Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская сьпявачка ў Піцеры пра тэракт: Успомніла выбух у менскім мэтро


Беларуская сьпявачка Марыя Лагацкая-Зіміна, якая шмат гадоў жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу, распавяла Свабодзе пра атмасфэру і настроі людзей пасьля выбуху ў мэтро.

— Каля гадзіны таму гэта адбылося. Натуральна, горад ускалыхнула. Усе тэлефануюць адзін аднаму, перагружаныя тэлефонныя сеткі, немагчыма датэлефанавацца, сувязь не вытрымлівае такой колькасьці званкоў. Коркі, блякаваныя некалькі вуліц, якія падыходзяць да станцый мэтро, на якіх усё гэта адбылося. «Сянная плошча» і «Тэхналягічны інстытут» — гэта ўсе станцыі адной веткі, і на ўсіх адбылося пакуль незразумела што — тэракт ці нешта іншае. Станцыі мэтро «Сянная плошча», «Тэхналягічны інстытут» і «Спартовая» — гэта сэрца гораду, асноўныя станцыі, на якіх усе разьвязкі мэтро, перасадкі. Нешта страшнае адбылося, людзі шакаваныя. Больш-менш спакойна сябе адчуваюць тыя, хто наверсе, хто на машынах перасоўваецца. З мэтро натоўп народу хлынуў на вуліцы, каб неяк дабірацца іншым транспартам. Мая дачка жыве ў двух станцыях ад мэтро «Тэхналягічны інстытут» і звычайна езьдзіць да Сянной плошчы на мэтро. Сёньня, на шчасьце, яна села на маршрутку. Калі ўсё адбылося, яна ехала ў маршрутцы, а магла спусьціцца ў мэтро... Як кажуць, кожны радуецца за свайго бліжняга, што зь ім нічога не адбылося. Але, канечне, мы ўсе ў жаху і перажываем за пацярпелых.

— Ці не згадваюць сёньня выбух у менскім мэтро ў 2011 годзе?

— Я сёньня пра гэта ўспомніла. Я думаю, што, на жаль, і страшна падумаць, але ўсё гэта можа быць зьвязана з акцыямі пратэсту, якія былі 26 сакавіка. Напэўна, нават небясьпечна казаць пра гэта па тэлефоне. Сёньня і Лукашэнка ў нас у Піцеры знаходзіцца... Гэта самыя цэнтральныя станцыі, быў абраны час (вельмі шмат людзей у гэты час у мэтро), таму тыя, хто гэта зрабіў, абсалютна дакладна разумелі як, што і дзе гэта рабіць.

У Санкт-Пецярбургу сёньня адбыўся выбух у мэтро. У цяперашні час вядома пра 10 загінулых, дзесяткі чалавек параненыя.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG