Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьмерць школьніцы на зборы бульбы завялі крымінальную справу аб «неналежным выкананьні абавязкаў»


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне Сьледчага камітэту Менскай вобласьці распачало крымінальную справу пра здарэньне, у выніку якога 29 верасьня ў Маладзечанскім раёне падчас збору бульбы загінула 13-гадовая школьніца.

Справа заведзеная паводле ч.2 артыкулу 165 КК аб неналежным выкананьні абавязкаў гарантаваньня бясьпекі жыцьця і здароўя малалетняга асобай, на якую такія абавязкі былі ўскладзеныя спэцыяльным даручэньнем і дабраахвотна прынятыя, што пацягнула сьмерць ад неасьцярожнасьці. Справа распачатая ў выніку расьсьледаваньня, якое раней ішло па ч.2 арт. 317 — аб парушэньні правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспартных сродкаў, што пацягнулі сьмерць чалавека. Як сьцьвярджае СК, парушэньні выяўленыя з боку службовых асобаў школы, зь якой дзяўчынку накіравалі на збор бульбы. Кваліфікацыі дзеяньням службовых асобаў яшчэ не далі.

Хто вінаваты ў гібелі 13-гадовай дзяўчыны «на бульбе»?

Дзяўчынку разам з аднаклясьнікамі на загад мясцовай адміністрацыі адправілі дапамагаць гаспадарцы зьбіраць бульбу. Яна загінула пад коламі грузавіка. Сьцьвярджаецца, нібы ў яе былі праблемы з слыхам і яна проста не пачула папераджальнага гудку кіроўцы. Загад дапамагчы сельскагаспадарчым прадпрыемствам быў падпісаны кіраўніком Маладэчанскага райвыканкаму Аляксандрам Яхнаўцом. Журналісты высьветлілі, што, пасылаючы дзяцей «на бульбу», чыноўнікі парушылі адразу 6 законаў. Сьведкі здарэньня расказваюць, што ў той дзень на полі было каля паўтысячы чалавек, зь іх чалавек 80 — школьнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG