Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Філіповіча маюць вызваліць 5 красавіка, чацьверты суд над ім адкладаецца


Максім Філіповіч у судзе ў Гомелі 23 сакавіка

Зьняволенага гомельскага блогера Максіма Філіповіча маюць вызваліць 5 красавіка ў 20.45. Пра гэта паведаміла жонка Філіповіча, Юлія.

Філіповіча меліся судзіць чацьвёрты раз, гэтым разам — за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту ў Пінску. Аднак, паводле Юліі Філіповіч, пратакол па гэтай справе адаслалі на дапрацоўку.

Сёньня ж Юлія Філіповіч атрымала ліст з гомельскага гарвыканкаму: ейнага мужа вызвалілі ад сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год.

Філіповіч ужо больш за дваццаць сутак знаходзіцца за кратамі.
13 сакавіка суд Цэнтральнага раёну Гомля завочна разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены ў дачыненьні да яго міліцыяй за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомлі 19 лютага. Суд пакараў Філіповіча арыштам на 13 сутак. З хаты бацькоў яго забраў АМАП.

Падчас адбыцьця пакараньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) 23 сакавіка Філіповіча зноў судзілі — за ўдзел у мітынгу ў Берасьці. Судзьдзя Аляксандар Мохараў пакараў яго арыштам на пяць сутак.

31 сакавіка блогер павінен быў выйсьці на свабоду. Каля будынка ІЧУ яго чакалі жонка, маці і сябры. Але дзяжурны ІЧУ паведаміў, што Філіповічу дабавілі яшчэ 7 сутак арышту — за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Маладэчне. Пазьней высьветлілася, што адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу ў Маладэчне разглядаў 29 сакавіка суд Савецкага раёну Гомлю. Судзьдзя Алена Шайн пакарала блогера арыштам на сем сутак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG