Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля помніка Жызьнеўскаму гучалі «Магутны Божа» і песьня пра паўстанцаў Каліноўскага


Ніна Жызьнеўская
Ніна Жызьнеўская

На могілках ў вёсцы Сьцяг Працы Гомельскага раёну 22 студзеня грамадзкія актывісты з Гомеля і Менску адзначылі трэцюю гадавіну з дня трагічнай гібелі беларускага героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага

Жалобная імпрэза пачалася з малітвы сьвятара Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айца Леаніда Акаловіча і ягонага калегі за спакой душы забітага ў Кіеве на Майдане Міхася Жызьнеўскага.

«Міхась Жызьнеўскі, – сказала сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая зь Менску, – стаў героем Украіны, суседняга братняга народу. У Беларусі няма прастору для герояў. Мы жывём у сваёй краіне, як у гета. Але наяўнасьць такіх герояў, як Жызьнеўскі, наяўнасьць такога патэнцыялу сьведчыць: калі настане час, такія людзі пра сябе заявяць».

Гомельскі грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора перакананы, што грамадзяне прыходзяць і прыяжджаюць на знак павагі і салідарнасьці:

«Мы зьбіраемся тут таму, што салідарныя з той барацьбой народу Ўкраіны, якая пачалася зь мірнага супраціву зарваўшайся ўладзе на Майдане і вылілася, на жаль, у кровапраліцьце. Мы салідарныя з барацьбой украінскага народу, якую ён вядзе ў Данбасе, салідарныя з барацьбой за эўрапейскі шлях разьвіцьця. У нас гэта яшчэ наперадзе. Упэўнены, што падчас гэтай сваёй барацьбы за наш шлях у Эўропу мы яшчэ ня раз прыйдзем сюды, каб натхніцца падзьвігам Міхася Жызьнеўскага. Мы прынесьлі гэты кошык з кветкамі на знак памяці нашага земляка. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!

Мастак Генадзь Драздоў прывёў параўнаньне: Украіна цяпер, як некалі ваяры ВКЛ, «адстойвае на ўсходзе рубяжы эўрапейскай цывілізацыі». У гэтай барацьбе і быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня 2014 году беларускі герой украінскай Нябеснай Сотні Міхась Жызьнеўскі.

Таіса Кабанчук з Бабруйску падзякавала бацькам Жызьнеўскага, Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу, за выхаваньне такога годнага сына, якім ганарыцца і Ўкраіна, і ўся дэмакратычная Беларусь.

Бард і паэт Зьміцер Захарэвіч каля помніка Жызьнеўскаму заявіў, што Беларусь цяпер знаходзіцца ў рэжыме ўнутранай акупацыі:

Зьміцер Захарэвіч
Зьміцер Захарэвіч

«З гэтай прычыны зь цяжкасьцямі праходзіла пахаваньне на радзіме і Міхася Жызьнеўскага, і Алеся Чаркашына зь Берасьця, які таксама загінуў ва Ўкраіне. Мяне прасілі ва Ўкраіны пабрацімы Міхася з УНА-УНСО, «Правага сэктару» і Арганізацыі ўкраінскі нацыяналістаў падзякаваць бацькам за сына і выбачаліся, што ня могуць пакуль прыехаць пакланіцца магіле Міхася, аддаць даніну павагі і пашаны. Разумеюць, што на мяжы яны будуць у лепшым выпадку адпраўлены назад, а то й арыштаваныя».

Стваральнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык пачаў свой выступ з яшчэ аднаго закліку, які нарадзіўся ва УНА-УНСО: «Слава нацыі!». І адказу на яго: «Сьмерць ворагам!»

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

«Разам з Жызьнеўскім, – лічыць Сіўчык, – трэба ўзгадаць імя лідэра гэтай арганізацыі – Міколы Карпюка. Пасьля гібелі Міхася Карпюк першы падзякаваў бацькам і беларускай нацыі, якая нарадзілі такога вялікага ваяра».

Узяў слова і бацька Жызьнеўскага, Міхаіл Пятровіч. Паводле яго, апошнія гады – найцяжэйшыя для сям’і. Ня стала сына – падаўжальніка роду. Адзінае, што крыху суцяшае бацькоў – сын вырас годным чалавекам.

«Наш Міхась стаў апірышчам для моладзі і патрыётаў Беларусі. Іх, сапраўдных патрыётаў, ня шмат, а тыя, што ёсьць, прыгнечваюцца ўладамі. Іх нярэдка зьбіваюць міліцыянты-садысты. Мы павінны яднацца ў барацьбе за сваю годнасьць і свабоду», – лічыць Жызьнеўскі-старэйшы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG