Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад кіраўніка МЗС Эстоніі чакаюць, што ён зможа паўплываць на беларускія ўлады ў справе «Белага Легіёну»


Кіраўнік МЗС Эстоніі Свэн Міксэр у сваю бытнасьць Міністрам абароны Эстоніі ў 2015 годзе
Кіраўнік МЗС Эстоніі Свэн Міксэр у сваю бытнасьць Міністрам абароны Эстоніі ў 2015 годзе

Грамадзянскія актывісты з Латвіі, Эстоніі і Беларусі зьвярнуліся да міністра замежных справаў Эстоніі Свэна Міксэра напярэдадні яго працоўнага візыту 23 траўня ў Беларусь з просьбай паўплываць на беларускія ўлады ў пытаньні рэпрэсій супраць актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Аўтары ліста нагадваюць, што зь вясны сёлетняга году ў Беларусі разгортваецца крымінальны перасьлед беларускіх актывістаў, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў падчас мітынгаў пратэсту супраць эканамічнай палітыкі дзяржавы і ўвядзеньня падатку на беспрацоўных грамадзян за адсутнасьць у іх працы. Таксама КДБ РБ сёлета арыштаваў шэраг людзей, што раней уваходзілі ў склад недзяржаўнай арганізацыі беларускіх вайскоўцаў «Белы Легіён», якая спыніла сваё існаваньне больш за 10 гадоў таму. КДБ абвінаваціла актывістаў у падрыхтоўцы ўзброенага супраціву на вуліцах беларускіх гарадоў, але дагэтуль не змагло даказаць гэтых фактаў.

Андрэй Абозаў, адзін з аўтараў ліста, упэўнены: «Гэтая справа шытая белымі ніткамі, і мне вельмі нагадвае справу лекараў часоў позьняга Сталіна».

Павел Марозаў, грамадзянскі актывіст, уцякач зь Беларусі, што жыве ў Эстоніі, які таксама падпісаўся пад лістом, дадае: «Несправядлівасьць, вялікія парушэньні і нестыкоўкі ў дачыненьні да фігурантаў справы, яго відавочная сфабрыкаванасьць і закрытасьць расьсьледаваньня, якое мае вялікі грамадзкі рэзананс і значнасьць, вымусілі нас выкарыстаць шанец, які зьявіўся ў выніку візыту Свэна Міксэра ў Беларусь, для таго, каб дамагчыся ад беларускіх уладаў справядлівага расьсьледаваньня. Мы ўпэўненыя, што сумленны і адкрыты суд пад кантролем міжнародных праваабарончых арганізацый і СМІ дакажа абсалютную невінаватасьць зьняволеных актывістаў».

«У Вас адбудзецца размова зь Міністрам Уладзімірам Макеем, які заўсёды быў самым праэўрапейскім членам беларускага ўраду, — гаворыцца ў лісьце, які публікуе партал Delfi. — Калі ласка, уздыіміце пытаньне „Белага Легіёну“ у гэтай гутарцы. Мы верым, што Уладзімір Макей зможа данесьці да Аляксандра Лукашэнкі, што для яго асабіста і для Беларусі, з пункту гледжаньня Эўрапейскай пэрспэктывы лепш пазьбегнуць фабрыкацыі гэтай справы і забясьпечыць яго ўдзельнікам сумленны і адкрыты судовы працэс. Важна, каб гэты працэс быў прызнаны сумленным і адкрытым міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

19 чалавек у беларускай турме, зьвязаныя са справай „Белага легіёну“, знаходзяцца пад велізарным ціскам. Згодна з апошняй інфармацыяй зь Беларусі, сьледчыя выкарыстоўваюць мэтады ў стылі НКВД для атрыманьня „слушных“ адказаў на свае пытаньні.

Гэтыя людзі маюць патрэбу ў тэрміновай дапамозе і падтрымцы з боку дэмакратычнай Эстоніі і Эўрапейскага Зьвязу.

Калі ласка, дапамажыце ім!»

Пад лістом падпісаліся Балтыйская грамадзянская ініцыятыва «Свабоду Беламу легіёну!», Андрэй Абозаў — эстонскі грамадзянскі актывіст, палітычны ўцякач зь Беларусі, Андрэй Берднікаў — латвійскі грамадзянскі актывіст і дасьледчык, Сяргей Бульба — экс-лідэр «Белага Легіёну», Павел Марозаў — эстонскі грамадзянскі актывіст, палітычны ўцякач зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG