У канцы 2016 году кіраўнік МУС загадаў падначаленым тэрмінова схуднець, каб адпавядаць нормам, і займацца спортам.
«Не змаглі з пачатку году схуднець толькі крыху больш за 10 чалавек. Астатнія супрацоўнікі скінулі ад 5 да 20 кг, і працягваюць займацца спортам, каб яшчэ схуднець», — распавяла агенцтву «Азія-Плюс» крыніца ў прэс-службе ведамства.
Прэс-сакратар МУС Таджыкістану Умарджоні Эмамалі пацвердзіў Радыё Свабода, што зь ведамства сапраўды звольнілі 10 чалавек, яшчэ сто супрацоўнікаў атрымалі папярэджаньні аб недапушчальнай вазе.
У сьнежні 2016 супрацоўнікам МУС Таджыкістану раздалі інструкцыю, у якой былі пазначаны нарматывы суадносін росту і вагі. У прыватнасьці, там гаварылася, што «пры росьце 168–170 сантымэтраў вага супрацоўніка міліцыі не павінна перавышаць 75 кіляграмаў».
Кіраўнік МУС удакладніў, што сачыць за праграмай зьніжэньня вагі будзе спэцыяльная камісія, а тых, хто не ўкладзецца ў нарматывы, звольняць.
«Калі міліцыянт пачынае таўсьцець, яго працаздольнасьць памяншаецца. Пакуль у некаторых [супрацоўнікаў] назіраюцца адхіленьні ад нормы, і нам з гэтым трэба змагацца», — сказаў міністар унутраных спраў Таджыкістану.
Па словах крыніц у ведамстве, сам Рахімзада актыўна займаецца спортам і патрабуе таго самага ад падначаленых. Крыніца ў прэс-службе міністэрства распавяла, што ўсе супрацоўнікі тры разы на тыдзень прабягаюць дыстанцыю ў пяць кілямэтраў.
У красавіку кіраўнік МУС Таджыкістану загадаў, каб кожны супрацоўнік ведамства наведваў тэатар не радзей, чым раз на месяц. У прэс-службе міліцыі патлумачылі, што наведваньне тэатральных пастановак «дапаможа павысіць духоўна-маральны ўзровень доблесных вартавых парадку, а таксама зьняць стомленасьць пасьля напружанага і цяжкага працоўнага дня».