Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў Navi! Беларускамоўная песьня на «Эўрабачаньні» дала б Беларусі больш балаў, — Клюеў


Гурт Navi

Гурт Navi

Журы «Белтэлерадыёкампаніі» вызначыла 13 удзельнікаў фіналу нацыянальнага адбору на эўрапейскі конкурс песьні «Эўрабачаньне». У паўфінале бралі ўдзел 67 выканаўцаў.

У фінал адбору трапіла толькі адна песьня па-беларуску: «Гісторыя майго жыцьця» гурту Navi.

Астатнія 12 выканаўцаў, што прайшлі ў фінал, сьпяваюць па-ангельску: гэта сьпевакі Аляксандра Ткач, Настасься Шэвярэнка, Анжаліка Пушнава, Вадзім Капусьцін (пад псэўданімам Isaak Nightingale), Вольга Шыманская (праект Nuteki), Кацярына Рудніцкая (псэўданім Kattie), Мікіта Ходас, Уладзіслаў Курасаў і Юлія Каранюк (псэўданім «Июль»), а таксама гурты Lermont X Julic, Napoli і PROвокация.

Ды сярод тых, хто выйшаў у паўфінал, было багата беларускамоўных удзельнікаў, у іх ліку ўдзельнік украінскага шоў «X-фактор» Пятро Клюеў і гурт Алеся Францішака-Мышкевіча The Superbullz. Суполка «Чай з малінавым варэньнем» сабрала фрагмэнты яскравых выступаў, што не прайшлі ў фінал.

Гурт Navi браў удзел і ў леташнім адборы на «Эўрабачаньне». Тады Navi лічыліся аднымі з фаварытаў, ды прайгралі выканаўцу Ivan. Як пазьней прызнаўся прадусар гурту Napoli, галасаваньне за беларускага ўдзельніка «Эўрабачаньня» было заўважна накручанае, але вынікі галасаваньня не пераглядаліся. Ivan ня выйшаў у міжнародны фінал «Эўрабачаньня» з другога паўфіналу.

Удзельнік паўфіналу Пятро Клюеў, які сьпяваў песьню «Чаму?» на верш Алеся Сьнега, кажа Свабодзе, што ня возьмецца ацэньваць выбар журы — гісторыя пакажа, якія выканаўцы вартыя. Ды заўважае, што выбар журы ўжо крытыкуюць:

«Я лічу, што нават гэты адбор можна было зрабіць так, каб людзі выбіралі фіналістаў у інтэрнэце ці галасавалі б праз SMS. Тады і журы было б лягчэй, бо на іх пачаліся нападкі ў інтэрнэце: чаму тых і тых ня выбралі? Журы ж адказвае: мы зрабілі сваю працу; калі б вы былі ў журы, было б па-вашаму. Гэта суб’ектыўная штука, цяжка прыдумаць нейкую ўнівэрсальную канстанту».

Пятро Клюеў

Пятро Клюеў

Сьпявак спакойна ставіцца да таго, што не прайшоў у фінал адбору, бо ад пачатку ішоў туды, каб «пашумець» зь беларускай мовай. Ён дапускае, што возьме ўдзел у адборах наступных гадоў, пакуль сваёй публікі ня стане столькі, што ўдзел у адборах будзе не патрэбен:

«Усё адбываецца, як мусіць быць. Праз тое, што я ня трапіў учора, я напісаў выдатную песьню на словы Паўла Белавуса, якую сёньня хачу прэзэнтаваць у „Грай“. Пісаў да 5-й раніцы. Яна нарадзілася, бо я ня трапіў у фінал, а яна мне дасьць нашмат больш дывідэндаў».

Як і раней, з паўфіналу цяжка прабіцца ў фінал нацыянальнага адбору зь беларускамоўнай песьняй. Ды песьня па-беларуску, лічыць Клюеў, мае добрыя шанцы на міжнародным конкурсе, асабліва сёлета, калі фінал пройдзе ў Кіеве:

«Яны, я так разумею, дапускаюць [у фінал нацыянальнага адбору] беларускамоўных ня тое каб „для птушачкі“... але так атрымліваецца, так яны пабачылі гэта. Мо ім нават было б цікава дапусьціць двух беларускамоўных выканаўцаў, каб яны канкуравалі між сабой. Але так атрымалася».

Ці паедзе беларускамоўная песьня на «Эўрабачаньне»? Можа і так, чаму не. Маю надзею. Бо калі будзе такая песьня, высокая імавернасьць, што 12 балаў нам дасьць Україна, ды іншыя славянскія краіны маглі б даць больш балаў — Польшча, Славенія, Чэхія, Харватыя; мо балцкія краіны — Літва, Латвія, Эстонія, бо ім важная падтрымка нацыянальнай мовы. Было б больш балаў, чым з англамоўнай песьняй».

Клюеў дадае, што як чалавеку, які валодае замежнымі мовамі, на адборы яму было сьмешна з англамоўных выканаўцаў:

«Калі ты не размаўляеш па-ангельску, ніколі не сьпявай на ангельскай мове! Уявіце сабе Джастына Тымбэрлэйка, якога папрасілі прасьпяваць па-беларуску. Зразумела, будзе відаць, як бы чалавек не вучыў песьню, як бы не пазбаўляўся акцэнту. Адразу ня верыш! І ў беларускіх англамоўных сьпевакоў відаць, што яны не разумеюць, пра што сьпяваюць, або нават калі разумеюць, проста завучылі тэкст. Без зласьлівасьці кажу, але гэта не спрацуе. Спрацуе тое, што шчыра, ад сэрца, што сапраўднае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG