Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікаў АЭС будуць правяраць органы бясьпекі


Органы дзяржаўнае бясьпекі Беларусі будуць правяраць супрацоўнікаў і кандыдатаў на пасады на Беларускай атамнай электрастанцыі.

Пра гэта гаворыцца ў прэзыдэнцкім указе, апублікаваным на нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Органы дзяржаўнае бясьпекі Рэспублікі Беларусі будуць правяраць супрацоўнікаў і кандыдатаў «на прадмет выяўленьня зьвестак пра магчымасьць спрычыненьня названымі асобамі шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі».

Паводле ўказу, «праверачныя мерапрыемствы» будуць тычыцца замежных работнікаў, а таксама замежных грамадзянаў, якія прэтэндуюць на пасады, «зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў». Правяраць будуць таксама работнікаў арганізацыяў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве Беларускай АЭС.

Праверкі будуць праводзіцца зь пісьмовай згоды замежнага работніка, кандыдата на пасаду або работніка падраднай арганізацыі.

Той, хто адмовіцца ад праверкі, ня зможа ўладкавацца на працу або будзе вызвалены з займанай пасады. Калі па выніках праверкі будуць выяўленыя зьвесткі «пра магчымасьць спрычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі», то такія асобы таксама ня змогуць займаць пасады на АЭС.

Нязгода работніка падраднай арганізацыі альбо выяўленьне зьвестак пра магчымасьць нанясеньня шкоды нацыянальнай бясьпецы таксама цягнуць за сабой адмову дапусьціць гэтага работніка на будаўнічую пляцоўку АЭС.

Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, указ стварае ўмовы для замацаваньня на Беларускай АЭС высокакваліфікаваных кадраў. Замежным спэцыялістам, якія працуюць на РУП «Беларуская АЭС» і падпадаюць пад азначэньне «дзяржаўныя службовыя асобы», або тым, хто прэтэндуе на займаньне тут адпаведных пасадаў, дазваляецца мець рахункі ў замежных банках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG