Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратары — супраць «Нашай Нівы». Рэдакцыя — супраць камісіі па этыцы БАЖ


Рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, архіўнае фота

Амаль тры дзясяткі літаратараў зьвярнуліся з калектыўнай скаргай у Камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў на газэту «Наша Ніва».

Аўтары звароту лічаць, што выданьне парушыла журналісцкую этыку, асьвятляючы ўганараваньне ляўрэатаў прэміі «Кніга году — 2016».

Сярод падпісантаў — Альгерд Бахарэвіч, Валер Гапееў, Павал Касьцюкевіч, Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева ды іншыя. Поўны сьпіс на сайце БАЖ.

Заяўнікі, у прыватнасьці, адзначаюць, што загаловак «Нечаканасьць: прэмію „Кніга году-2016“ атрымаў ня Горват, а зборнік вершаў Кудасавай» зьневажае як Кудасаву, так і Горвата.

«Слова „Нечаканасьць“ у загалоўку мяркуе, што перамога кнігі Горвата была агульначаканай, але ніякіх пераканаўчых доказаў гэтаму не прыведзена. Загаловак ставіць пад сумнеў вартасьць зборніка паэзіі Насты Кудасавай, а таксама відавочна эксплюатуе папулярнасьць кнігі Андруся Горвата для прыцягненьня ўвагі, падвышэньня клікабэльнасьці анлайн-матэрыялу. Мела месца маніпуляцыя аўдыторыяй, вынікам якой сталіся нэгатыўныя камэнтары ў бок Кудасавай, Горвата, журы і арганізатараў прэміі як у сацыяльных сетках, так і на сайце nn.by», — гаворыцца ў звароце.

Другая прэтэнзія заяўнікаў тычыцца матэрыялу «У журы прэміі „Кніга году“ жонка прагаласавала за кнігу мужа, а муж — за жончыну».

Аўтары звароту мяркуюць, што рэдакцыя «НН» сыстэмна парушае прафэсійныя стандарты журналісцкай працы, дэзарыентуе аўдыторыю, правакуе грамадзкія канфлікты, стварае атмасфэру варожасьці ў беларускім культурным полі.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч падачу калектыўнай скаргі на выданьне і магчымыя для рэдакцыі наступствы пракамэнтаваў наступным чынам:

«Яшчэ ў верасьні мінулага году мы афіцыйна праінфармавалі БАЖ, і яны гэта апублікавалі на сваім сайце: рэдакцыя прыпыняе супрацоўніцтва з Камісіяй па этыцы. Адпаведна, сытуацыю не камэнтуем, не заўважаем. Натуральна, разглядаць пададзеную скаргу будуць, але бяз нас. Скажам так, застаёмся збоку».

На просьбу патлумачыць прычыны недаверу да згаданага падразьдзяленьня журналісцкай арганізацыі Ягор Марціновіч удакладніў:

«Галоўная прычына ў тым, што мы маем сумневы адносна неперадузятасьці старшыні камісіі Анатоля Гуляева. Адпаведна, пакуль камісію ўзначальвае спадар Гуляеў, мы ўва ўсім гэтым ня ўдзельнічаем. Таму, яшчэ раз кажу, нічога не камэнтуем — ні за нас, ні супраць».

Пры канцы верасьня 2016 году рэдакцыя «Нашай Нівы» паведаміла кіраўніцтву Беларускай асацыяцыі журналістаў, што лічыць немагчымым супрацоўнічаць з Камісіяй па этыцы. Ад імя рэдакцыйнай калегіі свае подпісы паставілі Андрэй Дынько, Ягор Марціновіч, Зьміцер Панкавец, Андрэй Скурко. Падставай — сумнеў наконт абʼектыўнасьці і неперадузятасьці старшыні камісіі Анатоля Гуляева.

Ліст прыйшоў акурат напярэдадні разгляду камісіяй заявы праваабаронцы Валянціна Стэфановіча з нагоды публікацыі на сайце выданьня матэрыялу са здымкам пад загалоўкам «Браты-славяне. Пʼедэстал Алімпіяды ў Рыё па грэка-рымскай барацьбе».

Па выніках паседжаньня сябры камісіі адзначылі: у артыкуле адсутнічаюць спробы характарызаваць людзей па расавай прыкмеце ці нацыянальнасьці. Роўна як няма падставы для ксэнафобіі ці расізму. Камісія пастанавіла: матэрыял «Браты-славяне. Пʼедэстал Алімпіяды ў Рыё па грэка-рымскай барацьбе» ня ўтрымлівае парушэньняў прафэсійнай этыкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG