Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнае з разьвітальнай прамовы Абамы ВІДЭА


Барак Абама выступіў з разьвітальнай прэзыдэнцкай прамовай у Чыкага — горадзе, дзе ён пачынаў сваю яркую палітычную карʼеру.

«Суграмадзяне, амэрыканцы. Мішэль і я былі так кранутыя ўсімі добрымі пажаданьнямі ў наш адрас у апошнія некалькі тыдняў. Але сёньня ўвечары мая чарга выказаць падзяку. Незалежна ад таго, згаджаліся мы цалкам ці не згаджаліся зусім, мае гутаркі з вамі, з амэрыканскім народам — у гасьцёўнях і школах, на фэрмах і на фабрыках, у закусачных і на аддаленых вартавых пасадах — гэта тое, што прымушала мяне быць сумленным, давала мне натхненьне і энэргію працягваць. Кожны дзень я вучыўся ў вас. Вы зрабілі мяне лепш як прэзыдэнта і лепш як чалавека» — так пачаў сваю разьвітальную прамову ў якасьці прэзыдэнта ЗША Барак Абама.

Прэзыдэнт Барак Абама адмыслова прыехаў у Чыкага, дзе ён пачынаў сваю неверагодную палітычную карʼеру, каб заклікаць амэрыканцаў не губляць веру ў будучыню незалежна ад таго, як яны ставяцца да наступнага прэзыдэнта.

Тысячы людзей сабраліся ў кангрэс-цэнтры McCormick Place, каб пачуць заключную прамову Абамы ў якасьці прэзыдэнта.

Пра галоўнае паняцьце дэмакратыі

«Упершыню, — узгадаў прэзыдэнт, — я зьявіўся ў Чыкага ў 20 зь невялікім, калі я яшчэ спрабаваў зразумець, хто я такі, усё яшчэ шукаў мэту ў жыцьці. Непадалёк адсюль знаходзіцца раён, дзе я пачаў працаваць з царкоўнымі групамі — у цені зачыненых сталеліцейных заводаў. На гэтых вуліцах я быў сьведкам сілы веры, і спакойнай годнасьці працоўнага люду перад тварам праблемаў і страт. Там я даведаўся, што перамены адбываюцца толькі калі звычайныя людзі аказваюцца ўцягнутыя і задзейнічаныя, і разам пачынаюць іх патрабаваць».

«Пасьля васьмі гадоў у якасьці вашага прэзыдэнта, я ўсё яшчэ ў гэта веру. І гэта ня проста мая вера — гэта сэрца нашай амэрыканскай ідэі — нашага адважнага экспэрымэнту з самакіраваньнем, — працягнуў Абама. — Гэта перакананасьць у тым, што ўсе мы былі створаныя роўнымі і надзеленыя нашым Творцам неадʼемнымі правамі, сярод якіх права на жыцьцё, свабоду і імкненьне да шчасьця».

Абама зьвярнуў увагу, што дэмакратычныя каштоўнасьці ў сьвеце цяпер спрабуюць аспрэчваць рэлігійныя фанатыкі-ісламісты і сьвецкія дыктатары, «самадзержцы», якія ўспрымаюць «свабодныя рынкі, адкрытыя дэмакратычныя дзяржавы і грамадзянскую супольнасьць саму па сабе, як пагрозу сваёй уладзе». Для іх, адзначыў Абама, характэрныя пагарда да вяршэнства права, нецярпімасьць да іншадумства і свабоднай думкі, перакананьне, што пісталет або бомба, або прапагандысцкая машына зьяўляюцца канчатковым арбітрам у тым, што правільна, а што не.

Прэзыдэнт адзначыў, што ўсе мы разам ганарымся галоўным паняцьцем дэмакратыі — «паняцьцем грамадзяніна».

«Так, наш прагрэс быў няроўным. Дэмакратычны працэс заўсёды быў складаным, спрэчным, а часам і крывавым, — прызнаў Абама. — На кожныя два крокі наперад, часьцяком здаецца, што мы робім крок назад. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве Амэрыку вызначае рух наперад...»

Пра галоўныя дасягненьні 8 гадоў прэзыдэнцтва

У якасьці дасягненьняў свайго прэзыдэнцтва Барак Абама яшчэ раз адзначыў аднаўленьне эканомікі пасьля крызісу і рэкорднае зьніжэньне беспрацоўя за апошнія гады, рэформу мэдыцынскага страхаваньня, дзякуючы чаму 20 мільёнаў амэрыканцаў змаглі атрымаць мэдыцынскую страхоўку.

Гаворачы пра зьнешнепалітычныя посьпехі, дзейны прэзыдэнт аднес да іх дасягненьне ядзернага пагадненьня з Іранам, аднаўленьне адносінаў з Кубай і зьнішчэньне шэрагу лідэраў міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў.

Пра мірную перадачу ўлады

Абама нагадаў, што «празь 10 дзён, сьвет стане сьведкам сымбалю нашай дэмакратыі... мірнай перадачы ўлады ад аднаго свабодна абранага прэзыдэнта другому».

«Я паабяцаў абранаму прэзыдэнту Трампу, што мая адміністрацыя забясьпечыць найбольш роўную перадачу ўлады — тое ж зрабіў для мяне прэзыдэнт Буш», — сказаў цяперашні кіраўнік Белага дома.

Абама таксама выказаў упэўненасьць, што амэрыканская дэмакратыя і далей будзе працаваць.

«У рэшце рэшт, мы ўсё яшчэ зьяўляемся самай багатай, моцнай і паважанай краінай на зямлі, — сказаў прэзыдэнт. — Наша маладосьць і энэргія, наша разнастайнасьць і адкрытасьць, наша бясконцая здольнасьць ісьці на рызыку і вынаходзіць нанова азначаюць, што будучыня за намі».

Абама пакідае Белы дом, зьяўляючыся адносна папулярным прэзыдэнтам, чыю дзейнасьць падтрымліваюць 57 адсоткаў амэрыканцаў. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня Цэнтру дасьледаваньняў публічнай палітыкі Associated Press-NORC, апублікаваныя напярэдадні яго выступу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG