Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Сасноўскі стварае «службу дапамогі» семʼям затрыманых патрыётаў


Зьміцер Сасноўскі, архіўнае фота
Зьміцер Сасноўскі, архіўнае фота

Зьміцер Сасноўскі, лідэр гурту сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», выступіў у абарону затрыманых па справе «Белага легіёну».

У прыватнасьці, вядомы музыка заклікае адказаць на беспадстаўныя абвінавачаньні элемэнтарнай салідарнасьцю зь семʼямі, якія на нейкі час засталіся без сыноў, братоў, бацькоў. Пра гэта ён сказаў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды.

У сваім Фэйсбуку ён піша:

«Што патрэбна мужчыну ў цяжкі момант? Толькі адно — ведаць, што твая сямʼя ў бясьпецы і пад доглядам сяброў. Што жонка і дзеці сытыя, дагледжаныя і трымаюць настрой. Гэта дае сілы стаяць насуперак усяму!

Арыштаваныя „баевікі“ — мае сябры. З усёй адказнасьцю сьцьвярджаю: гэта — лепшыя сыны Беларусі, соль нашага народу. Гонар і годнасьць. Адукаваныя, выхаваныя, разьвітыя фізычна і адухоўленыя любоўю да Айчыны — пэўна, па такіх прыкметах іх і забіралі...»

Зьміцер Сасноўскі перакананы: каб дапамагчы хлопцам годна вытрымаць усе выпрабаваньні, трэба забясьпечыць іх семʼям догляд і абарону.

«Ствараю „службу дапамогі“ семʼям, якія пасьля арыштаў засталіся бяз таты/мужа», — піша музыка і тлумачыць, як яна будзе працаваць:

«Сыстэма простая: дапамагчы машынай (у краму па ежу, падвоз дзяцей да паліклінікі, да бабуль/дзядуль ці на лецішча); дзяўчаты-нянькі; патрэбны выязны пэдыятар, сантэхнік, будаўнік, радыётэхнік, кухар, праграміст/наладчык кампутараў, мастак, настаўнік дашкалятаў, дзіцячы трэнэр, харэограф ці музыка. Можа, хто гатовы ахвяраваць добрую дзіцячую вопратку, а хто наладзіць выезд на прыроду... Усе віды дапамогі (фінансавыя пытаньні — асабіста з асірацелымі пры жывых). Усё ў ваш вольны час. А яшчэ пішыце лісты іхным семʼям — у падтрымку».

Зьміцер абяцае: той, хто далучыцца да «службы дапамогі», стане ягоным асабістым сябрам. На ўсе фэсты і канцэрты «Старога Ольсы» — вольны ўваход. «Мае сьвяты на хутары, мае сябры — усё стане вашым. І гэта будзе перамога духа!», — падсумоўвае Зьміцер Сасноўскі, запрашаючы пакідаць кантакты і магчымыя прапановы супрацы ў асабістых паведамленьнях на Фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG