Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць палітвязьня Андрэя Бандарэнку. Абнаўляецца


Андрэй Бандарэнка

Прысутныя ў судовай залі аплядысмэнтамі сустрэлі палітвязьня Андрэя Бандарэнку, якога сёньня зноў судзяць.

29 сакавіка ў Ленінскім судзе Магілёва адбываецца суд над вязьнем Андрэем Бандарэнкам. Былому кіраўніку праваабарончай установы «Плятформа» пагражае яшчэ да 2 гадоў зьняволеньня.

Цяпер вязьня прыцягваюць да адказнасьці паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы. Вядома, што на сьледзтве Андрэй Бандарэнка не прызнаваў сябе вінаватым.

У суд прыехалі Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, Міхаіл Пастухоў, бацька падсуднага Валер Бандарэнка.

Перад судом: Мікола Статкевіч, Марына Адамовіч і Міхаіл Пастухоў

Перад судом: Мікола Статкевіч, Марына Адамовіч і Міхаіл Пастухоў

На судзе Андрэй Бандарэнка адразу заявіў:

«Аказваўся ціск падчас сьледзтва. Не было магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы і абмеркаваць з адвакатам пытаньне па справе».

Судзьдзя задаволіў хадайніцтва Бандарэнкі, каб даць пагутарыць з адвакатам і абвясьціў перапынак на 30 хвілінаў.

Бандарэнка не прызнаў сябе вінаватым. Яму ставяцца ў віну тры эпізоды: ляжаў на ложку ў непрызначаны час, уступіў у кантакт падчас канваяваньня зь іншым асуджаным, а таксама не зрабіў дакладу належнай формы супрацоўнікам адміністрацыі, калі тыя зайшлі ў камэру, пра няякасна выкананую працу (склееныя канвэрты). За гэта яму былі вынесеныя спагнаньні, якія далі падставу прызнаць Бандарэнку злосным парушальнікам рэжыму і распачаць крымінальную справу.

Усе эпізоды парушэньня парадку адбываньня пакараньня Бандарэнкам абскарджваліся ў судах і пракуратуры. Але скаргі не былі задаволеныя. Бандарэнка адзначае, што да яго чапляліся прадстаўнікі адміністрацыі — амаль да ўсяго, нават за вітаньне з турэмшчыкамі. Абвінавачваньні называе правакацыяй. За эпізоды правапарушэньняў Бандарэнку каралі два разы штрафным ізалятарам на 5 дзён і адзін раз — вымовай.

Андрэй Бандарэнка заявіў, што з Шклоўскай калёніі яго вымушана перавялі ў турму № 4, бо існавала пагроза здароўю, паколькі яму ў зьняволеньні быў нададзены статус асуджанага, паводле турэмнай субкультуры, з абмежаваньнямі ў правах. Бандарэнка спаслаўся на гутарку з адным з кіраўнікоў шклоўскай вязьніцы, які выказаў меркаваньне, што асуджанага ўратуе толькі турма.

Дапытваюць сьведак. Натальля Сьмірнова. Сядзела ў турме і падчас канваяваньня яе і Бандарэнкі запыталася, ці можа Бандарэнка ёй дапамагчы матэрыяльна. Адвакат і абвінавачаны настойваюць, што сьведка ў паказаньнях супярэчыць сама сабе. Бандарэнка заяўляе, што яна хлусіць. Сьведка адзначае, што ў турме ёсьць магчымасьць перадаваць з камэры ў камэру грошы. Паводле сьведкі, Бандарэнка сказаў, што дапамагчы ня можа. Сьведка адседзела трое сутак у карцэры за гутарку з Бандарэнкам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG