Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі


Будынак Эўрапарлямэнту ў Страсбуры

Эўрапейскі парлямэнт на сёньняшняй сэсіі ў Страсбуры прыняў рэзалюцыю, у якой асуджае нядаўнюю хвалю рэпрэсій у Беларусі і заклікае беларускія ўлады паважаць правы і свабоды грамадзян. Рэзалюцыя ўтрымлівае таксама намёк на ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

У прыватнасьці, Эўрапарлямэнт асуджае разгон мірных дэманстрацый пратэсту і рэпрэсіі ў дачыненьні да ўдзельнікаў вулічных акцый. Эўрадэпутаты адзначаюць, што, нягледзячы на міжнародныя заклікі да стрыманасьці, рэакцыя сілавых структур была празьмернай і непрапарцыйнай.

Рэзалюцыя ўтрымлівае заклік неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх затрыманых, а таксама адмяніць ўсе судовыя рашэньні ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, якія былі затрыманыя падчас дэманстрацый.

Эўрадэпутаты таксама заклікаюць урад Беларусі пачаць дыялёг са сваімі грамадзянамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і незалежнымі СМІ, ды неадкладна правесьці расследаванне ўсіх паведамленьняў аб адвольных затрыманьнях і іншых парушэньняў правоў грамадзян. «У выпадку невыкананьня такіх расьсьледаваньняў ЭЗ можа прымяніць новыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за нядаўнія рэпрэсіі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Эўрапарлямэнт таксама заклікае беларускія ўлады спыніць перасьлед незалежных СМІ па палітычных матывах, а журналістаў — за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Беларускаму кіраўніцтву рэкамэндуецца адмяніць дэкрэт прэзыдэнта № 3 як «адвольную, жорсткую і маральна сумнеўную меру, якая парушае правы чалавека».

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

Рэзалюцыя выказваецца за падаўжэньне мандату спэцдакладчыка ААН па Беларусі.

Дакумэнт рэкамэндуе Эўракамісіі працягнуць падтрымку адукацыйных праграм, якія дазваляюць маладым беларусам праходзіць навучаньне ў ЭЗ, і зрабіць усё магчымае, каб гарантаваць найвышэйшыя стандарты ядзернай бясьпекі пры пабудове Беларусьсю Астравецкай АЭС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG