Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не адменіць вучэньняў каля Крыму праз пагрозы Расеі


Прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка

Прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка

Прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка заяўляе, што пагрозы Расеі нанесьці ракетны ўдар не перашкодзяць украінскім Узброеным сілам правесьці вучэньні, заплянаваныя на 1–2 сьнежня каля анэксаванага Крыму.

«Украіна — сувэрэнная праўная дзяржава, усе баявыя вучэньні і выпрабаваньні адбываюцца строга ў плянавым парадку. Усё, што тычыцца міжнародных дамоваў і папярэджаньняў, Украіна выконвае. У адпаведнасьці з гэтымі нормамі ўсё, што заплянавана, будзе абавязкова праведзена, — сказаў Лысенка ў адказ на пытаньне Радыё Свабода падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве. — Усё, што тычыцца пагрозаў, ня можа перашкодзіць тым плянам, якія Ўзброеныя сілы Ўкраіны і канструктары вайсковага ўзбраеньня будуць праводзіць на тэрыторыі сувэрэннай Украіны».

На ўдакладняльнае пытаньне Радыё Свабода, якімі будуць дзеяньні, калі Расея сапраўды пачне зьбіваць ўкраінскія ракеты, прадстаўнік Мінабароны адказаў: «У нас ёсьць нацыянальная тэрыторыя Ўкраіны, на якой мы будзем праводзіць усе баявыя выпрабаваньні, а таксама навучаньне. Ніхто ня будзе нам указваць, што нам тут рабіць».

У нас ёсьць нацыянальная тэрыторыя Ўкраіны, на якой мы будзем праводзіць усе баявыя выпрабаваньні, а таксама навучаньне. Ніхто ня будзе нам указваць, што нам тут рабіць.

Раней намесьнік міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Дубляны паведаміў агенцтву «Ўкраінскія навіны», што міністэрства дапускае магчымасьць нанясеньня Расеяй ракетнага ўдару па ўкраінскіх ракетах і устаноўках падчас вучэньняў над Чорным морам 1–2 сьнежня. Аднак Дубляны не паведаміў, ці будзе Ўкраіна адмяняць вучэньні пасьля пагрозаў Расеі.

Як паведаміла расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах, войскі паветранай абароны ў Крыме пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым у сувязі з намерамі Ўкраіны правесьці вайсковыя вучэньні ў акваторыі Чорнага мора. Паводле інфармацыі агенцтва, прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў ня змог пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю аб тым, ці даручаў Уладзімір Пуцін Міністэрству абароны Расеі падрыхтаваць вайсковы адказ на магчымы пуск украінскіх ракетаў.

Выданьне «Дзеркало тижня» паведаміла, што Мінабароны Расеі накіравала ліст Міністэрству абароны Ўкраіны з пагрозамі зьбіваць украінскія ракеты і нанесьці ўдар па ўкраінскіх пускавых устаноўках, калі Ўкраіна правядзе вучэньні ў раёне адміністрацыйнай мяжы з анэксаваным Крымам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG