Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З канкрэтыкай. Хоць бы для саміх сябе. Пакуль большасьць людзей штурхае эмоцыя.

Юрий Комаров: «Ня тое што канкрэтызаваць, а яшчэ да пачатку бойкі дакладна трэба ведаць, што адбудзецца пасьля яе».

«БНФ запатрабавала адстаўкі міністра ўнутраных спраў Шуневіча» — гэта канкрэтыка. Як і поўная адмена «дармаедзкага» дэкрэту. Ні адмена дэкрэту, ні замена міністра МУС у сыстэме нічога прынцыпова ня зьменяць. Але.

Сам факт «маленькай перамогі» дасьць (і ўжо часткова дае праз прыпыненьне дзеяньня дэкрэту) грамадзтву досьвед супольнага дзеяньня, адчуваньне ўласнай суб’ектнасьці. Што з таго адчуваньня? Прыклад для іншых — падцягвайцеся, будзем далей адваёўваць грамадзкія бонусы ў сыстэмы.

Ня факт, што замена вяршыні піраміды зьнішчыць саму піраміду.

Беларусі трэба зьмяняць усю сыстэму. Прычым ня факт, што замена вяршыні піраміды зьнішчыць саму піраміду. У замене сыстэмы мусяць быць зацікаўленыя і частка людзей з самой сыстэмы. Якія мусяць не баяцца згубіць што маюць, а ўбачыць ліфты ўгару пры магчымых новых рэаліях.

Так было ва Ўкраіне. Ня толькі сотні тысяч, узьнятых эмоцыяй абароны ўласнай годнасьці, з аднаго боку, і абураныя сацыяльным «беспрадзелам» у абласьцях-«удзельных княствах» крымінальнага алігархату, зь іншага боку. Важна, што да пратэсту ў той ці іншай форме далучыліся ці спрыялі чыноўнікі, бізнэсоўцы і палітыкі, зацікаўленыя ў зьменах.

«Даўно трэба зразумець, што майдан — гэта не калі людзі проста выходзяць на вуліцу, а калі гэтых людзей падтрымлівае арганізаваная парлямэнцкая апазыцыя, што ёсьць залогам посьпеху пратэстаў», — пішуць у камэнтах пра сытуацыю ў Беларусі на адным з украінскіх рэсурсаў.

Ва Ўкраіне былі легітымныя суб’екты палітыкі, зь якімі зацікаўленыя чыноўнікі і бізнэсоўцы маглі весьці перамовы пра будучыню краіны.

У беларускай сытуацыі фактычнай адсутнасьці і парлямэнту, і адпаведна рэальнай апазыцыі, у аддаленай будучыні імавернага татальнага жабрацтва верагодны румыскі варыянт з фіналам Чаўшэску. Альбо лагодны варыянт «перабудовы» Гарбачова, калі разам з пашырэньнем грамадзянскіх свабодаў чыноўнікі сярэдняга зьвяна ўбачылі для сябе магчымасьць пераходу на больш высокі ўзровень.

Ales Bialiatski: «25 сакавіка, якое ўсе неабыякавыя чакаюць як кульмінацыю, насамрэч толькі — этап! Ні эканамічны, ні сацыяльны, ні палітычны крызіс у краіне ня вырашаны. Мы ўсе ў вялікай яме зь якой выбрацца па-хуткаму не атрымаецца».

Важна прадэманстраваць ня толькі колькасьць, але і разнастайнасьць удзельнікаў.

Так, вельмі важна масава сабрацца 25 сакавіка ў сталіцы краіны, каб прадэманстраваць ня толькі колькасьць, але і разнастайнасьць удзельнікаў. Сёньня гэта ня толькі крэатыўны кляс з ідэямі свабоды асобы і нацыянальнай самапавагі. Сёньня гэта і людзі, якіх хвалюе адсутнасьць элемэнтарных эканамічных правоў — напрыклад, рэальных прафсаюзаў ці паняцьця мінімальнага заробку.

Магчыма, некаторыя прадстаўнікі розных груп грамадзтва ўпершыню ўбачаць адзін аднаго. Сабрацца 25-га, каб пасьля зьбірацца, і зьбірацца, і прыцягваць усё болей людзей, і... патрабаваць зьмену канкрэтных рэчаў.

Апроч «дармаедзтва» гэта можа быць адмена аднабаковых кантрактаў, увядзеньня паняцьця мінімальнага заробку, спрашчэньне падаткаў для малога бізнэсу.

Гэта і вяртаньне ва ўжытак нацыянальных сымбаляў, пашырэньне сфэры ўжытку беларускай мовы, нацыянальны погляд на гісторыю ва ўстановах адукацыі.

Трэба разумець, што ў любых грамадзкіх зварушэньнях з аднаго краю стаяць чыстыя ідэалісты, зь іншага — чыстыя прагматыкі. А большасьць дзесьці пасярэдзіне.

Трэба тлумачыць рабочым людязм, што найбліжэйшым часам дзяржава ім ніяк не дапаможа, але дзяржава можа даць магчымасьць людзям зарабляць самім.

Можна скандаваць «Лукашэнка, сыходзь!», але тады вельмі ўцямна патрабаваць парлямэнцкую рэспубліку, і тлумачыць як да яе прыйсьці.

Ці знойдзецца асоба ці група, якія агучаць канкрэтыку? Пакуль у кожнага з прадстаўнікоў разрозьненай старой «афіцыйнай» апазыцыі яшчэ ёсьць шанец упершыню за многія гады заявіць сябе як палітыкаў, а не дэ-факта «грамадзкіх актывістаў».

Але падзеі ў сьвеце і Беларусі разгортваюцца так імкліва, што варта чакаць новых імёнаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG