Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Кулініч і Сяргей Кунцэвіч — паплечнікі Статкевіча. Чаму іх трымаюць у СІЗА?


Кадр зь сюжэту тэлеканалу СТВ пра затрыманьне Сяргея Кунцэвіча.
Кадр зь сюжэту тэлеканалу СТВ пра затрыманьне Сяргея Кунцэвіча.

Сярод затрыманых у СІЗА КДБ застаюцца паплечнікі Мікалая Статкевіча па Народнай грамадзе — Сяргей Кулініч і Сяргей Кунцэвіч. Хто гэтыя людзі і за што іх трымаюць пад вартай?

«Сяргея Кулініча схапілі вечарам 24 сакавіка, калі ён выйшаў з дому, дзе ён дапамог схавацца мне, каб я застаўся на свабодзе і ўзяў удзел у Дні Волі», — сказаў Мікалай Статкевіч,

Жонка Сяргея Кулініча Людміла Дабрагост сказала карэспандэнту Свабоды, што ня бачыла, як затрымлівалі Сяргея.

«Як затрымлівалі, ня ведаю, бо пайшоў у краму і больш не вярнуўся вечарам. Зьбіраліся адзначаць дзень народзінаў і пайшоў па харчы. А ўжо раніцай паведамілі з КДБ, што ён затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Я была разгубленая, патэлефанавалі вельмі рана. Прычым калі ня ведаеш, дзе падзеўся чалавек. Адзінае — я не запомніла нумар артыкула, па якім яго абвінавачваюць. Я спытала, што гэта за артыкул, яны адказалі, што арганізацыя масавых беспарадкаў. Ня той стан быў, каб памятаць. Я ніколі з гэтым не сутыкалася. Сказалі, што, магчыма, адпусьцяць у панядзелак. Аднак гэтага не адбылося, і сёньня прынялі перадачу. Насіла разам з 24-гадовым сынам Сяргея. Магчыма, з дапамогай адваката нешта даведаемся».

Паводле Людмілы, Сяргей, раней індывідуальны прадпрымальнік, зьбіраўся заняцца праваабарончай дзейнасьцю.

«Гэта проста шок. Ведаеш, што чалавек не вінаваты. Нават ня ведаю, як патлумачыць гэтую сытуацыю. Проста шок. Бо гэта ўсё на роўным месцы».

«Ён прыстойны чалавек, але ніякі не кансьпіратар»

Сяргей Кулініч раней быў санітарным лекарам у чарнобыльскай зоне. У часы «перабудовы» падняў пытаньне пра забруджанасьць. Пачаў шукаць магчымасьці вывазу дзяцей з забруджаных тэрыторый на аздараўленьне за мяжу. Калі апынуўся ў Менску, заняўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Сяргей Кулініч — намесьнік старшыні Народнай грамады. «Вельмі прыстойны, годны, інтэлігентны чалавек», — кажа Мікалай Статкевіч. У сытуацыі, якая складалася перад 25-м сакавіка, Статкевіч рабіў усё магчымае, каб дайсьці да плошчы. І зьвярнуўся па дапамогу да сяброў па партыі.

«Хаця яны засьвечаныя, бо за мной вельмі пільнае назіраньне. Але гэта быў шанец, што не пасьпеюць да іх дабрацца, шанец застацца на волі. Адзін Сяргей дапамог мне адарвацца, ён прапанаваў пабыць у кватэры яго жонкі, якая знаходзілася на вуліцы Лабанка на рамонце. Але ён ніякі не кансьпіратар. Пачалі ж правяраць сяброў бюро. Да Сяргея Марцэлева некалькі разоў урываліся, сярод ночы шукалі мяне па шафах. Мабыць, таму, што адзін з этапаў эвакуацыі быў у тым раёне, дзе ён жыве.

Апошні раз мы разьвіталіся з Кулінічам каля 21-й гадзіны 24 сакавіка. Ён прынёс мне ежу, хаця я быў катэгарычна супраць. Ён прыстойны чалавек, але ніякі не кансьпіратар, у яго кепскі зрок. Карацей, праз паўгадзіны, як ён сышоў, пачалі жалезныя дзьверы адчыняць ключом, зайшлі людзі ў масках. А Сяргею я напісаў праект рэзалюцыі мітынгу 25-га. Я ня ведаў, што зь ім, пакуль, па вызваленьні, маёй жонцы не патэлефанавала яго жонка».

«Ён праграміст, займаўся партыйным сайтам»

Пра 32-гадовага Сяргея Кунцэвіча Мікалай Статкевіч кажа, што ён ня так даўно ў Народнай грамадзе, але актыўны і дасьведчаны. Ён праграміст, займаўся партыйным сайтам. Сяргей павінен быў займацца гукаўзмацняльнай тэхнікай.

«У яго і тэхніку забралі, ды яшчэ „кактэйлі Молатава“ падклалі для тэлевізіі. Мы доўга не маглі даведацца, дзе Сяргей Кунцэвіч, ня ведалі, дзе шукаць, сваякоў ня ведалі. Потым знайшлі яго дзяўчыну. Дамовіліся, што яна разам з маці Сяргея занясуць яму перадачу ў СІЗА. Спадзяюся, што заўтра і да яго здолее трапіць адвакат. Вось такая карціна.

Я думаю, што там іх паспрабуюць загрузіць па гэтай 293-й, частцы трэцяй, што прад’яўлялі мне. Але я ўпэўнены, што гэтыя людзі дасьведчаныя, разумныя, цьвёрдыя і сумленныя. За імі няма ніякіх злачынстваў, і, я думаю, нікому ня ўдасца іх прымусіць да самаагавору ці агавору некага іншага. Я спадзяюся, што неўзабаве яны будуць вызваленыя».

Паводле Статкевіча, на сачэньне за ім былі кінутыя вялікія сілы. А Сяргей Кунцэвіч арганізоўваў адрыў. Менавіта для карцінкі па дзяржаўных тэлеканалах паказалі сюжэт пра затрыманьне Сяргея.

«Я ня ведаю, ці дойдуць яны да такога нахабства, што гэтыя бутэлькі, так званыя кактэйлі, зьявяцца ў справе. Бо гэтых штыроў, якія я нібыта замаўляў празь бізнэсоўца ў 2010 годзе на нейкім жлобінскім заводзе, у судовай справе не аказалася. Хаця па тэлевізіі выступаў дырэктар заводу, нейкі бізнэсовец... Я потым сам крычаў на сьледчых: „Куды вы дзелі мае штыры?“ А тут я ня ведаю, як яны сябе будуць паводзіць. Але такія бутэлькі былі таксама ў 2010 годзе. Я прачытаў экспэртызу, і высьветлілася, што там была вада. А што тут яны задумалі? Але мы апавясьцілі ўсе сацыял-дэмакратычныя партыі Эўропы, дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Мы сваіх сяброў ня кінем. І калі яны тэрмінова ня будуць вызваленыя, мы будзем дамагацца санкцыяў».

«Яго зрабілі, так бы мовіць, чалавекам, які возіць для мяне кактэйлі Молатава»

Мікалай Статкевіч лічыць, што тактыка паводзінаў адносна яго памянялася.

«Калі яны будуць абвяргаць, што яны мяне затрымлівалі, тады атрымліваецца, што ў іх сьведкі, што яны хлусяць. А калі яны хлусяць, то гэта ёсьць выкраданьне, злачынства. Безумоўна, гэтая ўлада не прызнае выкраданьня. Але застанецца будучыня, і гэтыя людзі, якія цяпер дапытваюць абодвух Сяргеяў, атрымліваецца, ідуць яшчэ на адно злачынства. Каб пакрыць злачынства выкраданьня, яны ідуць яшчэ на другое злачынства — зьняволеньне сьведак выкраданьня. Калі мы шукалі машыну Сяргея Кунцэвіча ў панядзелак, мы не пасьпелі зь перадачай, там толькі пэўныя дні. Але ў іх бюро пропускаў я запісаў на ўсялякі выпадак у „Кнігу скаргаў“, што мяне незаконна затрымалі, у такой і такой камэры трымалі, дакумэнты забралі. Альбо вярніце працэсуальныя дакумэнты аб затрыманьні, альбо расьсьледуйце злачынства аб выкраданьні і незаконным утрымліваньні мяне ў СІЗА КДБ. Паглядзім, як яны будуць выкручвацца. Хаця не выпадае тут спадзявацца на праўдзівыя рэакцыі».

Мікалай Статкевіч кажа, што Кунцэвіча зрабілі ягоным кіроўцам, але ў яго ніякага кіроўцы няма.

«Яго зрабілі, так бы мовіць, чалавекам, які возіць для мяне кактэйлі Молатава. А мяне выпускаюць, а яго пакідаюць. Насамрэч гэта дзіўная сытуацыя».

«Гэта было адразу зразумела, што гэта падстава»

Тацяна, нявеста Сяргея Кунцэвіча, расказала, што пра затрыманьне з КДБ не паведамілі ні ёй, ні бацькам Сяргея. Сёньня яны перадалі першую перадачу. А 25-га яна пайшла на акцыю, спадзеючыся пабачыцца зь Сяргеем.

«Пра затрыманьне Сяргея я даведалася з фэйсбуку, ад яго сяброў, а потым мы ўжо паглядзелі навіны па СТВ. Я была ў шоку. Гэта было адразу зразумела, што гэта падстава. Я бачыла відэа, што гэтыя бутэлькі дастаюць зь сіняга буса без нумароў. А ў сюжэце па СТВ нібыта гэта дасталі з багажніка машыны. А той плякат „Баста!“ забралі яшчэ ў анархістаў. Яны з гэтым ня ехалі. Дарэчы, чырвоная „БМВ“ — гэта машына ягонага сябра».

Паводле Тацяны, Сяргей таксама быў індывідуальным прадпрымальнікам, стварыў сайт для партыі, захапляецца робататэхнікай, зьбірае робатаў, зьбіраўся адкрыць курсы па робататэхніцы. Тацяна і сваякі Сяргея спадзяюцца, што яго хутка вызваляць.

«Гэта падстава. Як тут кажуць некаторыя — а цяпер дакажы, што ты не карова. Так гэта ўсё паказалі па тэлебачаньні. Сказалі, што ён падпадаў неаднаразова пад крымінальную адказнасьць — гэта ўсё ня так. Былі толькі адміністрацыйныя справы за тое, што замовіў кітайскіх тавараў больш за ліміт. Як той казаў, усё для народу. Ня ведаюць, да чаго прычапіцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG