Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць віцебскага журналіста Сяргея Русецкага завялі справу паводле падзеяў Дня Волі


На журналіста-фрылансэра Сяргея Русецкага, які супрацоўнічае зь «Белсатам», завялі адміністрацыйную справу паводле падзеяў больш як двухтыднёвай даўніны.

25 сакавіка ў Віцебску адзначалі ўгодкі стварэньня БНР. Дэмакратычныя актывісты і шараговыя гараджане сабраліся на плошчы Перамогі і прайшлі да помніку Ўладзімеру Караткевічу па цэнтральнай вуліцы Леніна. Па дарозе ўскладалі кветкі — да помніка князю Альгерду, да памятнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Караткевічу, каля якога прагучала некалькі кароткіх прамова.

Сяргей Русецкі распавёў «Свабодзе»:

«Увечары 10-га красавіка мне патэлефанаваў прадстаўнік Кастрычніцкага РАУС, старшы інспэктар аддзелу аховы парадку і прафіляктыкі, капітан Сяргей Вяракса і паведаміў, што супраць мяне распачалі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.34 — за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. І сказаў, што 11-га красавіка я мушу даць тлумачэньні з гэтай нагоды».

У міліцэйскім пастарунку журналісту ўдалося давесьці, што ён ня быў удзельнікам акцыі з нагоды Дня Волі, а выконваў свае прафэсійныя абавязкі. У выніку капітан Вяракса спыніў справу, заведзеную паводле артыкула 23.34, аднак тут жа распачаў новую — паводле артыкула 22.9, які прадугледжвае пакараньне за парушэньне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ. Сяргею Русецкаму было сказана чакаць позвы ў Кастрычніцкі райсуд Віцебску.

11-га красавіка судзьдзя таго самага суду Ўладзімер Царыкаў пакараў штрафамі менскіх журналістаў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела, якія рабілі для «Белсату» наўпроставую трансьляцыю. Іх таксама прызналі вінаватымі ў парушэньні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ.
У Віцебску пасьля сьвяткаваньняў 25 сакавіка затрымалі і аршанскага журналіста-фрылансера Арцёма Сізінцава. У міліцыі ён таксама даводзіў, што працаваў — меў намер асьвятляць адзначэньне Дня Волі. Аднак на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на двое сутак да суду. 27-га сакавіка прысудзілі 10 сутак арышту, хаця на відэазапісах міліцэйскіх апэратараў было выразна відаць, што падчас акцыі хлопец займаецца выключна тым, што бярэ інтэрвію ва ўдзельнікаў ... Адбыўшы пакараньне, Арцём Сізінцаў заўважыў, што падчас ягонага знаходжаньня ў Кастрычніцкім РАУС былі зьнішчаныя ўсе запісы ў ягоным дыктафоне.

Апрача Арцёма Сізінцава, паводле падзеяў 25-га сакавіка былі прызнаныя ўдзельнікамі несанкцыянаваных мерапрыемстваў і асуджаныя на 15 сутак сябры ГА БАЖ Леанід Сьвецік і Канстанцін Мардзьвінцаў, а блогерка Вольга Жураўская была пакарана штрафам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG