Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Януковіч пра Майдан: «Я не аддаваў загаду страляць і намагаўся спыніць праліцьцё крыві»


Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч дапытаны ў справе расстрэлаў падчас масавых акцыяў пратэсту ў Кіеве зімой 2013-2014 гадоў — у якасьці сьведкі ў рамках справы супраць пяцярых супрацоўнікаў спэцыяльнага падразьдзяленьня «Беркут», з табэльнай зброі якіх, паводле экспэртыз, былі выпушчаныя кулі ў актывістаў.

Нечаканы паварот

Пакуль суд вызначаў парадак правядзеньня сёньняшняга судовага працэсу, генэральны пракурор Юры Луцэнка зачытаў паведамленьне пра падазрэньне Віктара Януковіча ва ўчыненьні дзяржаўнай здрады. Але ў гэтым дакумэнце, які адразу ж быў перададзены абаронцам экс-прэзыдэнта, справа Майдану ня згадвалася — Віктару Януковічу нагадалі, як 1 сакавіка 2014 году, парушаючы Канстытуцыю Ўкраіны, ён «склаў, падпісаў ды зьвярнуўся зь пісьмоваю заяваю да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Пуціна з просьбай выкарыстаць Узброеныя сілы Расеі на тэрыторыі Ўкраіны».

Што праўда, у гэты момант відэасувязь з растоўскім судом, зь якога меў дапытвацца экс-прэзыдэнт-уцякач, была адключаная, і абвінавачаньні ён не пачуў. Але мае атрымаць дакумэнт або праз абаронцаў, або поштаю — Генэральная пракуратура адправіла яго на ўсе магчымыя адрасы ягонага пражываньня ў Расеі. Таму ён выступаў у судзе сьведкам, як і прадугледжвалася працэдураю адпаведнага хадайніцтва абаронцаў супрацоўнікаў «Беркуту». Але статус на падазраванага ды абвінавачанага можа зьмяніцца і ў межах гэтай самай справы.

Адпаведна зацьверджанаму парадку, Віктар Януковіч меў адказаць на пытаньні абаронцаў супрацоўнікаў «Беркуту», пракурораў, адвакатаў пацярпелых і загінулых на Майдане. І калі першая частка допыту ператварылася фактычна ў палітычныя заявы, якія дзіўным чынам паўтаралі звыклыя для расейскіх СМІ ацэнкі (антыканстытуцыйны пераварот і захоп улады), то ў другой Віктар Януковіч намагаўся (ці рабіў выгляд) успомніць некаторыя з тых дзён. Але вельмі часта карыстаўся паперамі, зь якіх і зачытваў некаторыя факты. Як мяркуюць пракуроры, усе адказы і пытаньні былі загадзя ўзгодненыя з адвакатамі «беркутаўцаў».

«Украінец, не судзімы»

Віктар Януковіч перад допытам паведаміў суду, што не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, ёсьць украінцам і сьведчыў на ўкраінскай мове. Хаця агульна вядома, што ў сваім жыцьці ён двойчы сядзеў у калёніі — першы раз паводле артыкулу пра рабаваньне з гвалтам у папярэдняй змове групай асоб, а другі — за наўмыснае нанясеньне пацярпеламу цялесных пашкоджаньняў сярэдняй цяжкасьці. Пасьля прыходу да ўлады гэтыя судзімасьці нібыта былі зьнятыя, але доказаў няма — справа згубілася.

Пра зброю на Майдане

Увесь час Віктар Януковіч падкрэсьліваў, што зацікаўлены, каб суд устанавіў ісьціну, а не прызначаў вінаватых у расстрэлах. Паводле яго, першымі пачалі страляць менавіта актывісты пратэсту — «з будынкаў, якія на той момант кантраляваліся апазыцыяй».

«Я ніякіх загадаў выкарыстоўваць зброю не даваў. Што тычыцца выдачы зброі супрацоўнікам праваахоўных органаў, за гэтае пытаньне адказваюць тыя, хто прымаў такое рашэньне. Але на якім узроўні гэтыя рашэньні прымаліся, я камэнтаваць не магу, бо я гэтага ня ведаю», — заявіў экс-прэзыдэнт.

Паводле яго, актывісты прыносілі на Майдан сваю зброю — зарэгістраваную паляўнічую і тую, якая захоплівалася ў памяшканьнях СБУ і МУС. Пры гэтым Віктар Януковіч сьцьвярджаў, што атрымліваў інфармацыю пра зброю выключна са сродкаў масавай інфармацыі.

«Ня ведаю і ня памятаю»

На ключавыя пытаньні абвінавачаньня і адвакатаў пацярпелых пра ягоныя тэлефонныя размовы 20 лютага (у дзень, калі адбыўся масавы расстрэл грамадзян), Віктар Януковіч часьцей адказваў «ня ведаю» ці «ня памятаю». Ён не назваў ніводнага прозьвішча тагачасных кіраўнікоў сілавых структур — Міністэрства ўнутраных спраў, Службы бясьпекі ды Генэральнай пракуратуры, дзеяньні якіх маглі прывесьці да гібелі людзей.

— Пра што вы размаўлялі а 8.24 раніцы 20 лютага па тэлефоне з Захарчанкам (тагачасны міністар унутраных спраў — РС), непасрэдна перад расстрэлам? — пытаецца пракурор.

— Ня памятаю, — адказвае Віктар Януковіч.

— Як вы даведаліся раніцай 20 лютага пра тое, што адбываецца ў цэнтры сталіцы? Як пачаўся гэты ваш працоўны дзень? — пытаецца адвакат сям’і Нябеснай сотні Яўгенія Закрэўская.

— Мне цяжка цяпер узгадаць, але нічога надзвычайнага ў гэты дзень у маёй працы не адбылося, — адказвае экс-прэзыдэнт Украіны.

— Вы бачылі, як забіваюць людзей?, — запытвае экс-прэзыдэнта прадстаўнік пацярпелых на Майдане.

— Безумоўна, шмат было памылак зроблена з усіх бакоў, але праваахоўныя органы павінны якасна правесьці расьсьледаваньне і ўстанавіць вінаватых, а не прызначыць іх, як зараз намагаюцца зрабіць з гэтымі хлопцамі (супрацоўнікамі «Беркуту», якія абвінавачваюцца ў расстрэле — РС).

— Пра што вы размаўлялі з Пуціным 20 лютага?

Віктар Януковіч некалькі хвілін шукае патрэбную паперу. Знаходзіць і адказвае:

— Хутчэй за ўсё ішлося пра тое, што Расея мае браць удзел у разьвязаньні гэтага крызысу і яе прадстаўнік мае прысутнічаць на сустрэчах з апазыцыяй і прадстаўнікамі Эўразьвязу. Ня памятаю, чыя была ініцыятыва, але, хутчэй за ўсё, тэма была такой. І прадстаўнік Расеі браў удзел, але не падпісаў дамову. Ня ведаю, зь якіх прычын.

— Да якой даты вы лічылі сябе прэзыдэнтам Украіны?

— Гэта складанае пытаньне. Я асабіста ня зьняў зь сябе гэтай адказнасьці, я яе нясу. А што тычыцца ўкраінскага народу і ягонага стаўленьня — гэта справа ўкраінскага народу. Гэта справа адказнасьці.

Віктар Януковіч таксама ня змог дакладна ўзгадаць, якім чынам ён трапіў на тэрыторыю Расеі. Пры гэтым вельмі падрабязна распавёў пра нібыта замах на ягонае жыцьцё пад Мелітопалем на шляху з Данецку да Крыму. «22 лютага мы рухаліся ў напрамку Крыму. У раёне Мелітопалю мы трапілі практычна ў засаду, якая была за 5 кілямэтраў ад нас. Перадавая група, якая мяне суправаджала, убачыла ўзброеных аўтаматычнай зброяю людзей, апранутых у вайсковую форму без прыкмет. Перад гэтым постам былі ўстаноўлены 2 буйнакалібэрныя кулямёты... Яны абмяркоўвалі пытаньне пра расстрэл картэжу прэзыдэнта, каб ніхто не застаўся ў жывых», — паведаміў Віктар Януковіч.

З крыўдаю на паплечнікаў

Адчуваецца, што экс-прэзыдэнт пакрыўджаны на сваіх паплечнікаў па Партыі рэгіёнаў. Ён перакананы, што менавіта ў часе пратэстаў на Майдане супраць яго ўлады пад ціскам алігархаў паўстала частка аднапартыйцаў.

«Мы ведалі, што ўсярэдзіне, напрыклад, фракцыі Партыі рэгіёнаў працавала апазыцыя і дэпутаты, якія залежалі ад некаторых алігархаў, яны пачалі схіляцца на бок апазыцыі. Гэта было ня раз, ня два — за апошні тыдзень іх пазыцыя была такой: як скажа гаспадар», — распавёў ён і згадаў імя Дзьмітрыя Фірташа, экстрадыцыі якога з Аўстрыі дабіваецца цяпер Украіна.

Але на наўпроставае пытаньне пра ролю Дзьмітрыя Фірташа і Сяргея Лёвачкіна (былы кіраўнік адміністрацыі Віктара Януковіча — РС) у падзеях Майдану, Віктар Януковіч адказаў: «Гэта няхай ацэніць сьледзтва і ўкраінскі народ».

Пра уплыў Расеі на здушэньне пратэсту

Разам з тым экс-прэзыдэнт Украіны зьняпраўдзіў інфармацыю пра абмеркаваньне з прадстаўнікамі расейскай улады варыянтаў сілавога здушэньня масавых пратэстаў. Пра гэта тады шмат казаў адзін з палітычных лідэраў Майдану Арсені Яцанюк, пераконваючы, што рашэньне пра разгон было прынята пасьля сустрэчы Віктара Януковіча з Уладзімірам Пуціным у Сочы за два тыдні да расстрэлу актывістаў.

«Я ніколі ня меў ні з кім размоў наконт здушэньня Майдану — ні ва Ўкраіны, ні за яе межамі. Ні з кім, калі казаць пра прозьвішчы. Я размаўляў пра разьвязаньне палітычнага крызысу», — пераконваў Віктар Януковіч.

Экс-прэзыдэнт таксама аспрэчыў і сустрэчу з Уладзіславам Сурковым — дарадцам Уладзіміра Пуціна, які, паводле сьледзтва, адказваў за супрацьдзеяньне Майдану і прыяжджаў у Кіеў падчас акцый. Практычна ў фармаце «ня памятаю» былі ягоныя адказы на пытаньні пракурораў пра дачыненьні з кумам Уладзіміра Пуціна, цяпер ужо прадстаўніком Украіны ў менскай трохбаковай кантактнай групе Віктарам Медзьведчуком. Як высьветліла сьледзтва, са сьнежня 2013-га да лютага 2014 году Віктар Януковіч 54 разы тэлефанаваў Віктару Медзьведчуку.

«Зь Медзьведчуком у мяне былі абмежаваныя стасункі. Мы сустракаліся, калі ён бываў на некаторых мерапрыемствах. Асабістых адносін у нас зь ім не было. Як я памятаю, былі вельмі і вельмі абмежаваныя адносіны. Ні ў мяне, ні ў яго не было неабходнасьці сустракацца», — адказаў Віктар Януковіч.

Пракуроры мяркуюць, што сёньняшнія сьведчаньні былога прэзыдэнта па меншай меры непраўдзівыя, але прыцягнуць яго да адказнасьці за хлусьню практычна немагчыма. «У Януковіча сумежны статус, ён яшчэ праходзіць па справах у якасьці падазраванага, а падазраваны мае права наагул не адказваць на пытаньні. Таму прыцягнуць падазраванага за ілжывыя паказаньні немагчыма», — сказаў адзін з пракурораў справы Майдану Аляксей Данскі.

Паводле яго, сьледзтва мае выразныя доказы кантактаў Віктара Януковіча зь Віктарам Медзьведчуком, а таксама дакладныя час і месца ягонай сустрэчы з Уладзіславам Сурковым. «Яны сустракаліся ў Міжгорʼі», — удакладніў Аляксей Данскі.

Допыт Віктара Януковіча цягнуўся больш як шэсьць гадзін. Але пытаньні ў справе расстрэлу актывістаў пратэсту яшчэ ня вычарпаныя. 2 сьнежня ў рэжыме відэасувязі з расейскім судом будзе дапытаны былы камандуючы ўнутранымі войскамі Ўкраіны Станіслаў Шуляк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG