Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыры некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі пратэставаць ля помніка Леніну


Пратэст у Мазыры. 18 сакавіка 2017 году
Пратэст у Мазыры. 18 сакавіка 2017 году

У Мазыры на плошчу Леніна 18 сакавіка выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць незадавальненьне «дармаедзкім» дэкрэтам № 3, эканамічнай сытуацыяй у горадзе і краіне.

Адзін з удзельнікаў стыхійнага сходу паведаміў:

«Ідзе дождж, мокры сьнег, але гараджане пакуль не сыходзяць. Уголас абураюцца цяжкім станам жыцьця, скарачэньнямі на прадпрыемствах, нізкімі заробкамі».

Да людзей падыходзіў намесьнік начальніка РАУС, папярэджваў, што сход незаконны. Аднак людзі надалей стаяць каля помніка «правадыру ўсясьветнай рэвалюцыі Ўльянаву-Леніну».

Два дні таму міліцыя афіцыйна папярэдзіла мясцовага актывіста Рыгора Крывіцкага, каб ён не выходзіў на плошчу. Пэнсіянэр «засьвяціўся» тым, што падаў заяўку на пікет 26 сакавіка ў Мазырскі райвыканкам. Сам заяўнік прыйшоў на некалькі хвілін на плошчу, расказаў пра папярэджаньне і сышоў.

Паводле відавочцаў, траса Кобрынь—Гомель поўная экіпажаў патрульных машын ДАІ. Стаяць яны на ўездах у Мазыр, у Рэчыцу.

Гомельскі журналіст-фрылянсэр Кастусь Жукоўскі распавёў, што ягоную аўтамашыну інспэктары ДАІ (бартавы нумар 407) дагналі на трасе з уключанай мігалкай прыкладна празь дзесяць кілямэтраў ад абласнога цэнтру.

«Казалі нешта няўцямнае пра няправільны абгон, патрабавалі адчыніць багажнік. Я ня супраць, але толькі з панятымі. З напарнікам мы ехалі ў Рэчыцу, цяпер сядзім у машыне, чакаем панятых. Побач і экіпаж ДАІ», — паведаміў Кастусь Жукоўскі.

Раней на трасе блізу Рэчыцы ДАІ спыніла аўтамашыну журналісткі-фрылансэра Ларысы Шчыраковай. Правяраюць, ці яе аўтамабіль не сагнаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG