Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьняволеныя шэсьць грамадзян Украіны, — консул


Ілюстрацыйнае фота. Ля ізалятара на Акрэсьціна
Ілюстрацыйнае фота. Ля ізалятара на Акрэсьціна

Украінскі консул у Менску Аляксандар Навасёлаў заяўляе, што шэсьць грамадзян Украіны пасадзілі ў сталіцы Беларусі пасьля затрыманьня ў сакавіку.

«Нам вядома пра шэсьць украінскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ідзе праца ў забесьпячэньні іхных правоў, я ўвесь час у кантакце з адвакатамі трох затрыманых на Дзень Волі. Адзін адбывае 15 сутак арышту, асобы двух іншых грамадзян высьвятляюцца, бо ў іх не было пры сабе дакумэнтаў. Як толькі іхныя асобы будуць устаноўленыя, яны будуць дэпартаваныя на радзіму», — сказаў Навасёлаў Радыё Свабода.

«Гэта дрэнна, што грамадзян затрымліваюць і нам іх даводзіцца абараняць, але такія ўмовы краіны знаходжаньня. Затрыманых 22 сакавіка трох грамадзян Украіны я сам заўтра наведаю ў ізалятары. Наш абавязак — сачыць за захаваньнем іхных правоў і спрыяць найхутчэйшаму выезду на радзіму пасьля адбыцьця пакараньня», — сказаў украінскі консул.

Аднаго з арыштаваных грамадзян Украіны Руслана Цярэшчанку суд у Менску пакараў 15 суткамі арышту за ўдзел у дэманстрацыі апазыцыі 25 Сакавіка.

Прозьвішчы яшчэ двух ўкраінцаў, затрыманых 25 сакавіка, да гэтага часу высьвятляюцца, іх бачылі ў менскай турме на Акрэсьціна. Гэта два маладыя хлопцы, якія былі апранутыя ў турэмныя робы, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Паводле інфармацыі сайту «Беларускі партызан», гэтых двух абвінавачваюць у дачыненьні да нападу на будынак падатковай інспэкцыі ў Гомлі, у будынак якой 24 сакавіка кінулі «кактэйль Молатава».

Згодна з паведамленьнем, пры затрыманьні ў іх адабралі дакумэнты і заявілі, што «згубілі» іх, а таксама ўсю вопратку для экспэртызы на прадмет наяўнасьці сьлядоў гаручых або выбуховых рэчываў.

Яшчэ пра траіх арыштаваных украінцаў, пратэстанцкіх прапаведнікаў, стала вядома пасьля таго, як 2 красавіка з турмы быў вызвалены апазыцыйны актывіст Алесь Лагвінец, які знаходзіўся ў адной камэры з грамадзянамі Украіны і распавёў пра іх у сацыяльных сетках.

Пра тое, што прапаведнікаў з Украіны чакалі ў Менску, паведаміў юрыст менскай царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін: «22 сакавіка ў Менску былі затрыманыя хрысьціянскія прапаведнікі з Украіны Ашот Саркісьян, Леанід Намярчук, Уладзіслаў Ярмолаў зь місіі „Добрая вестка“. Яны зьбіраліся правесьці ў Менску біблейскія сэмінары з удзелам паўднёвакарэйскага прапаведніка, аднак былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак па ілжывым абвінавачаньні — нібыта за тое, што лаяліся матам».

25-26 сакавіка ў Менску ды іншых гарадах Беларусі міліцыя разагнала антыўрадавыя сходы, больш за тысячу чалавек былі арыштаваныя, каля сотні прысудзілі штрафы і арышты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG