Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве суд прызнаў Майдан 2014 году «дзяржаўным пераваротам»


Дарагамілаўскі суд Масквы задаволіў пазоў былога дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімера Алейніка аб прызнаньні падзей лютага 2014 году ва Ўкраіне дзяржаўным пераваротам.

У вызначэньні судзьдзі гаворыцца, што дадзеная акалічнасьць знайшла пацьвярджэньне ў доказах, прадстаўленых у справе, — паведамляе «Інтэрфакс».

Алейнік настойвае на тым, што прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч быў зрынуты незаконнай пастановай парлямэнту, паколькі ўказаная ў ёй матывіроўка не была прадугледжаная Канстытуцыяй краіны. Такім чынам, адхіленьне кіраўніка дзяржавы, а таксама прызначэньне датэрміновых выбараў 25 траўня 2014 году зьяўляюцца незаконнымі, лічыць Алейнік.

Паводле вызначэньня суду, «у выніку аднабаковай падтрымкі прадстаўнікоў заходніх дзяржаваў» на кіеўскім Майдане адбыліся падзеі, якія прывялі да «масавых беспарадкаў, захопу адміністрацыйных будынкаў, забойства супрацоўнікаў праваахоўных органаў, зьменаў у заканадаўстве і незаконнага адхіленьня прэзыдэнта Віктара Януковіча ад выкананьня абавязкаў праз парушэньне Канстытуцыі Ўкраіны».

Расейскія афіцыйныя асобы неаднаразова называлі падзеі ва Ўкраіне ў лютым 2014 году «пераваротам». У той жа час, Масква прызнала вынікі датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў і перамогу на іх Пятра Парашэнкі.

Краіны Захаду таксама ня лічаць падзеі лютага 2014 года пераваротам, указваючы на тое, што Віктар Януковіч пакінуў Кіеў і самаўхіліўся ад абавязкаў прэзыдэнта.

Разгляд пазову Алейніка пачаўся 15 сьнежня. На пасяджэньнях у якасьці сьведкі выступаў Віктар Януковіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG