Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ затрымаў Шульгу, якога Лукашэнка кінуў ратаваць «Івацэвічдрэў»


Івацэвічдрэў
Івацэвічдрэў

Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі адрапартаваў пра чарговы «факт спыненьня супрацьпраўнай дзейнасьці». Інфармацыя зьмешчаная на сайце ведамства.

«У рамках абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы спынена карупцыйная дзейнасьць генэральнага дырэктара ААТ „Івацэвічдрэў“ Шульгі, які з карысьлівай зацікаўленасьці арганізаваў злачынную схему пастаўкі на прадпрыемства імпартнай сыравіны па завышаным кошце праз падкантрольныя замежныя кампаніі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Бадай, самае адметнае ў гэтай гісторыі тое, што раней Уладзімер Шульга ўзначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам». У 2012 годзе, калі па краіне пракацілася хваля мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны са звальненьнямі і пасадкамі кіраўнікоў, Шульгу «саслалі» ў Івацэвічы.

У часе інспэкцыі «Івацэвічдрэва» Аляксандар Лукашэнка сказаў тады, што не дапусьціць, каб завод ператвараўся ў сьметніцу. У выніку тагачасны генэральны дырэктар Барыс Маёраў быў выпраўлены ў адстаўку, а на ягонае месца зь Менску тэрмінова быў выпісаны старшыня канцэрну Шульга.

Цяпер у КДБ заяўляюць, што насамрэч Уладзімер Шульга быў заклапочаны не мадэрнізацыяй, а стварэньнем шэрых схемаў дзеля ўласнага абагачэньня.

Для вытворчасьці драўняна-стружкавай пліты «Івацэвічдрэў» закупляе імпартны мэлянін. Ад 2014 году асноўнымі яго пастаўшчыкамі былі замежныя кампаніі National Resources L.P. (Літва) і Great Imports/exports L.P. (Шатляндыя). Устаноўлена, што фактычныя ўласьнікі названых фірмаў — сын Шульгі, а таксама нейкая Непляховіч, якая зь ім у блізкай сувязі«, — удакладняюць у КДБ.

Як сьцьвярджаюць у ведамстве, праз названыя замежныя кампаніі мэлянін закуплялі ў кітайскіх вытворцаў па цане 750–800 даляраў ЗША за тону, а потым рэалізоўвалі ААТ «Івацэвічдрэў» па 1350–1400 эўра за тону. У выніку прадпрыемству нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры — ня менш як на 224 720 эўра.

У дачыненьні да фігурантаў распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы.

Усе пералічаныя асобы затрыманыя і зьмешчаныя пад варту, працягваюцца сьледчыя дзеяньні дзеля выяўленьня іншых эпізодаў іх супрацьпраўнай дзейнасьці.

У гэтым зьвязку варта згадаць яшчэ пра адну ахвяру мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны. У 2014 годзе паводле падазрэньняў у злоўжываньні службовым становішчам ды ў іншых злачынствах быў арыштаваны гендырэктар «Барысаўдрэва» Ўладзімер Мальцаў. Ён трапіў за краты неўзабаве пасьля таго, як быў асабіста прызначаны Лукашэнкам «ратаваць» прадпрыемства, «даведзенае да ручкі ягоным папярэднікам».

Маладога дырэктара асудзілі на 3 гады зьняволеньня, за кратамі ён адбыў палову тэрміну. У судзе Мальцаў сваёй віны не прызнаў і ня стаў зьвяртацца да Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні.

Абʼяднаньне «Барысаўдрэў» і пасьля праведзенай мадэрнізацыі не пазбавілася шматлікіх праблем з вытворчасьцю і рэалізацыяй сваёй прадукцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG