Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27-ы затрыманы ў справе «Белага легіёну» — гісторык Аляксандар Зімніцкі


КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома «Свабодзе», у аўторак 28 сакавіка КДБ затрымаў яшчэ аднаго меркаванага фігуранта справы «Белага легіёну» — 25-гадовага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музэю Аляксандра Зімніцкага.

Ён стаў 27-м затрыманым у сьпісе затрыманых у гэтай справе, які склалі праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзкасьці.

Зоя Зімніцкая, маці Аляксандра Зімніцкага, жыве ў Докшыцкім раёне, у вёсцы Глінная. Яна ўжо пэнсіянэрка, раней працавала выхавальніцай у дзіцячым садку. Зоя Вікенцьеўна плача, калі распавядае пра арышт сына.

«У пятніцу ён прыехаў сюды дадому, а ў панядзелак выправіўся ў Менск, на працу. А тады пазваніў, што яго выклікае ў аўторак раніцай на гутарку сьледчы. Казаў, што ў яго быў ператрус, што забралі той пнэўматычны пісталет, які ў яго быў даўно. Ён зь дзяцінства захапляўся гісторыяй, кнігамі, усё вучыўся на гісторыка, цяпер у музэі працуе. Як пазваніў, дык паехаў да сьледчага. А ўжо ўвечары патэлефанаваў сьледчы і сказаў, што Алесь затрыманы, пакуль на 3 дні. Больш нічога ня ведаю. І за што яго? Казаў, што нічога дрэннага людзям ня робіць, толькі добраму вучылі. Што цяпер будзе?» — расказала Зоя Зімніцкая.

Да сёньня было вядома, што абвінавачаньне затрыманым фігурантам справы «Белага легіёну» не былі выстаўленыя. Напярэдадні кіраўнік упраўленьня інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Дзьмітры Пабяржын казаў, што 29 сакавіка можа зьявіцца інфармацыя пра выстаўленьне абвінавачаньня фігурантам справы. «Ёсьць вызначаны законам час, да 31 сакавіка, мяркую, будзе інфармацыя», — казаў учора Дзьмітры Пабяржын.

Паводле старшыні рады «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, на 29 сакавіка ў КДБ для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях выкліканыя адвакаты шэрагу затрыманых.

«Спадзяюся, хлопцаў пачнуць вызваляць, спадзяюся — усіх», — сказала Ніна Шыдлоўская.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG