Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усіх, хто не заплаціў «падатак на дармаедзтва», возьмуць на абавязковую працу ў сілавыя структуры


Стрыт-арт у Сочы (Расея), створаны беларускай камандай графітыстаў «YouFeelMySkill»

Паводле дэкрэту № 333, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам у ноч на 1 красавіка, у сілавых структурах Беларусі за месяц будзе створана больш за 350 тысяч новых працоўных месцаў. Пра гэта паведамляе агенцтва БелКА.

Асноўная частка — больш за 270 тысяч чалавек — будзе працаўладкавана ў новаствораную Нацыянальную гвардыю. Паводле дэкрэту, яе задачай будзе «змаганьне супраць унутраных і зьнешніх ворагаў Рэспублікі Беларусь, вызначаных ведамаснымі інструкцыямі». Узначаліць новую структуру колішні кіраўнік Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч, якому прысвоена вайсковае званьне генэрал-лейтэнанта.

Астатніх уладкуюць у цяперашніх дзяржаўных установах — Міністэрстве ўнутраных спраў, Камітэце дзяржаўнай бясьпекі, Службе бясьпекі прэзыдэнта, Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў, Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях, Дзяржаўным памежным камітэце і Дзяржаўным мытным камітэце.

Да 1 траўня — кроў з носу — мы павінны арганізаваць і ўзброіць новую армію гультаёў

Выступаючы раніцай першага красавіка на традыцыйным прэзыдэнцкім сьняданку з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага цырку, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Надышоў час, калі трэба наводзіць парадак з занятасьцю людзей. Да 1 траўня — кроў з носу — мы павінны арганізаваць і ўзброіць новую армію гультаёў».

Тыя, хто трапіў пад дзеяньне дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», але пасьпеў заплаціць дзяржаўны збор да 1 красавіка, вызваляюцца ад абавязковай працы ў сілавых структурах. Яны, аднак, павінны заплаціць да канца бягучага году новы збор у памеры 10 ранейшых.

«Калі яны ўжо заплацілі, значыць відавочна маюць грошы, — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка. — І ня варта пішчом і чохам пытацца, што дзяржава можа зрабіць для цябе. Лепей спытайся, што ты сам можаш зрабіць для дзяржавы».

Нам трэба мільён новых працоўных месцаў.

Прадстаўнікі апазыцыі ўжо скрытыкавалі новую ініцыятыву кіраўніка Беларусі. Найбольш жорстка выказаўся колішні кандыдат на прэзыдэнта, эканаміст Яраслаў Раманчук. «У цяперашніх умовах гэтыя палавіністыя крокі не спрацуюць. Нам трэба мільён новых працоўных месцаў».

На крытыку з боку апазыцыі адрэагавала прызначаная напярэдадні міністрам унутраных спраў Лідзія Ярмошына, назваўшы яе «скавытаньнем няўдачнікаў».

Прыярытэты на наступнае паўгодзьдзе — баршчавік, каларадзкія жукі і раварысты.

«Працы шмат, і прэзыдэнт ясна акрэсьліў нам прыярытэты на наступнае паўгодзьдзе — баршчавік, каларадзкія жукі і раварысты,» — цытуе Ярмошыну БелКА.

Дэкрэт № 333 мае быць апублікаваны на Антынацыянальным неправавым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь да канца дня 1 красавіка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG