Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акцыя не зьбярэ вялікай колькасьці ўдзельнікаў». Чаму БНФ, рух «За свабоду» і «Гавары праўду» не ідуць на «марш дармаедаў»


Ілюстрацыйнае фота. Агранізатар акцыі Мікалай Статкевіч (у цэнтры)
Ілюстрацыйнае фота. Агранізатар акцыі Мікалай Статкевіч (у цэнтры)

17 лютага ў цэнтры Менску пройдзе акцыя пад назвай «Марш абураных беларусаў». Яе ладзіць экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч сумесна з Радай Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшынём незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам.

На 15 сакавіка заплянаваная яшчэ адна вулічная акцыя супраць падатку «на дармаедзтва», але ладзяць яе ўжо АГП, БХД, «Справядлівы сьвет», БСДП (Грамада) і «Зялёныя».

Свабода высьветліла, чаму Партыя БНФ, рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» не далучылася ні да якага з арганізацыйных цэнтраў.

Янукевіч: «Будзе чарговы лятучы пікет»

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што акцыя, якую арганізатары называюць «маршам», хутчэй за ўсё, стане чарговым «лятучым пікетам», гэта значыць, яна не зьбярэ вялікай колькасьці ўдзельнікаў і ня стане значнай падзеяй у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. Разам з тым Янукевіч адзначыў, што не агітуе байкатаваць Марш абураных беларусаў:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«У адрозьненьне ад спадара Аўтуховіча, Партыя БНФ не заклікае не прыходзіць на сёньняшнюю акцыю. Мы не выступаем супраць гэтага мерапрыемства. Хоць асабіста я лічу, што зварот спадара Аўтуховіча меў і пазытыўны вынік — хаця б за дзень да мерапрыемства арганізатары публічна агучылі свае пляны. Я думаю, што для арганізатараў гэта крок наперад у падрыхтоўцы.

Сёньня адбудзецца толькі чарговая палітычная акцыя, таму зусім не абавязкова, што кожная арганізацыя мусіць прыходзіць і заклікаць далучацца сваіх прыхільнікаў. Хоць я мушу адзначыць, што тыя „лятучыя пікеты“, якія Мікола Статкевіч робіць ужо больш за год, нейкую пазытыўную ролю адыгрываюць, якую я, аднак, не перабольшваў бы. Сёньня, 17 лютага, мы паглядзім на чарговы „лятучы пікет“, пасьля чаго пытаньні пра няўдзел тых ці іншых арганізацыяў зьнікнуць самі сабой. Няма ніякіх падстаў думаць, што Марш абураных беларусаў стане значнай падзеяй у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі».

Янукевіч дадаў, што самай значнай акцыяй пачатку вясны лічыць Дзень Волі, таму мэтагзгодна сканцэнтраваць грамадзкую ўвагу і арганізацыйныя высілкі менавіта на ёй.

Дзьмітрыеў: «Ня вычарпаныя законныя мэханізмы»

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў патлумачыў няўдзел у Маршы абураных беларусаў тым, што, на яго думку, пакуль ня вычарпаныя законныя шляхі адмены дэкрэту № 3. Да таго ж, лічыць палітык, немэтазгодна ставіць удзельнікаў акцыі пад пагрозу штрафаў, якія часам перавышаюць тую суму, якую неабходна заплаціць у якасьці падатку «на дармаедзтва»:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Мы не бяром удзелу ў вулічных акцыях супраць дэкрэту «пра дармаедаў», бо лічым, што мірныя і законныя шляхі вырашэньня гэтага пытаньня яшчэ ня вычарпаныя. Шляхі, якія прапаноўвае «Гавары праўду», — гэта пісаць звароты ў мясцовыя адміністрацыі з просьбай вызваліць ад падатку празь цяжкі фінансавы стан, а ў выпадку адмовы накіроўваць гэтыя звароты вышэй. Калі і на самым версе будзе адмова, тады зьвяртацца ў суд. Таксама можна пісаць асабістыя лісты прэзыдэнту. Я лічу, што такі шлях значна больш эфэктыўны і можа зрабіць так, каб улады нас пачулі. А масавыя акцыі накшталт той, якая арганізоўваецца сёньня, несанкцыянаваныя, а значыць, яны паставяць удзельнікаў пад рызыку быць аштрафаванымі. У людзей і так грошай няма, яны ня ведаюць, як заплаціць гэтыя 200 даляраў. А тут арганізатары хочуць, каб яны заплацілі яшчэ 500 за ўдзел у такой акцыі.

Яшчэ больш значным для нас ёсьць тое, што гэтыя акцыі ня будуць масавымі. І так будзе не таму, што людзі падтрымліваюць дэкрэт, а таму, што яны баяцца ісьці на вуліцу. Што атрымаецца? На Марш абураных беларусаў выйдзе прыкладна 200 чалавек — і ўлады будуць мець яскравае сьведчаньне, што праблемы з падаткам няма. Што такое 200 чалавек у параўнаньні з той колькасьцю, якая атрымала «лісты шчасьця»? Таму такія нешматлікія акцыі могуць быць толькі на карысьць уладзе, а не на карысьць дэмакратычным сілам, якія зараз змаглі аднавіць пэўны давер да сябе на глебе дэкрэту «пра дармаедаў».

Дзьмітрыеў таксама адзначыў, што «Гавары праўду» не задаволіў сцэнар, які прапанаваў Мікола Статкевіч:

«Выбачайце, але тое, што за дзень да акцыі агучыў Мікола Статкевіч, можна прыдумаць і напісаць за тры хвіліны. Прыйшлі, пастаялі, пакрычалі, пайшлі. Пакуль няма нармальных сцэнароў, каб гэта сапраўды было цікава, можа нават з гумарам, каб гэта пасылала мэсыдж уладам».

Губарэвіч: «Мы дапамагаем дармаедам юрыдычна»

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што замест арганізацыі вулічнай акцыі, якая, на яго думку, наўрад ці стане пасьпяховай, сябры арганізацыі сканцэнтраваліся на аказаньні юрыдычнай дапамогі тым, хто трапіў пад дэкрэт:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Няма рашэньня арганізацыі пра ўдзел у маршах супраць гэтага дэкрэту. Аднак сябры руху „За свабоду“ будуць браць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, зьвязаных з гэтай тэмай, у Менску і рэгіёнах. Мы аказваем пацярпелым ад дэкрэту юрыдычную дапамогу, а таксама зьбіраем подпісы за адмену дэкрэту. Мы ўжо працуем у пляне юрыдычнай дапамогі: дапамагаем скласьці звароты ў падатковую, рыхтуем справы ў суд. У некаторых выпадках гэта сапраўды дапамагае і чалавек вызваляецца ад падатку».

Губарэвіч, аднак, адзначыў, што рух «За свабоду» будзе назіраць за разьвіцьцём падзеяў з вулічнымі акцыямі супраць дэкрэту і не выключае свайго далучэньня, калі на акцыю выйдуць шырокія колы беларусаў, а ня толькі пастаянныя ўдзельнікі вулічных пратэстаў:

«Калі мерапрыемства насамрэч прыцягне мэтавую групу і на яго выйдуць ня проста актывісты дэмакратычных арганізацыяў, а людзі, якія ніколі раней ня ўдзельнічалі ў пратэстах, тады гэта варта падтрымаць. Аднак ёсьць вялікая асьцярога, што акцыя абмяжуецца колам заўсёдным палітычных актывістаў».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч заклікае 17 лютага на вулічную акцыю пад назвай «Марш абураных беларусаў», якую палітык ладзіць сумесна з Радай Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшынём незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам. Паводле пляну арганізатараў, акцыя пачнецца на Кастрычніцкай плошчы, дзе адбудзецца народны сход. Затым мяркуецца, што марш пройдзе па праспэкце Незалежнасьці да будынка Міністэрства падаткаў і збораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG