Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі палітоляг: краінам Балтыі і Беларусі «трэба рыхтавацца да працяглай партызанскай вайны»


Беларускія патрызаны, 1943

Беларускія патрызаны, 1943

Аляксандр Мотыль, прафэсар палітычных навук Ратгерскага ўнівэрсытэту ў ЗША, лічыць, што пасьля абраньня прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа узьнікла рэальная пагроза вайсковага захопу Расеяй Літвы, Латвіі і Эстоніі ў першую чаргу і Беларусі ў другую.

Паводле Мотыля, меркаваньне якога апублікаваў сайт The Atlantic Council і перадрукаваў Newsweek, заяўлены Трампам намер засяродзіцца на ўнутранай амэрыканскай палітыцы коштам ангажаванасьці ЗША ў Эўропе і наогул у глябальнай палітыцы можа азначаць, што ў пэрспэктыве году або двух «расейскія танкі могуць быць дысьлякаваныя на ўсходніх межах Эўразьвязу».

«Краіны Балтыі зьяўляюцца найбольш уразьлівымі да захопу, паколькі ім не хапае вайсковай моцы для стрыманьня Расеі, і без амэрыканскай падтрымкі НАТО яны ня могуць разьлічваць на ўмяшаньне альянсу ў выпадку атакі Расеі», — піша Мотыль.

Пра Беларусь палітоляг адзначае наступнае:

«Беларусь знаходзіцца на другім месцы з гледзішча уразьлівасьці. Расея ўжо мае войскі, дысьлякаваныя ў гэтай краіне, і вялікая частка расейскай меншасьці ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе вітаць расейскую анэксію.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што яго краіна будзе супраціўляцца, але, ня маючы баявога досьведу і будучы нявызначанай ляяльнасьці, беларускія ўзброеныя сілы ня змогуць спыніць расейскую атаку.

Падпольны партызанскі рух паводле ўзору таго, які нанёс немцам сур’ёзную шкоду падчас Другой сусьветнай вайны — калі каардынаваць яго з прыбалтыйскімі партызанскімі рухамі — можа значна павысіць цану расейскай акупацыі».

Паводле Мотыля, Украіна найменш уразьлівая да расейскай атакі, паколькі ў баях на Данбасе яна змагла стварыць баяздольную армію. Цяжкай дылемай для Кіева, як лічыць амэрыканскі экспэрт, можа стаць пагадненьне Трампа з Пуціным, у выніку якога ЗША пагодзяцца на анэксію Крыму ў абмен на вяртаньне Данбасу Ўкраіне. Рэінтэграцыя зьнішчанага вайною Данбасу, лічыць Мотыль, будзе азначаць для Ўкраіны канец эканамічных рэформаў і мараў пра інтэграцыю з Захадам ці нават пра ўсталяваньне дэмакратыі.

«Гэткія найгоршыя сцэнары могуць не матэрыялізавацца, але Беларусь, Эстонія, Латвія, Літва і Ўкраіна ня могуць дазволіць сабе раскошы чакаць, пакуль асядзе пасьлявыбарчы пыл у Амэрыцы, каб думаць, што рабіць. Яны мусяць рыхтавацца да найгоршага неадкладна. Жыхары Балтыі і беларусы павінны рыхтавацца да працяглай партызанскай вайны. Украінцы павінны распрацаваць плян Б на выпадак, калі Пуцін вырашыць ператварыць акупаваны Данбас у траянскага каня», — заключае Аляксандр Мотыль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG