Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 цікавых фактаў з кнігі «100 асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі»


Сустаршыня парты БХД Павал Севярынец з калегамі напісалі кнігу пра 100 выдатных дзеячоў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Над кнігай пра 100 чалавек працавалі 10 аўтараў. У ёй сабраныя нарысы пра найбольш выдатных дзеячоў партыі, гісторыя якой пачалася 100 гадоў таму і шмат у чым супала з гісторыяй беларускай зямлі. У кнізе 4 разьдзелы адпаведна 4 пакаленьням палітыкаў. Спачатку пра «папярэднікаў», чыя дзейнасьць прыпала на пэрыяд паміж рэвалюцыямі 1905-га і 1917 гадоў. Наступны разьдзел — пра самаахвярных змагароў за Беларусь міжваеннага пэрыяду. Трэцяя — пра тых, хто адраджаў рух у 90-я гады мінулага стагодзьдзя і, нарэшце, пра цяперашніх актывістаў БХД.

«Сто гісторый веры і волі», — сказаў пра кнігу ўкладальнік і аўтар Павал Севярынец. Сапраўды, фактычна кожны з апісаных у кнізе лёсаў унікальны, як унікальнае любое чалавечае жыцьцё. Але ўсё роўна некаторыя падзеі, рысы, здарэньні, факты і ўчынкі выбіваюцца з проста адметных, пераходзяць у неверагодныя. Вось чаму пра іх варта ведаць і памятаць.

1. Якое дачыненьне Магдалена Радзівіл мае да «Вянка» Максіма Багдановіча?

Жонка прадстаўніка бэрлінскай галіны славутага княскага роду, народжаная Марыя Магдаліна Завіша, апекавалася беларускай справай, фінансавала беларускія выданьні, у тым ліку выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Сваімі кансэрватыўнымі палітычнымі поглядамі балянсавала адраджэнскі рух, у якім «Наша ніва» лічылася левай.

Таксама Магдалена як мэцэнатка падтрымлівала газэту Bielarus, вакол якой гуртаваліся будучыя дзеячы БХД. Яна фінансавала выданьне шмат якіх знакавых беларускіх кніг, у тым ліку «Вянка» Максіма Багдановіча. На знак удзячнасьці выдаўцы гэтых кніг звычайна зьмяшчалі на тытульным лісьце выяву лебедзя з герба роду Завішаў, зь якога паходзіла Магдалена Радзівіл».

Цікавую дэталь з жыцьця пары Радзівілаў заўважыла аўтар нарысу Вікторыя Чаплева: Магдалена была старэйшая за мужа на 19 гадоў, але гэта ня шкодзіла сямейнаму шчасьцю.

У 1919 годзе з Польшчы прасілася прыехаць у савецкую Беларусь, але не атрымала дазволу бальшавіцкай улады. Магчымы, гэта ўратавала ёй жыцьцё, калі паглядзець на тое, як склаўся лёс большасьці яе аднадумцаў, што засталіся на радзіме.

2. Як сталася, што мыс на Новай Зямлі названы ў гонар беларуса, які служыў палкоўнікам імпэратарскага генштабу?

Пра беларускага шляхціца Баляслава Ялавецкага, стваральніка Канстытуцыйна-каталіцкай партыі, расказаў Максім Гацак. Аказваецца, Баляслаў Ялавецкі 15 гадоў кіраваў славутым Аляксандраўскім заводам у Пецярбургу, дзе паводле ягоных чарцяжоў пабудавалі адмысловы царскі цягнік. Калі пайшоў у адстаўку, вярнуўся ў Беларусь, пабудаваў вузкакалейную чыгунку паміж цяперашнімі Пастаўскім і Глыбоцкім раёнамі — каб разьвівалася мясцовая гаспадарка. Падчас Першай усясьветнай вайны служыў палкоўнікам імпэратарскага генэральнага штабу, а памёр у галодным 1918 у рэвалюцыйным Петраградзе, магчыма, ад халеры. Імя Ялавецкага носіць адзін з мысаў архіпэлягу Новая Зямля. Гэтак назваў палярны дасьледчык Барысаў на знак удзячнасьці за фінансавую апеку.

3. Хто з клясыкаў беларускай літаратуры наведваў першыя ў Менску беларускамоўныя набажэнствы?

У красавіку 1918 году ўпершыню ў менскіх касьцёлах пачаліся службы зь беларускімі казанямі. Гэтыя набажэнствы ладзіў айцец Фабіян Абрантовіч, які раней у Пецярбургу заснаваў суполку ксяндзоў-беларусаў, што стала ядром тагачаснага БХД. Набажэнствы айца Фабіяна часта наведваў Янка Купала. Аўтар нарысу пра ксяндза Абрантовіча знайшоў шмат надзвычай цікавых дэталяў пра лёс гэтага выдатнага чалавека: што супрацоўнічаў з радай БНР, што на загад Ватыкану паехаў служыць у Харбін, што ў верасьні 1939 году на сваю бяду аказаўся ў Львове, дзе яго і засьпела Чырвоная Армія. Спрабаваў перайсьці мяжу ў бок Нямеччыны, быў схоплены гітлераўцамі і перададзены тагачасным хаўрусьнікам гітлераўцаў — Савецкаму Саюзу. Ішла вайна, а беларуса Фабіяна Абрантовіча ўсё трымалі ў маскоўскай Бутырскай турме. Білі, катавалі, нечага дамагаліся, пакуль не забілі да сьмерці ў 46-м.

4. Як замест Катыні беларус з польскага войска аказаўся ў Палестыне?

Прафэсійны вайсковец і вядомы публіцыст Дамінік Аніська — адзін зь нешматлікіх дзеячоў БХД, якому насуперак усім небясьпекам удалося выжыць у жахлівыя 30-40 гады мінулага стагодзьдзя. Беларус з Падляшша Дамінік Аніська ў 20-я гады даслужыўся да падхаружага польскага войска, звольніўся і заняўся пісаньнем вершаў ды публіцыстыкай. Стаў вядомым літаратарам, але пачалася Другая ўсясьветная вайна, і ён зноў апынуўся ў польскім войску. Быў інтэрнаваны Чырвонай Арміяй, сядзеў у сумнавядомым лягеры Казельску, у якім большасьць вязьняў падзялілі лёс тых, каго трымалі і расстралялі ў Катыні пад Смаленскам. Але Дамініку Аніську пашанцавала — ён трапіў у створаны з польскіх афіцэраў на тэрыторыі СССР корпус генэрала Андэрса, зь якім праз Пэрсію быў перакінуты на Блізкі Ўсход, ваяваў у Палестыне і вярнуўся з вайны жывым. «Зь пекла савецкага ГУЛАГу апынуўся на Сьвятой зямлі», — напісана ў нарысе пра Дамініка Аніську.

5. Каму зь беларускіх сьвятароў — вязьняў ГУЛАГу дапамагала жонка Максіма Горкага?

Цалкам неверагодны па драматычнасьці лёс апісаў у кнізе «100 асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» дасьледчык Уладзімір Шыпіла. Беларус з Шуміліна, дзяяч БХД Язэп Барадзюля ў 1919 годзе стаў пробашчам адначасова ў Бешанковіцкім, Ушацкім і Камена-Губінскім касьцёлах. Апошнюю ў сваім жыцьці службу айцец Язэп нёс ў 1983 годзе ў Рызе. А ў гэтым прамежку — 25 гадоў ГУЛАГУу, у тым ліку лягеры ў Салаўках і Краснаярскім краі, ссылка на самую поўнач Архангельскай вобласьці. Там у роспачы айцец Язэп зьвярнуўся па дапамогу да Кацярыны Пешкавай, першай жонкі Максіма Горкага, якая ўзначальвала польскі Чырвоны Крыж, зь якой раней быў знаёмы. Славутасьць аказала ксяндзу маральную і матэрыяльную падтрымку, і гэта дапамагло вытрымаць. Была сярэдзіна 1930-х гадоў, і фактычна да 1978 году айцу Язэпу не дазвалялі служыць у касьцёле. Апошнюю імшу ён адслужыў, калі меў ужо 90 гадоў.

6. Як драматургу Станіславу Грынкевічу ўдалося ўцячы з «кіпцюроў НКВД»?

Як даказвае кніга, складзеная Паўлам Севярынцам, сярод дзеячоў БХД былі ня толькі каталіцкія, уніяцкія ці праваслаўныя сьвятары. Лекар Станіслаў Грынкевіч у сярэдзіне 1930-х выбіраўся віцэ-старшынём БХД, а таксама быў вядомым драматургам і дасьледчыкам гісторыі тэатру. Перад вайной па ўсёй другой Рэчы Паспалітай у тэатрах з посьпехам ставілі ягоную п’есу «Жанімства па радыё». У 1939 годзе ў Вільні, раптоўна захопленай Чырвонай Арміяй, НКВД арыштавала Станіслава Грынкевіча. Але тут, відаць, дапамагла схільная да драматургіі натура. Калі палітыка павезьлі зь Вільні на цягніку, яму ўдалося падмануць ахоўнікаў і ўцячы. Падчас акупацыі зь немцамі не супрацоўнічаў, а кантактаваў з польскім падпольлем, спрабаваў «на базе колішняй БХД згуртаваць «незалежніцкія беларускія сілы». Другім разам да НКВД Станіслаў Грынкевіч трапіў улетку 1944 году і быў расстраляны ў Магілёве.

7. За што гітлераўцы забілі ксяндза Глякоўскага, які служыў у Чырвоным касьцёле?

Імя ксяндза Станіслава Глякоўскага назаўсёды ўпісана ў гісторыю славутага Чырвонага касьцёла ў Менску дзякуючы мужнаму ўчынку. Станіслаў Глякоўскі прыехаў несьці службу ў Чырвоным касьцёле Менску з Коўны ўлетку 1941 году, калі Менск быў захоплены гітлераўцамі. Службаў у цэрквах і касьцёлах акупанты не забаранялі, наадварот, усяляк заахвочвалі менчукоў вяртацца да рэлігіі і залагоджвалі сьвятарства. 15 сьнежня 1941 года ксёндз Глякоўскі разам зь іншымі сьвятарамі быў запрошаны на канфэрэнцыю беларускіх школьных інспэктараў, якая праводзілася ў гарадзкім тэатры (цяпер гэта тэатар Янкі Купалы). На канфэрэнцыю ксёндз прыйшоў, але, як распавядалі потым, на вітаньне кагосьці з нацысцкага начальства «Хайль Гітлер!» Станіслаў Глякоўскі і яшчэ некалькі сьвятароў дэманстратыўна не адказалі. Усе былі арыштаваныя адразу пасьля канфэрэнцыі, накіраваныя ў канцлягер і неўзабаве зьнішчаныя. Станіслаў Глякоўскі — адзін з заснавальнікаў БХД, паплечнік славутых дзеячоў партыі Адама Станкевіча, Язэпа Германовіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

8. Калі пачаліся «маўклівыя акцыі», падхопленыя ў 2011 годзе маладымі менчукамі?

Гэта гісторыя з жыцьця ўдзельніка Усебеларускага зьезду 1917 году, сябра Рады БНР, ідэоляга беларускага нацыянальнага руху Вінцэнта (Вікенція) Гадлеўскага. У 1927 годзе ў Жодзішках пад Смаргоньню польская дэфэнзыва арыштавала мясцовага пробашча Вінцэнта Гадлеўскага. За што? Сьвятара абвінавацілі ў антыдзяржаўнай дзейнасьці на падставе таго, што мясцовыя людзі сталі масава называць сябе беларусамі. Калі ў Вільні праходзіў працэс над ксяндзом Гадлеўскім, паводле сьведак, да будынка суду прыходзілі і моўчкі стаялі да канца пасяджэньня сотні беларусаў. Вінцэнт Гадлеўскі атрымаў толькі 2 гады турмы, якія адбыў у віленскіх «Лукішках». Пасьля дэфэнзывы на Гадлеўскага палявала НКВД, потым гестапа. Гітлераўцы расстралялі Вінцэнта Гадлеўскага ў 1942 годзе ў менскім Трасцянцы ў ноч перад Раством.

9. Хто знайшоў партрэт Скарыны ў славутай «Залі сарака» Падуанскага ўнівэрсытэту?

Яшчэ адзін прафэсійны лекар зь ліку дзеячоў БХД, Баляслаў Грабінскі, пачынаў палітычную дзейнасьць у Беларускім студэнцкім саюзе, які дзейнічаў пад уплывам хрысьціянскіх дэмакратаў. Другая ўсясьветная вайна засьпела яго ў Вільні. Там неўзабаве ён узначаліў Беларускі нацыянальны камітэт, які дапамагаў беларусам, што пацярпелі ад нягоды. У 1943 годзе Грабінскага немцы арыштавалі, кінулі ў лягер, потым вызвалілі. Пасьля вайны Грабінскі зьехаў у ЗША, але часам бываў у Эўропе. Гэта ён, наведваючы Італію, у славутай «Залі сарака» Падуанскага ўнівэрсытэту першым заўважыў сярод іншых партрэт выпускніка Францішка Скарыны. Баляслаў Грабінскі памёр у жніўні 1991 году, за некалькі дзён да таго, як Беларусь набыла незалежнасьць, заўважае ў нарысе аўтар Павал Севярынец.

10. Хто зь беларусаў увайшоў у першы урад незалежнай Літвы?

Пра сьвятара, гісторыка, публіцыста і палітыка Ўладзіслава Талочку напісаў Анатоль Астапенка, таксама вядомы дзеяч сучаснай беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Аказваецца, гэта Ўладзіслаў Талочка як прадстаўнік беларусаў уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы — першага ўраду Літоўскай рэспублікі, абранага ў 1918 годзе. Пазьней стасункі Ўладзіслава Талочкі з уладамі Вільні, якая адышла да Польшчы, сапсаваліся — загадам ваяводы беларускага сьвятара нават выслалі зь Вільні ў Беласток. Але паміраць вядомы палітык вярнуўся ў сталіцу былога Вялікага Княства Літоўскага — у Вільню.

Аўтарамі кнігі «100 асобаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» таксама зьяўляюцца Кастусь Шыталь, Аляксей Шэін, Аксана Ючкавіч, Андрэй Мельнікаў, Алесь Адамковіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG