простая мова». І аддзяліць украінскую мову ад беларускай не заўсёды лёгка ў тую эпоху. Пазьней гэтыя мовы, вядома, разьдзяліліся і пачалі разьвівацца, але калі гаворка пра мову ў папярэднюю эпоху, то мы ня ведаем, як яе дакладна называць. і таму карыстаемся тэрмінам «простамова» або па-італьянску «рутэна» (гэта лацінізм). Так што гэта вельмі складанае пытаньне.

Абламейка: Беларускія і літоўскія лінгвісты прызнаюць, што ў XІV і першай палове XV стагодзьдзяў у мове справаводзтва ВКЛ пераважалі ўкраінскія элемэнты, а з канца XV і ў XVI стагодзьдзях запанавала беларуская моўная стыхія.

Назылья: Украінцы чыталі паўночныя тэксты як свае. Таму гэта ўсё складана.

Абламйека: Дык мы з вамі можам канстатаваць, што ў сёньняшняй Італіі скарыністаў, апрача прафэсара Навумава з Вэнэцыі, няма. Так?

Назылья: Так.

Абламейка: Як вы думаеце, могуць яшчэ быць знойдзеныя невядомыя дакумэнты пра Скарыну ў Італіі, напрыклад, у Вэнэцыі?

Назылья: Мы нават ня ведаем дакладна ці быў ён у Вэнэцыі і калі быў, то як доўга. Можна пашукаць яшчэ ў Вэнэцыі, напрыклад, у музэі Карэра знаходзяцца багатыя зборы дакумэнтаў, ня ўсе зь іх яшчэ належным чынам вывучаныя. Але разам з тым, сумнеўна, што нешта новае будзе знойдзена. Унівэрсытэцкі архіў у Падуі Чэчылія Геці ўжо вывучала і прагледзела ўсё.

Абламейка: А як бы вы ацанілі постаць Скарыны і зробленае ім?

Скарына — гэта постаць зусім бесканфліктная, выдатны прадстаўнік эпохі. Можа быць гэта гучыць для вас банальна, але тут, у нас, людзям цяжка ўявіць, што нешта такое магло існаваць

Назылья: Я думаю, што гэта вельмі добра, што беларусы маюць такога героя. Ён мне вельмі блізкі, таму што вельмі гарманічна злучае ў сабе усходнюю і заходнюю традыцыю. Гэта як бы ўвасабленьне мары пра Рэч Паспалітую. Я добра знаёмая з польскім навуковым асяродзьдзем. Там ёсьць настальгія па тых часах, калі ўсе жылі разам і дружна. Гэта праяўляецца нават у сучаснай літаратуры.

Я думаю, вельмі добра, што беларусы маюць такі сымбаль як Скарына — гэта постаць зусім бесканфліктная, выдатны прадстаўнік эпохі. Можа быць гэта гучыць для вас банальна, але тут, у нас, людзям цяжка ўявіць, што нешта такое магло існаваць.

Вівіяна Назылья — славістка, навуковая супрацоўніца Інстытуту лінгвістычных і літаратурным дасьледаваньняў Падуанскага ўнівэрсытэту. Займаецца культурнай спадчынай усходніх земляў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай паловы XVII стагодзьдзяў і тэматыкай міту ўсходніх земляў Рэчы Паспалітай у сучаснай польскай літаратуры. Напісала разьдзел пра асьвету і кніжную культуры даўніх літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель для зборніку, які будзе апублікаваны ў выдавецтве Варшаўскага ўнівэрсытэту ў 2017 годзе. Разьдзел носіць назву: Oświata Ruska na ziemiach wschodnich Rzeczypospolitej w XVII wieku.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG