Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Барацьба з дармаедзтвам абернецца новай хваляй эміграцыі зь Беларусі»


Ці апраўдаліся разьлікі ўлады на дэкрэт пра дармаедзтва.

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.


Каліноўскі: Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі, каб ён адмяніў свой дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». «Дэкрэт пра дармаедаў «павінен быць безумоўна адменены ў самы бліжэйшы час. Без усялякіх агаворак, дапрацовак і г.д. Адменены і кропка!», — заявіла яна і нагадала, што ўлады зыходзілі з таго, што ў Беларусі каля 400 тысяч дармаедаў і што паступленьні ў бюджэт складуць каля 100 мільёнаў даляраў. Па факце ж выяўлена 15 тысяч дармаедаў, якія маюць сплаціць 5 мільёнаў даляраў. Такі кошт гэтага надзвычай непапулярнага дэкрэту.

Чаму гэтыя людзі, якіх улады прылічылі да дармаедаў, не ўладкоўваюцца на афіцыйную працу на радзіме?

Майму сыну, які вучыцца ў Польшчы, таксама прыслалі так званы ліст шчасьця з падатковай інспэкцыі, ён туды прыйшоў са студэнцкім білетам і пабачыў там цэлую чаргу зьнядоленых людзей, якія фактычна скардзіліся, што страцілі працу, ня могуць знайсьці новай, а іх яшчэ і караюць падаткам. Фактычна бяруць падаткі з самых абяздоленых — ня думаю, што сярод гэтых людзей шмат багатых. 150 даляраў, якія ад дармаедаў патрабуюць заплаціць на дзяржаўныя расходы — гэта істотная для беспрацоўных істотная сума. Пры чым адсправаздачыцца, чаму налічаная менавіта такая сума, дзяржава не пасьпяшае, як і нешта рабіць для таго, каб сярод грамадзян не было такой колькасьці «дармаедаў».

Да «ўтрыманцаў» залічаныя і тыя, хто ня мае працы і займаецца хатняй гаспадаркай, і тыя, хто часова выехаў на заробкі ў Расею, і студэнты, якія навучаюцца за мяжой. «Лісты шчасьця» атрымліваюць нават бацькі людзей, якія даўно не жывуць у краіне і адмовіліся ад грамадзянства. Значыцца, прыпякло, грошы пільна патрэбныя. А калі падумаць, чаму гэтыя людзі, якіх улады прылічылі да дармаедаў, не ўладкоўваюцца на афіцыйную працу на радзіме?

Спытайцеся ў любога такога «чалавека», і высьветліцца — працы на радзіме няма, пры чым даволі даўно. Альбо пачуеце, што, працуючы ў Беларусі, немагчыма пабудаваць жытло, заплаціць за навучаньне дзяцей. Кожны з так званых «дармаедаў» з задавальненьнем афіцыйна працаваў бы, каб была такая магчымасьць. Але дзяржава, падсеўшы на «іглу» дарагіх вуглевадародаў і хлоркалія, не займалася стварэньнем новых працоўных месцаў, спрыяльнай бізнэсу атмасфэры, прыцягненьнем інвэстараў. Асабліва гэта адчувалася ў вёсках і малых гарадах. Будавалі такі трохі мадэрнізаваны «савок», а тое, што недзе каля мільёну чалавек у гэтай сыстэме месца не знайшлося, дзяржаву не цікавіла. Маўляў, выкручвайцеся самі як хочаце. Людзі і выкручваліся. І вось табе і маем.

За недальнабачную эканамічную палітыку, якая прывяла да праблем з бюджэтам, адказваць будуць тыя, хто найперш і пацярпеў ад такой палітыкі — людзі, якіх выштурхнула пабудаваная Лукашэнкам эканамічная сыстэма. Не выпадкова менавіта дэпутат Ганна Канапацкая заклікае Лукашэнку неадкладна адмяніць ганебны ўказ. Партыя АГП даўно прапануе ўладам сваю праграму «Мільён новых працоўных месцаў». Мільён — нездарма. Менавіта столькі грамадзян Беларусі, як падлічылі эканамісты АГП, ня маюць магчымасьці працаваць на радзіме альбо легалізаваць свой ценявы даход з-за яго мізэрнасьці. Чым далей, тым болей будзе абвастрацца праблема так званых дармаедаў.

За недальнабачную эканамічную палітыку, якая прывяла да праблем з бюджэтам, адказваць будуць тыя, хто найперш і пацярпеў ад такой палітыкі

Ужо і Лукашэнка прызнаў, што патрэбныя карэкціроўкі ягонага дэкрэту. У краіне ідзе працэс банкруцтва прадпрыемстваў, але яго пакуль не заўважаюць, таму што гэтыя прадпрыемствы невялікія і невядомыя. Адтуль скарачаюць людзей, якім вельмі цяжка знайсьці ў сёньняшніх умовах новую працу. Цэнтры занятасьці дапамагчы ў пошуках працы ня ў стане, таму людзі будуць шукаць неафіцыйных крыніцаў заробку, няхай часовых і за мяжой. То бок, будуць павялічваць шэрагі дармаедаў. А ўлады праз каналы прапаганды будуць пераконваць насельніцтва, што ў нас узровень беспрацоўя 0,1%, а той, хто не працуе, той не беспрацоўны, а звычайны дармаед. І з гэтым неадкладна трэба нешта рабіць, пагаджуся з Канапацкай — недакладна скасоўваць дыскрымінацыйны і ганебны для Беларусі дэкрэт аб дармаедах.

Глод: Я хачу нагадаць, што яшчэ да Ганны Канапацкай гэтую праблему ўздымала грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Яна задалася пытаньнем: а ці не перавысяць выдаткі на збор неабходнай інфармацыі і непасрэдны збор падаткаў рэальныя паступленьні ў бюджэт?

Але ў адказе лідэру кампаніі Андрэю Дзьмітрыеву намесьнік міністра па падатках і зборах Уладзімер Муквіч «засакрэціў» гэтыя лічбы. Прычым ён абгрунтаваў свой адказ тым, што дадзеныя лічбы не падлягаюць разгалашэньню ў рамках Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

У Беларусі, кіраўнік якой асабліва падкрэсьлівае сацыяльны статус краіны, насамрэч сацыяльнай абароненасьці нашмат менш

Але зь лічбаў, якія назвалі мае калегі, бачна, што кампанія барацьбы з дармаедамі не прынясе істотнага папаўненьня дзяржаўнай скарбонкі. Болей за тое, хутчэй можна казаць пра фіяска ўладаў. Таму «Гавары праўду», як і Ганна Канапацкая, заклікае адмяніць абразьлівы з гледзішча маральнасьці і эканамічна неэфэктыўны падатак на гультаёў. Альтэрнатывай яму выглядае распрацоўка заканадаўчай базы па ўвядзеньні адзінага збору для фрылянсэраў, забесьпячэньне сацыяльнай абароны, для тых, хто страціў працу, стварэньне ўмоваў для разьвіцьця прафэсійнай пераарыентацыі, разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Замест гэтага чыноўнікі кінуліся зьбіраць як мага больш сродкаў у бюджэт.

Валер Каліноўскі прыводзіў тут цікавыя прыклады так званага дармаедзтва. Ён згадваў Польшчу. Ня толькі там, але і ва ўсіх краінах Эўразьвязу, дзяржава дапамагае чалавеку, які страціў працу. У гэтым сутнасьць дзяржавы — дапамагчы чалавеку, які часова трапіў у бяду. У некаторых краінах, найперш скандынаўскіх, вядуцца дыскусіі: маўляў, ці не занадта шмат там сацыялізму? На гэтым тле выглядае, што ў Беларусі, кіраўнік якой асабліва падкрэсьлівае сацыяльны статус краіны, насамрэч сацыяльнай абароненасьці нашмат менш.

І гэта трывожна. Бо некаторыя экспэрты ўпэўненыя — барацьба з дармаедзтвам абыдзецца даражэй сумнеўнай выгады і абернецца новай хваляй эміграцыі зь Беларусі. Асабліва моладзі.

Гурневіч: Падатковая даслала да гэтага часу 250 000 лістоў так званым дармаедам, а 14 000 зь іх ужо гэты падатак заплацілі. Калі ацэньваць эфэктыўнасьць па згаданай суме, то гэта фіяска. Але яшчэ пытаньне, ці толькі разьлік з аплатаў гэтага падатку для дзяржавы асноўны. Мы ня раз пра гэта дыскутавалі ў нашай перадачы. І ўжо раней я выказваў думку, што любыя грошы ў дзяржаўным бюджэце — плюс. Таму калі гэта будзе хоць нейкая лічба ў якой адзін-два нулі, то гэта ўжо для Беларусі важна рабіць. Можна нейкую дзірку залатаць.

Адмяніць яго цяпер — гэта прызнаць уласную слабасьць, што для Лукашэнкі вельмі не характэрна

Але, на маю думку, галоўная задача ўсё ж іншая — прымусіць беларусаў з шэрага рынку працы. Гэта рэальна сурʼёзная праблема. Ня толькі ў нас, а і шмат дзе ў сьвеце. Але нямногія краіны змагаюцца з гэтай зьявай такім чынам. Рабіць гэта сапраўды трэба, але ці той гэта інструмэнт? Як у тым анэкдоце выйшла: хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды.

Беларусы ўжо і з гэтым падаткам навучыліся выжываць. Абысьці нейкі закон — гэта, як кажуць, раз плюнуць. У інтэрнэце зьявіліся цэлыя інструкцыі, як не плаціць гэты падатак на дармаедзтва.

Падаецца, што і сама ўлада зразумела, што пасьпяшалася з падаткам у такой форме. Але ёсьць праблема. Адмяніць яго цяпер — гэта прызнаць уласную слабасьць, што для Лукашэнкі вельмі не характэрна. Цяпер, на маю думку, урад будзе думаць над тым, як трансфармаваць гэты закон, ачалавечыць. Бо пакуль яго асноўная дасягненьне — гэта рогат зь дзяржавы. Ня толькі ўнутры краіны, але і за мяжой.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG