Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А ці ёсьць у вас вясёлага пра выбары?», — у Віцебску прайшла прэзэнтацыя кнігі Бартосіка


Сьпявае Зьміцер Бартосік
Сьпявае Зьміцер Бартосік

У «Эўрапейскім клюбе» ў Віцебску віталі аўтара Свабоды, які прыехаў са сваёй кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы...» (pdf).

Гэтая кніга выйшла летась у бібліятэчнай сэрыі Свабоды і складзеная з нарысаў, якія прагучалі адной з самых любімых радыёслухачамі перадач — «Падарожжы Свабоды».

Гледачы
Гледачы

Тут пад адной вокладкай сабраныя гісторыі людзей, якія мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Героі — самыя простыя людзі, і гавораць яны так, як у жыцьці, і пра жыцьцё распавядаюць так, як яго бачаць, з розных бакоў.

«А пра выбары вясёлага ў кнізе ёсьць?» — запытаўся нехта з наведнікаў прэзэнтацыі. І праз колькі хвілін некалькі дзясяткаў чалавек гучна рагаталі, слухаючы пра «выбары Лукашэнкі Рэспублікі Беларусь», як азначыла падзею дзяржаўнага маштабу адна з гераінь Зьмітра Бартосіка.

Калі гісторыя з кнігі сьмешная
Калі гісторыя з кнігі сьмешная

«А пра войска ёсьць у кнізе? А пра школу? А пра тое, як устанаўлівалі Савецкую ўладу ў 1939 годзе?» — пытаньні гучалі адно за адным. На большасьць зь іх аўтар адказваў станоўча. І артыстычна, амаль што «ў асобах», чытаў дыялёгі, запісаныя ў розных рэгіёнах нашай краіны, імкнучыся перадаць асаблівасьці маўленьня сваіх пэрсанажаў.

Па пакоі час ад часу прабягалі хвалі сьмеху. Напрыклад, пасьля цытат 90-гадовай спадарыні: «Нас Лукашэнка адзеў — босых, голых... Мы да Лукашэнкі ў лапцях хадзілі...» Ці пасьля аповеду пра местачковага бізнэсоўца з Глыбоччыны, які адчыніў кавярню «Гара», а шыльду замовіў па-расейску. І ўся акруга сьмяялася, што гэта «гОра» для жонак аматараў выпіўкі... Або гісторыя пра таго самага «гаварушчага верабейку»: хіба ўтрымаесься ад усьмешкі, пачуўшы, як вяскоўцы з Гомельшчыны пакаралі панскага папугая, якога лічылі «даносчыкам»?

Шмат гісторыяў, запісаных аўтарам, сапраўды трагічныя
Шмат гісторыяў, запісаных аўтарам, сапраўды трагічныя

Але ў кнізе шмат і трагічных гісторыяў. Зьміцер Бартосік расказаў, што часам даводзілася запісваць гісторыі-споведзі, агучаныя ўпершыню ў канцы жыцьця, калі людзі ўсё ж наважваліся выгаварыць свае даўнія крыўды ці распавесьці пра тое, што раней і прыгадаць было страшна.

Зьміцер Бартосік чытае ўрывак з кнігі
Зьміцер Бартосік чытае ўрывак з кнігі

Гісторыі, занатаваныя Зьмітром Бартосікам, прысутныя былі гатовы слухаць бясконца. Калі б ня позьні час, то аўтару, верагодна, давялося б прачытаць уголас усю кнігу. Аднак гэтае задавальненьне было вырашана пакінуць сабе: кожны наведнік прэзэнтацыі атрымаў зборнік нарысаў і панёс яго дадому.

Аўтографы для чытачоў
Аўтографы для чытачоў

Не абышлося і бязь сьпеваў пад гітару, бо Зьмітра Бартосіка многія ведаюць і і як барда. Зрэшты, так заканчваецца амаль кожная прэзэнтацыя, якіх аўтар кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы...» правёў па ўсёй Беларусі ўжо больш за дзясятак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG