Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сказала Свабодзе, што пойдзе на сёньняшнюю акцыю пратэсту супраць дэкрэту нумар 3 на мыліцах:
«Я вельмі хачу паўдзельнічаць у акцыі. Вядома, мне цяжка ісьці на мыліцах разам з пратэстоўцамі ўсю дарогу. Таму я вырашыла толькі выступіць на акцыі. Думаю, людзі зразумеюць мой стан і гэтае маё рашэньне».
Ганна Канапацкая зламала нагу ў канцы лютага. Тады ж лекары сказалі, што лячэньне зойме прыкладна шэсьць тыдняў.
Ганна Канапацкая паведаміла таксама, што сёньня, у Дзень Канстытуцыі, яна перадала прапанову дэпутатам Палаты прадстаўнікоў разгледзець пытаньне аб звароце ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб адпаведнасьці дэкрэту № 3 Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.
Згодна зь беларускім заканадаўствам правам звароту ў Канстытуцыйны суд валодаюць прэзыдэнт, абедзьве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і Савет Міністраў.