Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шупа пра бабруйскі раман


Вокладка 3-га выданьня, 2011

Вокладка 3-га выданьня, 2011

Florian Czarnyszewicz. Nadberezyńcy

Чэслаў Мілаш напісаў пра гэтую кнігу: «Мне хапіла адной старонкі, каб я паддаўся ўплыву гэтага наркотыку і прачытаў адным духам 577 старонак вялікага фармату». Прызнаюся: ну адным не адным, але і мне ад гэтай кнігі было цяжка адарвацца. Уявіце сабе трылягіста Генрыка Сянкевіча і новазямельнага Якуба Коласа ў адной асобе, які апісвае падзеі (усяго толькі) стогадовай даўнасьці, якія адбываюцца ў глыбіннай Беларусі, ня так далёка ад караткевіцкага Рагачова. Пры гэтым тэма, падзеі, людзі, іх штодзённае жыцьцё, мары і памкненьні — абсалютна нечаканыя і невядомыя, непрысутныя ў нашым уяўленьні пра Беларусь пачатку ХХ стагодзьдзя.

Для мяне гэта было адкрыцьцё новага сьвету. Сьвет гэты — архіпэляг засьценкаў дробнай шляхты на глыбокім усходзе Беларусі, у міжрэччы Дняпра і Бярэзіны, ад Барысава да Бабруйску. Сьвет, які ціха існаваў і амаль незаўважна памёр у віхурах войнаў, рэвалюцыяў і тэрораў ХХ стагодзьдзя. Апошні фарпост польскасьці на Ўсходзе, прычым польскасьці безь ніякіх знакаў «краёвасьці» — цяжка ўявіць сабе ў вуснах герояў гэтай кнігі Міцкевічава «Litwo, Ojczyzno moja!». Усе іх спадзяваньні і мары зьвязаныя з далёкай у прасторы і часе Рэччу Паспалітай, яны - асколак паўмітычнай, дападзельнай, "сармацкай" Польшчы.

Брама бабруйскай крэпасьці, 1918

Брама бабруйскай крэпасьці, 1918

Раман, адчувальна аўтабіяграфічны, апісвае лёс маладога паляка Стаха Балашэвіча, аднагодка стагодзьдзя, ад 1911 да 1920 году на фоне шырокай панарамы жыцьця гэтай забытай польскай выспы ў самае драматычнае дзесяцігодзьдзе тутэйшай гісторыі — расейскі нацыянальны і рэлігійны ўціск, сусьветная вайна, нямецкая акупацыя, бальшавіцкая рэвалюцыя, польска-расейская вайна... Эмацыйная кульмінацыя палітычных падзеяў у рамане — аднаўленьне Польшчы на тэрыторыі аднаго асобна ўзятага Бабруйскага павету, цьмяна вядомае нам пад назвай «мяцеж Доўбар-Мусьніцкага».

Усё гэта апісваецца так яскрава, маляўніча і фатаграфічна дакладна, што цяжка паверыць: гэтая «біблія крэсаў», «энцыкляпэдыя засьцянковага жыцьця» была створаная аўтарам праз дзесяцігодзьдзі пасьля падзеяў і за многія тысячы кілямэтраў ад ягоных родных мясьцінаў.

Флярыян Чарнышэвіч, Аргентына, 50-я гг.

Флярыян Чарнышэвіч, Аргентына, 50-я гг.

Флярыян Чарнышэвіч нарадзіўся ў 1900 годзе ў Бабруйску і правёў дзяцінства ў яго ваколіцах, паралельна з навучаньнем у расейскай школе атрымваў польскую адукацыю ў падпольных хатніх школках. Быў выведнікам падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 году. Пасьля таго, як Рыскі мір пакінуў ягоныя мясьціны на ўсход ад новай мяжы, пераехаў у Вільню, дзе служыў паліцыянтам. У 1924 годзе, расчараваны новай адроджанай Польшчай, выяжджае на эміграцыю ў Аргентыну, дзе на працягу 30 гадоў працуе ў мясной крамцы ў мястэчку Бэрыса каля Ля-Пляты.

Літаратурай Чарнышэвіч займаўся вечарамі, нацягаўшыся за дзень каровіных тушаў. Раман «Надбярэзынцы» — ягоны літаратурны дэбют, кніга выйшла ў 1942 у польскім выдавецтве ў Буэнас Айрэсе і доўгі час заставалася незаўважанай. У 50-я гады яе «адкрыла» польская эміграцыя, кнігу параўноўвалі і з «Панам Тадэвушам», і з «Вайной і мірам», і зь «Ціхім Донам». Напісаная квяцістай крэсовай мовай, якую месцамі беларусам будзе лягчэй зразумець, чым «каронным» палякам, кніга гэтая заставалася фактычна невядомая ў сацыялістычнай Польшчы — з прычыны яе выразнага антысаветызму. Аўтар памёр у 1964 годзе, так і не дачакаўшыся шырокага прызнаньня. Першае польскае выданьне выйшла ў 1990 годзе — і таксама засталося амаль незаўважаным. Другое — у 2011-м, гэтым разам яго суправаджала адпаведная рэкляма і прамоцыя, таму цяпер гэтая кніга нарэшце заняла сваё належнае месца.

Вокладка арыгінальнага выданьня. Буэнас Айрэс, 1942

Вокладка арыгінальнага выданьня. Буэнас Айрэс, 1942

І тут мы сутыкаемся з сакрамэнтальным пытаньнем — што ёсьць гэтая кніга для Беларусі? Ці гэта іншамоўная беларуская літаратура — паводле месца дзеяньня, краю паходжаньня аўтара, урэшце паводле мовы? (Апісаньнем беларускай прыроды ў найменшых дробязях і адценьнях аўтар можа параўнацца з найлепшымі беларускімі пісьменьнікамі і паэтамі.) Хто для нас Флярыян Чарнышэвіч — Іншы Свой ці Свой Іншы? Пакіну гэтыя пытаньні без адказу...

Асобная тэма — беларусы ў «Надбярэзынцах». У Чарнышэвіча гэта — дзікаватая неадукаваная маса, чужая аўтару рэлігіяй, мовай і — галоўнае — яе патрыятычным выбарам за «веру, цара і ацечэства». Незалежная Беларусь у аўтаравай пэрспэктыве яшчэ схаваная ў імгле. Але мяне не пакідае думка, што будучыя беларускія незалежнікі вырасталі хутчэй зь недабітых Стахаў Балашэвічаў, чым з бальшавізаваных сялянаў з суседняй вёскі.

Мапа польскага генштабу. 1934

Мапа польскага генштабу. 1934

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG