Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае прызначэньне міністрам адукацыі лідэра беларускіх камуністаў?


Грузьдзіловіч: Прызначэньне лідэра беларускіх камуністаў Ігара Карпенкі міністрам адукацыі стала шокам ня толькі для мяне. Убачыў з хвалі камэнтаў у мэдыях, з водгукаў у Фэйсбуку, як шмат людзей гэтае прызначэньне ўсхвалявала, нават абурыла. «Жахліва за дзяцей», — гэты камэнт на tut.by, як падлічылі сёньня раніцай, быў самы вітаны. Ці сапраўды трэба палохацца, што камуніст Ігар Карпенка, стаўшы міністрам адукацыі, умоўна кажучы, пагоніць натоўпы вучняў пад кіраўніцтвам сваіх падначаленых настаўнікаў ускладаць кветкі да помнікаў Леніну?

Спачатку разьбяромся ў паслужным сьпісе новага міністра Ігара Карпенкі. Як ужо заўважылі журналісты, пакуль ён не працаваў нідзе, акрамя як у межах менскай плошчы Незалежнасьці. Скончыў пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка, па адукацыі гісторык і настаўнік замежнай мовы, там і застаўся працаваць. Прайшоўшы праз кіраваньне ў канцы 80-х камітэтам камсамолу, тады ўжо цалкам рудымэнтарнай структурай, даслужыўся да прарэктара. Потым стаў дэпутатам «палаткі», прычым спачатку як незалежны кандыдат. Верагодна, ужо тады яго прыгледзелі камуністы з праўладнай КПБ, але на свайго першага сакратара абралі потым, у 2012 годзе, калі Карпенка ўжо перабраўся ў гарадзкую адміністрацыю на пасаду намесьніка старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі. У тым ліку курыраваў і сталічную сыстэму адукацыі. То бок ня скажаш, што да адукацыі Карпенка ня мае дачыненьня — хутчэй мае, хоць больш як загартаваны ў ідэалягічных баях чыноўнік.

І ўсё ж, якія ж да яго прэтэнзіі маюць аўтары панічных допісаў? Вядома, найперш гэта тое, што ён і на пасадзе высокага сталічнага чыноўніка заставаўся лідэрам кампартыі, прычым, як той казаў, практыкуючым. Дастаткова згадаць пра адкрыцьцё ў лістападзе каля МТЗ адноўленага помніка Леніну. У тым мерапрыемстве Карпенку прыпісваюць вядучую ролю. Але наколькі гэты крок быў шчыры ці каньюнктурны?

Вось актывістка колішняга БНФ Валянціна Сьвяцкая — таксама былая камсамолка, яна з Карпенкам канкуравала за дэпутацкі мандат у «палатку» — кажа пра Карпенку, што палітычныя погляды для яго могуць быць і не галоўным. Згадвае, як ён па-чалавечы дапамагаў, калі хавалі памерлую дэпутатку Вярхоўнага Савету Галіну Сямдзянаву — вядомую бээнэфаўку. На маё пытаньне, ці Карпенка шчыры камуніст, а не былы камсамолец-каньюнктурнік, Сьвяцкая адказала, што абралі яго першым сакратаром КПБ яўна як проста маладога функцыянэра, які вылучаецца на фоне састарэлай партыйнай вярхушкі. То бок і лідэрства ў кампартыі для будучай дзейнасьці Ігара Карпенкі на пасадзе міністра адукацыі можна лічыць не вырашальным.

Але, безумоўна, паказальны будзе такі момант: ці заявіць Ігар Карпенка пра тое, што на час свайго міністарства складае партыйныя паўнамоцтвы? Асабіста я мяркую, што такога кроку ад прызначанага міністра мы не дачакаемся.

І вось чаму. Наперш, таму, што Карпенка як дасьведчаны чыноўнік добра разумее: кіраваць Мінадукацыі ён, можа, і будзе — падначаленымі дробнымі чыноўнікамі — але кіраваць сыстэмай адукацыі, вызначаць напрамкі яе разьвіцьця самастойна яму не дадуць ні ў якім разе. Гэта ўсё вырашае асабіста Лукашэнка, а такія людзі, як Жураўкоў або цяпер Карпенка, толькі выконваюць ягоную волю.

Захоча Лукашэнка, каб заняткі ў школах пачыналіся ня ў 8 гадзін, а ў 9, бо яму гэтак зручней упраўляцца з Колем, — гэтак і будзе. Захоча, каб беларускую мову вывучалі на гадзіну меней ці на гадзіну болей — гэтак і будзе. Навуковага абгрунтаваньня гэтым працэсам шукаць ня варта: усё вырашае, на маю думку, натура плюс цяперашняя палітычная патрэба самога Лукашэнкі.

Гэта жаданьне паказаць Крамлю, што ніякай беларусізацыі тут ня будзе.

І цяперашнюю замену невыразнага міністра Жураўкова на ідэалягічна выразнага Карпенку можна патлумачыць якраз такімі палітычнымі прычынамі: жаданьнем паказаць Крамлю, што ніякай беларусізацыі тут ня будзе, што на гэтай ключавой у пэўным сэнсе пасадзе будзе цяпер сядзець чалавек правераны, сябар Зюганава, якому вы можаце цалкам давяраць і за «ўкраінізацыю» Беларусі не перажываць.

Але пры гэтым і ўводзіць адказнасьць за «фальсыфікацыю гісторыі Айчыннай вайны», як аднойчы прапаноўваў Ігар Карпенка, у нас наўрад ці будуць. Бо гэта не прэрагатыва Мінадукацыі, па-першае, а па-другое, такі крок будзе выразным прыніжэньнем перад Крамлём, чаго Лукашэнка таксама не дазволіць.

Цыганкоў: Першыя камэнтары наконт прызначэньня Карпенкі гучаць алярмічна, калі не сказаць панічна. Я згодны, што на самой справе ўсё, магчыма, ня будзе так змрочна, але нельга і казаць, што любы чыноўнік у Беларусі нічога не вырашае, а вырашае кіраўнік дзяржавы і набліжаныя да яго, пераважна з Адміністрацыі прэзыдэнта. Усё-ткі прызначэньне чыноўніка на ўзроўні міністра безумоўна нешта азначае — і для грамадзтва, і для замежнікаў.

Магчыма, у гэтым прызначэньні ёсьць спроба заспакоіць страхі Расеі, што ніякай беларусізацыі і майданізацыі ў нас не адбываецца.

Можна знайсьці цытаты з выказваньняў Карпенкі, якімі сёньня стракаціць інтэрнэт. Яны даволі яркія. «Магчыма, трэба ўнесьці адказнасьць за фальсыфікацыю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — нельга дапусьціць, каб гістарычныя факты перакручваліся, каб ім надавалі зусім іншую афарбоўку»; «Капітал прагне ператварыць Беларусь у палігон сацыяльнай барацьбы»; «Мы мелі справу з новай спробай рэалізаваць у Беларусі сцэнар лібэральна-нацыяналістычнага рэваншу. Толькі дзякуючы палітычнай волі прэзыдэнта Лукашэнкі рэфарматарскі запал лібэралаў быў астуджаны». І гэтак далей. Што характарызуе Карпенку як зацятага і палымянага камуніста.

Ніякага лібэралізму ў беларускай сыстэме адукацыі не прадбачыцца.

Але вось нядаўна быў візыт у Вашынгтон групы высокіх беларускіх чыноўнікаў. Сярод іх быў Усевалад Янчэўскі, які цяпер выконвае такія далікатныя замежнапалітычныя заданьні ў Адміністрацыі прэзыдэнта. А калі ўзгадаць, кім быў Усевалад Янчэўскі ў свой час? Яшчэ маладым чалавекам ён пісаў артыкулы «За імпэрыю» супраць развалу Савецкага Саюзу. Далей ён стаў адным зь лідэраў толькі створанага тады БПСМ, але потым зрабіўся звычайным чыноўнікам у Адміністрацыі прэзыдэнта і выконвае тое, што ад яго патрабуецца. А сваю ідэалёгію, калі яна засталася, хавае, бо ні інтэрвію яго няма, ні выказваньняў.

Можа, такім самым будзе і Карпенка: калі ён і мае зацятыя камуністычныя погляды, наўрад ці ён будзе іх выказваць ярка на пасадзе міністра, бо ад яго гэтага ня будуць патрабаваць.

Але ўсё ж гэта дастаткова яркі мэсыдж, што ніякага лібэралізму ў беларускай сыстэме адукацыі не прадбачыцца.

Карбалевіч: Найперш я б задаў пытаньне: чаму быў звольнены папярэдні міністар Жураўкоў? З таго, што публічна абмяркоўвалася, можна сказаць так: за тое, што цягнуў Беларусь у Балёнскі працэс. Лукашэнка пасьля сказаў, што гэта добра, але ня надта трэба старацца. Другі момант: за празьмерны акцэнт на беларусізацыю. Пасьля заяваў міністра пра тое, што гісторыю трэба было б выкладаць на беларускай мове, Лукашэнка яго скрытыкаваў і заявіў, што гэта ня ён вырашае.

Цяпер усе зьвяртаюць увагу, што Карпенка — першы сакратар КПБ. Але ў афіцыйнай біяграфіі на БелТА ягоная партыйнасьць увогуле не пазначаная.

Варта адзначыць, што Карпенка доўгі час быў беспартыйным, а сябрам КПБ стаў толькі дзесьці ў 2000-я гады, калі зьявілася магчымасьць зрабіць там кар’еру. То бок гэта чалавек, у якога ня надта ёсьць цьвёрдыя перакананьні, для яго больш важная кар’ера.

Гэта чалавек, у якога ня надта ёсьць цьвёрдыя перакананьні, для яго больш важная кар’ера.

Дый што сабой сёньня ўяўляе Камуністычная партыя Беларусі? Гэта што, нармальная левая камуністычная партыя? Ды не. Вось, напрыклад, Карпенка выступае за платную адукацыю. Які ж гэта камуніст? І ўвогуле, КПБ падтрымала і падвышэньне пэнсійнага ўзросту, і іншыя антысацыяльныя захады ўладаў. Якія ж гэта камуністы, калі яны не выступаюць у абарону сацыяльных заваёў у краіне? КПБ даўно ў рэальнай палітыцы адышла ад сваёй ідэалёгіі і толькі падтрымлівае Лукашэнку, што б той ні рабіў. І таму Карпенка будзе спрабаваць дакладна ўгадаць і выканаць тую лінію, якую яму прапануе Аляксандар Лукашэнка. А ягоная камуністычная партыйнасьць наўрад ці будзе мець вялікае значэньне ў ягонай палітыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG