Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі дэпартуюць трох хрысьціянскіх прапаведнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Ля турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі пакараньне украінскія грамадзяне Ўладзіслаў Ярмолаў, Леанід Намярчук і Ашот Саркісьян
Ілюстрацыйнае фота. Ля турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі пакараньне украінскія грамадзяне Ўладзіслаў Ярмолаў, Леанід Намярчук і Ашот Саркісьян

Украінскія грамадзяне Ўладзіслаў Ярмолаў, Леанід Намярчук і Ашот Саркісьян зь місіі «Добрая вестка» пасьля 15 сутак арышту ў беларускім Менску а 14.30 6 красавіка павінны прыбыць самалётам у Кіеў.

«Тры ўкраінскія прапаведнікі вызваленыя з ізалятара часовага ўтрыманьня і адпраўленыя ў аэрапорт, адкуль яны будуць дэпартаваныя самалётам у Кіеў за кошт беларускага боку», — заявіў Свабодзе консул Украіны ў Менску Аляксандар Навасёлаў.

Паводле консула, яму не ўдалося сустрэцца з украінскімі прапаведнікамі, ён так і ня меў зь імі кантакту. Але 5 красавіка, сказаў Навасёлаў, ён быў у ізалятары і сустрэўся там з трыма іншымі ўкраінскімі грамадзянамі, якія знаходзяцца пад арыштам.

«Там усё ў парадку з умовамі знаходжаньня, скаргаў на ўтрыманьне ў іх няма. Ды і сам я бачу, што там нармальныя ўмовы», — сказаў консул.

22 сакавіка ў Менску былі затрыманыя хрысьціянскія прапаведнікі з Украіны Ашот Саркісьян, Леанід Намярчук, Уладзіслаў Ярмолаў зь місіі «Добрая вестка». Яны зьбіраліся правесьці ў Мінску біблейскія сэмінары з удзелам паўднёвакарэйскага прапаведніка, аднак былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак па абвінавачваньні ў нецэнзурнай лаянцы.

Юрыст менскай царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін заявіў, што ўкраінцы трапілі за краты па ілжывым абвінавачваньні. Паводле яго, трое украінскіх грамадзян-пратэстантаў дамовіліся арандаваць на 21-24 сакавіка канфэрэнц-залю ў адным з гатэляў, але заплаціць не пасьпелі. Яны плянавалі правесьці там некалькі лекцыяў, у якіх павінен быў браць удзел прапаведнік з Паўднёвай Карэі Кім Джон Шу. «Добрая вестка» — пратэстанцкі рух, які узьнік у Паўднёвай Карэі.

Цяпер у менскай турме на завулку Акрэсьціна знаходзіцца яшчэ трое грамадзян Украіны, затрыманых падчас разгону антыўрадавых акцыяў 25-26 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG