Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідэр Aerosmith і «прынцэса эльфаў» — нашчадкі Флярыяна Чарнышэвіча


Фэлікс (зьлева) і Флярыян Чарнышэвічы, 1950 год

Фэлікс (зьлева) і Флярыян Чарнышэвічы, 1950 год

Лідэр культавага амэрыканскага рок-гурту Aerosmith Стыў Тайлер і яго дачка, галівудзкая зорка Ліў Тайлер, нашчадкі вядомага пісьменьніка Флярыяна Чарнышэвіча.

Аўтар раману «Надбярэзінцы», які нядаўна пабачыў сьвет у перакладзе на беларускую мову, нарадзіўся ў Бабруйску. Ягоны родны брат Фэлікс — гэта дзед Стыва Тайлера і прадзед Ліў Тайлер. Фэлікс нарадзіўся ў Клічаве ў 1892 годзе і ва ўзросьце 22 гадоў эміграваў у Амэрыку.

Пра сямейную гісторыю Чарнышэвічаў «Свабодзе» распавяла Мэган Смоленяк — амэрыканская пісьменьніца, генэалёг, якая часам удзельнічае як кансультант у расьсьледаваньнях ФБР і іншых спэцслужбаў ЗША. Смоленяк дасьледавала сямейную гісторыю Тайлераў для амэрыканскай прэсы.

Мэган Смоленяк

Мэган Смоленяк

«Фэлікс прыбыў у Амэрыку ў 1914 годзе. Найчасьцей у той час маладыя людзі эмігравалі, каб пазьбегнуць прызыву ў войска. А хтосьці проста хацеў палепшыць невыносныя ўмовы жыцьця на радзіме. 1914 год — гэта быў ідэальны час для эміграцыі, паколькі пасьля пачатку І сусьветнай вайны перасекчы Антлянтычны акіян было вельмі складана. Падарожжа Фэлікса было вельмі складаным. Пасьля прыбыцьця ён трапіў у шпіталь на востраве Эліс, але ўсё скончылася шчасьліва».

Шукаць у амэрыканскіх архівах дакумэнты пра Фэлікса Чарнышэвіча дарэмна. У Нью-Ёрку будучы дзед амэрыканскіх славутасьцяў і брат пісьменьніка зьмяніў прозьвішча

«Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Зьмена дазваляла эмігрантам лепш прыжыцца. А прозьвішча Чарнышэвіч амэрыканцам было б вельмі складана вымавіць. Але што дзіўна, Фэлікс зьмяніў яго на прозьвішча Блянча (Blancha), якое, па-сутнасьці, для амэрыканскага вуха таксама чужое. Блянча азначае белае. То бок ён зьмяніў прозьвішча з чорнага — Чарнышэвіч — на белае. Магчыма гэта нейкая мянушка з маладосьці, а можа ў яго быў і нейкі палітычны матыў» — распавядае Мэган Смоленяк.

У Нью-Ёрку Фэлікс Чарнышэвіч пабраўся шлюбам з маладзейшай за яго на 14 гадоў Бэсі Эліёт. У іх было чацьвёра дзяцей — сярод іх і будучая маці Стыва Тайлера Сʼюзан, якая пазьней ажаніцца з італьянскім піяністам Віктарам Талярыка. У 1948 годзе ў Сʼюзан і Талярыка нарадзіўся сын Стыў, які стаў супэрзоркай амэрыканскага року.

У 1970 годзе Стыў Тайлер зь сябрамі стварыў гурт Aerosmith, які сёньня называюць адным з самых пасьпяховых музычных праектаў у гісторыі. Колькасьць прададзеных імі альбомаў ва ўсім сьвеце склала 150 мільёнаў асобнікаў. Толькі ад 2008 году гурт зарабіў больш за 100 мільёнаў даляраў.

Дачка музыкі, акторка Ліў Тайлер, зьнялася ў мастацкіх стужках, у тым ліку ў ролі прынцэсы эльфаў Арвэны ў фільме «Валадар пярсьцёнкаў», які здабыў 17 статуэтак «Оскар».

Ці ведаюць Стыў і Ліў пра тое, што іх стрыечны дзед быў пісьменьнікам, народжаным у Беларусі? Мэган Смоленяк кажа, што так. Фэлікс «Блянча» Чарнышэвіч сустрэўся са сваім братам Флярыянам у Аргентыне ў 1950 годзе. Гэта адбылося праз восем гадоў пасьля таго, як Флярыян напісаў свой культавы аўтабіяграфічны раман «Надбярэзінцы» пра жыцьцё засьцянковай шляхты паміж Дняпром і Бярэзінай у пачатку 19 стагодзьдзя.

Адну з кніг Чарнышэвіча Мэган Смоленяк падаравала дзядзьку Стыва Тайлера падчас сустрэчы на літаратурнай імпрэзе.

Фэлікс Чарнышэвіч перажыў свайго брата Флярыяна на 23 гады і памёр у 1987 годзе. Браты пакінулі пасьля сябе некалькі дзясяткаў нашчадкаў-«надбярэзінцаў» у Аргентыне і ЗША.

Больш на гэтую тэму: "Для мяне гэта было адкрыцьцё новага сьвету. Сьвет гэты — архіпэляг засьценкаў дробнай шляхты на глыбокім усходзе Беларусі, у міжрэччы Дняпра і Бярэзіны, ад Барысава да Бабруйску. Сьвет, які ціха існаваў і амаль незаўважна памёр у віхурах войнаў, рэвалюцыяў і тэрораў ХХ стагодзьдзя" - Сяргей Шупа пра бабруйскі раман.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG