Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысцкая кааліцыя не выключае агульнанацыянальнага страйку


Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня АГП Анатоль Лябедзька

Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі, да якой далучыліся Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду», заявілі, што мірныя акцыі па ўсёй тэрыторыі Беларусі будуць працягвацца.

Як удакладніў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, цяпер прадстаўнікі кааліцыі працуюць над тым, каб сходы былі афіцыйна дазволеныя. На парадку дня як актуальныя пытаньні працаўладкаваньня, так і патрабаваньні палітычных пераўтварэньняў. Калі ж улады пачнуць чыніць перашкоды, нічога не застанецца, як заклікаць беларусаў да агульнанацыянальнага страйку:

«У рэгіёнах цяпер актыўна падаюцца заяўкі на акцыі ў месцах, вызначаных мясцовымі выканкамамі. Мы за мірны шлях вырашэньня надзённых праблемаў. Але калі ўлады праігнаруюць нашы патрабаваньні, не застанецца іншых варыянтаў, як ініцыяваць агульнанацыянальны мірны страйк. Найперш з тым, каб дамагчыся эканамічных рэформаў, свабодных і справядлівых выбараў. Мы маем на гэта канстытуцыйнае права. Нам ня трэба ўжываць гвалт у дачыненьні да ўлады, да сілавікоў, дастаткова проста перастаць іх карміць».

Усе тры лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі ня так даўно выйшлі на волю пасьля 15-суткавых арыштаў за ўдзел у акцыі недармаедаў у Маладэчне і атрымалі чарговыя позвы. Таму, як кажа кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, у такой сытуацыі неабходна загадзя пераразьмеркаваць абавязкі, каб не аказалася, што ў адсутнасьць каардынацыі народныя выступы будуць кінутыя на самацёк — як у Дзень Волі:

«Важна, каб у плянаваньні і правядзеньні мерапрыемстваў бралі ўдзел структуры, аб’яднаныя адным аргкамітэтам. Каб у выпадку пасадкі ці нэўтралізацыі лідэраў прыйшлі іншыя асобы і давялі да канца ўсё, што было заплянавана. Бо калі нехта з палітыкаў заяўляе, што гатовы ўзяць на сябе пэрсанальную адказнасьць за ўсё, то гэта абсалютна безадказныя заявы. У выніку гэта прыводзіць да зьяўленьня яшчэ большых праблемаў. Людзі, якія вераць у пустыя словы, пустыя абяцанкі, падстаўляюцца пад дубінкі, трапляюць у турмы, але ніхто ў выніку за гэта адказнасьці не нясе», — заявіў Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч мае на ўвазе аднаго зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколу Статкевіча, які заклікаў выйсьці на Дзень Волі і паабяцаў узяць на сябе пэрсанальную адказнасьць за разьвіцьцё падзеяў. Аднак напярэдадні акцыі ён быў прэвэнтыўна затрыманы і вызвалены зь СІЗА КДБ толькі 27 сакавіка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG