Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве асудзілі прыхільнікаў нацыянал-сацыялізму за апаганьваньне памятнага знаку ахвярам Галакосту


 Асуджаныя ў клетцы. Ніводзін не асьмеліўся павярнуцца тварам
Асуджаныя ў клетцы. Ніводзін не асьмеліўся павярнуцца тварам

19-гадовага Леаніда Карпечанку асудзілі на два з паловай гады, а 18- гадовага Аляксея Мітрафанава — на паўтара года турмы. Яшчэ аднаму саўдзельніку злачынства, непаўналетняму Станіславу Панамарэнку далі паўтара года з адтэрміноўкай на два гады. Яго вызвалілі з-пад варты.

Ленінскі суд Магілёва прызнаў Карпечанку, Мітрафанава і Панамарэнку вінаватымі ў злосным хуліганстве. Карпечанка, акрамя таго, асуджаны за ўцягваньне непаўналетніх у злачынную дзейнасьць.

Асуджаныя прызналіся, што выракліся прыхільнасьці да ідэяў нацыянал-сацыялізму. Заявілі, што гэтых поглядаў трымаліся памылкова. Некаторыя з родзічаў настойваюць, што хлопцаў падбілі на злачынства, абяцаючы заплаціць.

Паводле выраку судзьдзі Ігара Шведава, асуджаныя наўмысна парушалі грамадзкі парадак, што выявілася ў відавочнай непавазе да грамадзтва і пашкоджаньні чужой маёмасьці з выключным цынізмам.

Асуджаныя павінны кампэнсаваць страты, нанесеныя габрэйскай грамадзе гораду, у памеры 500 рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на рэстаўрацыю памятнага знаку.

Магілёўскія габрэі хадайнічалі, каб хлопцаў пакаралі, але не накіроўвалі ў месцы пазбаўленьня волі.

Як вынікала з матэрыялаў справы, арганізатарам злачыннай групоўкі быў Леанід Карпечанка. Ён разьмеркаваў ролі ў справе апаганьваньня памятнага знаку. Падчас вобшуку ў яго знайшлі шэсьць плякатаў «За Белую Россию». Сваю прыхільнасьць да ідэяў нацыянал-сацыялізму хлопец не адмаўляў, але прызнаў, што яны былі памылковыя, і гэта ён зразумеў, седзячы ў сьледчым ізалятары. У апошнім сваім слове ён выбачыўся і заявіў, што ўсьвядоміў свае памылкі.

«Я зразумеў, што ня тым займаўся ў жыцьці. Я ня ведаў, што падчас вайны, — казаў ён, — былі забітыя шэсьць мільёнаў габрэяў. Гатовы дапамагаць фізычна ды матэрыяльна. Гатовы за свае дзеяньні панесьці пакараньне».

Спрэчка пасьля выраку каля суду
Спрэчка пасьля выраку каля суду

Аляксею Мітрафанаву на момант зьдзяйсьненьня злачынства не было васямнаццаці гадоў. Яго двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за прапаганду нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі. З матэрыялаў справы вынікае, што зь ім праводзілася прафіляктычная праца. Сам жа абвінавачаны сказаў, што такіх гутарак зь ім не было.

У апошнім слове Мітрафанаў выбачыўся і пакаяўся

«Зьняволеньне дало магчымасьць мне ўсьвядоміць мае ўчынкі, якія былі няправільныя, — сказаў ён суду. — Я выбачаюся перад усімі».

Станіслаў Панамарэнка ў групоўцы быў наймалодшы — таму і пакараны найлягчэй. Акрамя таго, ягоная маці паклала на дэпазыт суду 500 рублёў на кампэнсацыю шкоды, нанесенай сынам памятнаму знаку. Маці выбачылася перад прадстаўнікамі габрэйскай грамады.

«Выбачайце нам і сыну, — казала яна. — Я ня ведаю, што на яго паўплывала, што ён тое ўчыніў. Прашу даць мінімальнае пакараньне».

За ўчыненае выбачыўся і сам Панамарэнка. Ён паабяцаў больш не зьдзяйсьняць правапарушэньняў.

«Прашу высокі суд строга мяне не караць», — сказаў хлопец.

Па агучваньні выраку Панамарэнка з галоўнага ўваходу ў будынак суду ня выйшаў.

Абвестка на ўваходзе ў судовую залю
Абвестка на ўваходзе ў судовую залю

Падчас судовага разбору абвінавачаных трымалі ў клетцы. Карпечанка і Мітрафанаў не выключаюць, што абскардзяць вырак судзьдзі Шведава.

Родныя Карпечанкі і Мітрафанава засталіся незадаволеныя прысудам. Яны настойвалі, што турма ня выправіць хлопцаў. У фае суду ўзьнікла спрэчка паміж прадстаўнікамі габрэйскай грамады і роднымі асуджаных, ледзьве не пачалася бойка. Мусіў умяшацца ахоўнік-міліцыянт.

«Мы ня згодныя з прысудам. Яны прызналі сваю віну цалкам, таму ня мелі права даваць ім столькі, колькі далі. Яны пераасэнсавалі за час, праведзены ў турме, свае памылкі. Леанід чытаў Біблію, пакуль сядзеў у сьледчым ізалятары. Кім ён выйдзе з турмы? Добрым адтуль ён ня выйдзе», — абуралася адна з жанчын, якая прыйшла падтрымаць маці Леаніда Карпечанкі.

«Вы ведаеце, што ў іх быў верхавод, які хлопцам заплаціў, — сказала маці Карпечанкі Ірына Міхайлаўна. — Я гэта не магу даказаць. Сьледчы камітэт у справе не разабраўся да канца. Імі кіраваў дарослы хлопец, якому было трыццаць год. Ён ім заплаціў, але яго не знайшлі, і віну ўсклалі на гэтых хлопцаў. Справа стала рэзананснай, таму такія прысуды. Мы нічога ня маем супраць габрэяў».

Паводле родных асуджаных, жорсткі прысуд вынесьлі таму, што справа пад кантролем высокага начальства.

«Пакараньне павінна было быць. Але няхай бы была „хімія“, грамадзкія працы. А турма — кім яны выйдуць адтуль?» — казалі родныя, выйшаўшы з суду.

Некаторыя прадстаўнікі габрэйскай грамады ня ўпэўненыя, што судовы працэс па факце апаганьваньня памятнага знаку выявіў сапраўдныя карані ўчынку маладых людзей. Суд разгледзеў тыя матэрыялы, якія сабраў Сьледчы камітэт, сказаў адзін з прысутных на працэсе габрэяў.

«За сьпінамі асуджаных праглядаюцца дарослыя людзі, злачынная арганізацыя і замежнае фінансаваньне. Сьледчыя органы недапрацавалі. Тыя плякаты, якія ў іх знайшлі, не прадаюцца ў кіёску „Саюздруку“. Значыцца, іх нехта прывёз хлопцам. Гэтыя хлопцы ведаюць, чым адрозьніваецца нацыянал-сацыялізм ад фашызму. Трэба пастарацца вылечыць гэтых людзей, калі магчыма. Досьвед падказвае, што гэта мала каму ўдаецца», — падсумаваў суразмоўца, які назваўся Анатолем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG