Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчу ў Менгарвыканам пойдзе толькі адзін заяўнік акцыі на Дзень Волі


Дзяніс Садоўскі выступае 15 сакавіка на акцыі ў Менску супраць дэкрэту №3
Дзяніс Садоўскі выступае 15 сакавіка на акцыі ў Менску супраць дэкрэту №3

Чацьвёра заяўнікаў акцыі на Дзень Волі напісалі, што здымаюць зь сябе адказнасьць, бо ўлады парушылі закон. На сустрэчу ў Менгарвыканам пойдзе толькі адзін заяўнік. «Іншыя ня пойдуць, бо яны адтуль могуць ужо не выйсьці».

Чатыры заяўнікі напісалі новыя заявы, што адказнасьць за акцыю на Дзень волі нясуць улады ў сувязі з тым, што Менгарвыканкам груба парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. Таму на сустрэчу ў Менгарвыканкам 24 сакавіка пойдзе толькі адзін заяўнік — прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаў.

Сытуацыю карэспандэнту Свабоды патлумачыў актывіст БХД Дзяніс Садоўскі:

«У аўторак аргкамітэтам было прынята рашэньне, што заяўнікі ідуць на сустрэчу ў Менгарвыканам у сераду (гэтая сустрэча была адмена). І калі заяўка будзе задаволеная па тым маршруце, які мы падавалі, то тады мы гэты маршрут рэалізуем і адпаведна акцыя адбываецца легальна. Калі ж акцыю забараняюць альбо маршрут яе зьмяняюць, то тады заяўнікі не пагаджаюцца з гэтым і падаюць заяўкі пра тое, што мы на такую акцыю не падавалі і адпаведна такую акцыю праводзіць не зьбіраемся і адказнасьць за такую акцыю несьці не будзем.

Потым адбылося тое, што адбылося. Патэлефанавалі з Менгарвыканкаму і сустрэчу ў сераду адмянілі і перанесьлі яе на пятніцу ў 17 гадзін. Гэта была ўжо другая адмена. Так склалася ўпершыню, калі ўлада вядзе сябе вельмі дзіўна, не даючы адказу. І тым самым фактычна заяўнікі становяцца закладнікамі сытуацыі, калі заяўка пададзена ў тэрмін, а юрыдычна дазволу на яе няма. Бо ў нас жа, калі дазволу няма, то акцыя забароненая. Хоць заяўнікі пра гэта не ведаюць і фактычна адпаведныя дзеяньні зрабіць не могуць. Адпаведна па выніку магло стацца так, што ўсю юрыдычную адказнасьць за акцыю, якую фактычна заяўнікі не маглі ні арганізаваць. ні падрыхтаваць, яны бы несьлі.

Таму ўлічваючы, што яны перанесьлі сустрэчу на пятніцу на вечар было прынята наступнае тактычнае рашэньне. Мы заяўку не адклікалі як такую, заяўка наша па ранейшаму засталася дзейсная. Але было прынята рашэньне, каб не падстаўляць тых лідэраў, якія змогуць прыйсьці на акцыю і яе правесьці, чатыры з пяцёх заяўнікаў напісалі заявы, што ў сувязі з тым, што Менгарвыканкам груба парушыў закон аб масавых мерапрыемствах і не адказаў нам у тэрмін, усю адказнасьць за тое, што будзе адбывацца 25 сакавіка, нясе найперш улада. Бо яна безадказна сябе павяла і сама парушыла заканадаўства.

Але пакінулі мы аднаго з пяцёх заяўнікаў, які плянуе пайсьці на сустрэчу, бо іншыя заяўнікі на гэтую сустрэчу ня пойдуць, бо яны адтуль могуць ужо не выйсьці, Адзін пойдзе ў Менгарвыканкам заўтра ў 17 гадзін і калі акцыя будзе дазволена па тым маршруце, які мы падавалі, тады адпаведна акцыя будзе адбывацца па гэтым маршруце і мы выканаем усё неабходнае, каб яна адбылася ў мірным рэчышчы.

Калі ж акцыя будзе забаронена ці маршрут будзе зьменены, то тады апошні заяўнік напіша такую ж паперу пра тое, што ўся адказнасьць за далейшыя падзеі нясе сёньняшняя ўлада, бо яна не пачула свой народ, не дае магчымасьці выказацца людзям і прайсьціся па цэнтральнай вуліцы Менску».

Подпісы пад заяўкай на правядзеньне шэсьця 25 сакавіка паставілі прадстаўнікі руху «За свабоду» (Аляксандар Русевіч), аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі), Абʼяднанай грамадзянскай партыі (Ягор Віняцкі), Партыі БНФ (Зьміцер Касьпяровіч) і руху салідарнасьці «Разам» (Аляксандар Макаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG