Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амапаўцы зламалі палец былому афіцэру міліцыі Ўладзімеру Няпомняшчых


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

На волю з ізалятару УУС Гомельскага аблвыканкаму выйшаў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых.

Яго, зьбітага ўранку 15 сакавіка невядомымі нападнікамі, арыштавалі на трое сутак нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі, а пасьля, калі ён знаходзіўся ў ізалятары, дабавілі яшчэ 10 сутак — за ўдзел у мірным пратэсьце «недармаедаў» у Рагачове.

«Я з ізалятару пайшоў у траўмапункт, бо на правай руцэ ўвесь час моцна балеў безыменны палец. Аказалася, што ён зламаны — амапаўцы пастараліся, калі затрымлівалі. Налажылі гіпс», — распавёў Уладзімер.

Знайшоўся нарэшце і гомельскі грамадзкі актывіст, распаўсюднік незалежных выданьняў Аляксандар Процка. Яго затрымалі на Дзень Волі пасьля маршу і мітынгу недармаедаў, калі ішоў да прыпынку грамадзкага транспарту на вуліцы Савецкай. За сабой ён каціў вазок з газэтамі «Новы час», бо ня ўсе асобнікі ўдалося раздаць. Распаўсюдніка незалежных газэтаў забралі ў Чыгуначны РАУС і прэвэнтыўна адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня разам зь іншымі затрыманымі.

Аляксандар Процка
Аляксандар Процка

27 сакавіка Процку прывозілі ў суд Савецкага раёну. Актывісты бачылі, як яго вялі ў суд. А пасьля Аляксандар зьнік. Суд не даваў праваабаронцам ніякай інфармацыі.

«Мяне прывезьлі ў суд, у міліцэйскім пратаколе было напісана, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Кажу судзьдзі Андрэю Лагуновічу, што я распаўсюджваў „Новы час“. На тое ён паказвае апэратыўны здымак са справы, дзе я стаю на фоне бела-чырвона белага сьцяга: „Во, бач, удзельнічаў“. І прысудзіў мне трое сутак арышту. Вывелі мяне праз задні двор суду і зноў замчалі ў ізалятар».

З-пад арышту Процку адпусьцілі ўчора надвячоркам.

Пасьля 10-суткавага арышту на волю выйшлі таксама гомельскі блогер Зьміцер Сабураў, у Мазыры — беспрацоўныя Алег Шаўко і Аляксандар Барысенка за акцыю пратэсту недармаедаў 18 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG