Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакаскія будаўнікі зьвярнуліся па дапамогу да Трампа і распачалі галадоўку


Год пасьля пажараў у Хакасіі

У Хакасіі будаўнікі, якія будуюць дамы для пацярпелых падчас пажару вясной 2015 году, абвясьцілі галадоўку, бо не атрымалі заробак.

«Учора ўвечары паведамілі ў паліцыю аб пачатку галадоўкі, і селі ў кватэры на галадоўку. Пакуль нас тры чалавекі, але разьлічваем, што да нас далучыцца яшчэ 10 чалавек», — паведаміў удзельнік аргкамітэту па арганізацыі галадоўкі Яўгені Салтынюк.

Плянуецца, што цяперашняя галадоўка будзе доўжыцца пяць сутак — калі работнікам ня выплацяць даўгі, яны пачнуць сухую галадоўку.

27 сакавіка будаўнікі плянавалі правесьці акцыю пратэсту ў намётавым мястэчку на плошчы перад урадам рэспублікі, але мэрыя Абакану не дазволіла акцыю.

Тады будаўнікі зьвярнуліся па дапамогу да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Работнікі запісалі відэа, у якім сказалі, што Ўладзімір Пуцін прылятае «ў Хакасію адпачываць, і ўсё, больш яму справаў у Хакасіі няма». «Неаднаразовыя скаргі» на тое, што будаўнікам не выплацілі заробак, а «грошы скралі», засталіся без адказу. «Быццам Дональд Трамп — ён сябар Пуціна, яны як бы размаўляюць ўвесь час па тэлефоне, можа ён хоць данясе да Пуціна, што ў яго ў краіне робіцца, што бардак канкрэтны», — заявіў адзін з будаўнікоў.

Першая галадоўка работнікаў адбылася ў сьнежні 2015 году. Тады адзін з будаўнікоў, паводле паведамленьняў СМІ, пакончыў з сабой, так не і дачакаўшыся выплаты заробку. У пачатку лютага 2016 году Сьледчы камітэт па Хакасіі пачаў крымінальную справу супраць кіраўніка фірмы, якая будавала дамы для пагарэльцаў — яго абвінавацілі ў крадзяжы 17 мільёнаў рублёў.

Маштабныя пажары здарыліся ў Хакасіі ў красавіку 2015 году. Загінулі 32 чалавекі, агонь зьнішчыў больш за паўтары тысячы жылых дамоў. Рэгіён наведаў Уладзімір Пуцін, які запатрабаваў ўзьвесьці новае жытло для пагарэльцаў да 1 верасьня. Калі прэзыдэнт зноў прыехаў у Хакасію ў верасьні, ён застаўся задаволены вынікамі будаўніцтва. Аднак мясцовыя жыхары сьцьвярджалі, што Пуціну паказалі «пацёмкінскія вёскі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG