Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч: «Кабякоў заплянаваў на 2017 год тое, з чым мы ішлі на выбары»


Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

У час пасяджэньня прэзыдыюму Савету Міністраў Беларусі прэм’ер Андрэй Кабякоў агучыў пляны структуры росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі на 2017 год:

«Палова — за кошт росту прадукцыйнасьці працы на дзейных прадпрыемствах, істотнага скарачэньня выдаткаў, укараненьня новых тэхналёгіяў і ўдасканаленьня сыстэмы кіраваньня, больш актыўнай і агрэсіўнай працы на замежных рынках. Другую палову прыросту эканомікі плянуем атрымаць за кошт так званай „новай эканомікі“. Фактычна гэтая задача вырашаецца праз разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, стварэньне новых прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў, прыцягненьне замежных інвэстыцыяў», — распавядаў Кабякоў.

Кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 і адна зь лідэраў «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч адзначыла ў камэнтары Свабоды, што гэта вельмі нагадвае праграму, зь якой яна і ейная каманда ішлі на прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары:

«Падтрымаць малы і сярэдні бізнэс, ствараць працоўныя месцы, пашыраць тыя кірункі эканомікі, што ўжо разьвіваюцца, — ужо паўтара года гэта чуем пастаянна. Гэта было агучана і на Ўсебеларускім сходзе, і гучыць зь іншых пляцовак, і ад чыноўнікаў чуем, што гэта так. Спадзяёмся, што гэта будуць ня толькі вэрбальныя абяцанкі, што з новага году будуць і праўда паляпшэньні для бізнэсу.

Мы адсылалі прапанову пра тое, што на гэтую тэму патрэбныя парлямэнцкія слуханьні, каб вызначыць комплекс захадаў, патрэбных бізнэсу. Нам далі адказ, што гэтая прапанова магчымая. Сёньня шмат пляцовак, дзе абмяркоўваецца гэтае пытаньне, але мы лічым, што замацаваньне на заканадаўчым узроўні будзе добрым сыгналам для бізнэсоўцаў, якія плянуюць нешта рабіць у Беларусі. Не рэфэрэндумы, а слуханьні дапамогуць.

Андрэй Кабякоў, архіўнае фота
Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Пакуль улады хваляцца, што ў рэйтынгу Doing Business мы на 37-м месцы. Але бізнэсу патрэбныя грошы, зьніжэньне кантролю органаў, штрафаў і падаткаў. Крымінальны артыкул за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, мы лічым, трэба скасаваць і проста штрафаваць. Ёсьць шмат розных крокаў, якія маглі б фактычна даказаць, што ўлады і ў прыватнасьці Кабякоў ня проста гавораць, а пацьвердзяць словы дзеяньнямі.

Прадстаўнікі бізнэсу і ў сфэры паслуг, і ў сфэры вытворчасьці кажуць: стварыце нам зразумелыя ўмовы, роўныя для ўсіх, каб маглі працаваць. Улады мусяць зразумець, што рабіць стаўку на малы і сярэдні бізнэс можна толькі тады, калі ў цябе ёсьць доўгатэрміновая стратэгія, як гэтая сфэра будзе разьвівацца. Дакладней, якія могуць быць перадумовы разьвіцьця. А казаць, што будзе нейкі „год экспэрымэнтаў“, нельга, малы бізнэс на гэта не пагодзіцца. Трэба глядзець больш далёка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG