Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля дамавіны. Прабач нам, Валер


Алена Германовіч
Алена Германовіч

Яшчэ колькі дзён таму я сустракала яго на вуліцы. Ён адпрасіўся на выходныя з анкалёгіі. Хадзіў у краму па кефір, рамантаваў аўто. Хутка пацяплее, ехаць на лецішча. На хваробу ня скардзіўся — ат, усе зараз дэфэктныя, а рак — дык праз аднаго ва ўсіх. Трымаўся бадзёра. Але сьмерці ўсё роўна — ці бадзёры ты, ці панылы. Яна не мае сантымэнтаў.

момант, калі ляжыш нарэшце спакойна, і нікуды не сьпяшаесься

Такі рухавы, жвавы, дасьціпны… Быў. Цяпер апошнюю ноч перад пахаваньнем ён дома. Усё жыцьцё — у працы, ні хвіліны супакою. Мітусьня, дом, праца, лецішча, рамонт, шпіталі, рыбалка, майстэрня, прыкруціць, прыбіць, набыць, прадаць… Вось ён, той момант, калі ляжыш нарэшце спакойна, і нікуды не сьпяшаесься. Усе справы аказаліся раптам скончаныя, але вынік ім падводзіш ня ты.

«Вой, а ці можна такія сьвечкі запальваць? — Ну дык што? Хай нам будзе грэх. Можа, на тым сьвеце прабачаць. А што ж нам рабіць, калі ў царкве яны па 5 рублёў, а ў краме такія ж, толькі кітайскія — па аднаму рублю? Хай прабачаць нам на тым сьвеце. — Госпадзе, як жыць нам? Усюды нас дураць, усюды! І нават царква спрабуе накалоць на сьвечках! Ладна, запальвай тыя, з крамы, хоць і кітайскія, не асьвечаныя. — Пачакайце, не паліце, у мяне ёсьць адна сьвятая сьвечка, з Чарнагорыі мне перадалі, зараз прынясу, толькі я вам яе не аддам — папалім трохі, і я дахаты забяру!».

мы захваляваліся – якая ў нас будзе карма?

Яна прынесла «сьвятую сьвечку» з Чарнагорыі. Запаліла яе, каб праверыць карму — у нас, нябожчыка, і тых, хто прынёс яму вянкі, і падпісаў: «Дарагому Валеру ад сяброў». «О, гляньце, які чорны дым ад сьвечкі! Значыць, ня вельмі добрая карма ў гэтых, што вянок прынесьлі. А і ў гэтых — чорны дым, таксама нешта ня тое. О, а над Святланай — белы дым, добрая ў цябе карма!». Кабета па чарзе абносіла над нашымі галовамі сьвечку. Мы захваляваліся — якая ў нас будзе карма? Няўжо пойдзе чорны дым над нашымі галовамі? Дакладна, чорны. Прысутныя скасавурыліся на нас. Кабета вырашыла не акцэнтаваць увагу, і ў мэтах нашай рэабілітацыі пранесла сьвечку і над нябожчыкам. Не, над ім белы дым. «Канечне, ён харошы быў чалавек. Ён нікому нічога благога не зрабіў!», — абрадаваліся суседзі, сваякі ўздыхнулі з палёгкай. Абход прайшоў, з кармамі вызначыліся, сьвечку загасілі. Яшчэ наперадзе доўгая ноч. Што рабіць, што казаць у такіх выпадках? Мала хто ведаў.

каб выбух туды пайшоў, да кратоў, і не адарвала нагу

«Я набыла такі сродак цудоўны для лецішча — „Зьзяньне“, вы не набывалі такі? Цуд, я вам кажу, гэта цуд. Усё так расьце, так буяе! Там няма ніякай хіміі, нейкія толькі карысныя мікраарганізмы. Проста дадаеш вады — і паліваеш глебу, і ўсё пайшло ў рост! Гэта я набывала „Зьзяньне-1“. На гэты год хачу набыць, яшчэ ёсьць такое „Зьзяньне-2“. Праўда, расьце ўсё. Але і краты пачалі размнажацца. Напэўна, ад таго „Зьзяньня“. Раней на гародзе былі дзьве ямкі, можа, два краты жылі. А пасьля „Зьзяньня“ прыехала на лецішча — увесь гарод у ямках, дзірках і курганах! Ой, ня ведаю. Іх там напэўна зараз сто штук, і насыпаў усё больш і больш. Ідзеш па гародзе і правальваесься ў іх хады. Я, праўда, ня ведаю, як і ехаць цяпер на лецішча — баюся. Іх там цяпер будзе напэўна войска! Я ўжо валёнкі паліла, у дзіркі іх засоўвала, як вы раілі — не дапамагло, яшчэ больш насыпаў зьявілася. Памнажаюцца, як трусы! Напэўна, ад таго „Зьзяньня“. Казалі, пэтарду трэба туды. Вялікую ўзяць, запаліць, і тазікам прыкрыць, тазік нагой трымаць, толькі моцна трымаць, а то можа і нагу адарваць выбухам. Галоўнае — каб пэтарды былі ня паленыя, сэртыфікаваныя. І прыціскаць тазік моцна — каб выбух туды пайшоў, да кратоў, і не адарвала нагу. Ох, Валера, прабач ты нам, дурніцам, так мы табе дурылі галаву, пакуль ты жывы быў, а памёр — і то супакою табе не даём сваёй балбатнёй, прабач. Але ж ты нас разумееш — трэба ж неяк з кратамі змагацца. Ды і жарты ж ты любіў, прабач!». Яна зьвяртаецца да нябожчыка, гаворыць зь ім, просіць прабачэньня. Здаецца, ён зараз ускочыць і скажа: «Змоўкнеце вы ці не, як вы мне на гэтым сьвеце надакучылі. І тут супакою няма ад вашых гародаў і кратоў». Але, можа, ён разумее. І маўчыць. І цярпіць, як цярпеў усё гэтае гаротнае жыцьцё.

Пачалі ўзгадваць, як аднойчы хадзілі на канцэрт вядомай сьпявачкі жалобных песень. «Ён так не хацеў ісьці, так не хацеў! Я яго ледзь зацягнула. Ён ёрзаў, ёрзаў, а ў залі так ціха было, яна вельмі жалобныя песьні сьпявала. А ён хацеў ціха мне сказаць, ды так атрымалася, што якраз песьня скончылася, такая паўза, і ён раптам на ўсю залю: А калі яшчэ і крама зачыніцца, і я не пасьпею піва набыць, хана табе!» Прысутныя нясьмела расьцягнулі вусны ва ўсьмешках.

адзін нос адрэзалі, іншы замест яго прыварылі

Пачаў той сівы, з вусамі, пляменьніка жонкі дзядзька. «Цеплаход, цеплаход. Ох, ведаю я, як яго будавалі. Там жа парушылі канструкцыю! Адзін нос адрэзалі, іншы замест яго прыварылі. Ат, добра будзе, усё так робіцца ў нас. І платы выратавальныя… Яны павінны самі выпаўзаць, пры небясьпецы, але там мэханізм не спрацоўвае, трэба ўручную цягнуць, калі што, а яны недзе сорак кіляграмаў, хіба ты здолееш іх выцягнуць? Дзьверы трэба было гермэтычныя, адмысловыя, а іх толькі ў Расеі можна замовіць, і яны вельмі дарагія. А што рабіць? Пайшлі шукаць па беразе ракі па гаражах у людзей — раней жа цягнулі сабе хто што мог, з рачнога флёту, ну і як ты думаеш? Знайшлі дзьверы, такія, як трэба. Паставілі на цеплаход. А яшчэ начальнік потым захацеў, каб прыбудавалі ззаду пляцоўку, каб паставіць на яе квадрацыкл. От хоча ён, і ўсё! Каб пляцоўка была для квадрацыклу. Ну прыбудавалі, прыварылі. А ты хацела плысьці на ім? Ой, ня ведаю. Хаця не, ня бойся, усё будзе нармальна, мабыць. Ці ня будзе. Адзінае ратаваньне, я так лічу — каб не было вады. Ня будзе вады — ня будзе навігацыі, і ён проста не паплыве. І лепш, каб не было вады, бо і паводкі ж не было цяпер, і дажджоў моцных. Гэта адзінае нас выратуе. А калі прыйдзе вада, і ён усё-ткі паплыве — ня ведаю, што там будзе. Не, ты ня бойся — плыві, калі прапануюць. Нічога, у нас ды ўсё так робіцца, праз адно месца, і нічога. Але мы яго называем „Беларускі Тытанік“. Галоўнае — каб вады не было. Прабач, Валер, жывым жывое».

Як добра, што гэтай ноччу тут, ля нябожчыка, я сустрэла добразычлівых людзей, над якімі нават ад «сьвятой сьвечкі» ішоў белы дым, і яны мне раскрылі вочы! А так бы паплыла па той рацэ, на белым цеплаходзе, і… І ніхто ня ведае, што было б. А можа, і нічога, і можа, так і трэба?

1,6 на 2,2 мэтры – такі цяпер стандарт

… Ранкам суровыя хлопцы з рытуальнай канторы дзелавіта пагрузілі дамавіну, павезьлі як «дурань дзьверы», на вялікай хуткасьці, нябожчыка і нас на могілкі. Нічога асабістага. Бізнэс. Час — грошы. «Усе разьвіталіся?», — незадаволена буркнулі, абвялі абыякавымі позіркамі маўклівых сваякоў. Няма калі цырымоніі разводзіць, чарга ўжо зараз будзе з трунамі да гасьцінна разгорнутых кнігамі прамавугольнікаў зямлі. 1,6 на 2,2 мэтры — такі цяпер стандарт «вечна-спальнага месца», зацьверджаны рашэньнем гарвыканкаму. Сваякі і сябры зь неўразуменьнем узіраліся ў труну, нібы не маглі паверыць, што яно ўсё так — быў чалавек, і няма. Тыя з рыдлёўкамі нецярпліва прытупвалі ля магілы, як груганы. Прабач нам, Валер, сапраўды, калі ласка. Мы ня ўмеем паміраць, развучыліся хаваць нябожчыкаў, ня ведаем, што рабіць, што казаць пры абліччы Сьмерці. Таму і жывём так. Неяк недарэчна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG