Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правілы гульні ў постбіпалярным сьвеце. Чаму прапанову Лукашэнкі пра «новы ўсясьветны парадак» могуць успрыняць сур’ёзна


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка ў час сустрэчы з дэлегацыяй Камітэту палітыкі і бясьпекі Рады Эўразьвязу выказаў заклапочанасьць антаганізмам між Эўразьвязам і Расеяй і прапанаваў распачаць міратворчы «менскі працэс» між Захадам і Ўсходам на ўзор Хэльсынскага працэсу, што прывёў да стварэньня АБСЭ. У мінулым месяцы задумацца пра «новы ўсясьветны парадак» прапаноўваў у інтэрвію радыё ААН міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей.

Пра выказаную Лукашэнкам ідэю выказалася ў эфіры «Беларусь-1» кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын:

«Мы зьвярнулі ўвагу на гэтую прапанову, на стварэньне такога фармату, але пакуль ня можам камэнтаваць гэта. Як толькі мы атрымаем больш інфармацыі, то ўсе 28 краінаў Эўразьвязу абмяркуюць гэтую ініцыятыву і прымуць рашэньне», — заявіла Віктарын.

Ці сапраўды «менскі працэс» можа перарасьці ў нешта большае, у новы Хэльсынскі працэс ці «новы ўсясьветны парадак»? Свабодзе тлумачыць старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў:

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Рэч у тым, што пра гэта ня толькі Лукашэнка кажа. Гэта ў кулюарах абмяркоўваюць і ў эўрапейскіх інстытутах, і на розных дасьледчых аналітычных канфэрэнцыях. Відавочна, цяпер той парадак, што працаваў пасьля халоднай вайны, усё больш і больш разбураецца — трэба нейкія новыя правілы гульні ў постбіпалярным сьвеце. А каб перапрыдумаць гэтыя правілы гульні і замацаваць тыя новыя межы і падзелы, дапасаваць сюды і правы чалавека, то першае, што прыходзіць у галаву, гэта Хэльсынскі працэс і перапрыдумваньне Парыскай хартыі 1990 году.

Ідэя гэтага працэсу лунае ў паветры — і Лукашэнка проста агучыў яе з больш высокай трыбуны, афіцыйна. Я думаю, што такі працэс магчымы. І ў Злучаных Штатах новае кіраўніцтва, і Расея хацела б нейкім чынам прыйсьці да нармалізацыі стасункаў.

Што да магчымага месца правядзеньня ў Менску, то шанцаў ня так шмат на гэта. Пытаньне ў тым, ці пагодзяцца на гэта галоўныя гульцы, ЗША і Расея. Калі ў нас такія... ня вельмі добрыя стасункі, то падвышаць імідж і статус Беларусі ня вельмі ў іхных інтарэсах. Тым ня менш, некалі не асабліва верылі і ў тое, што магчымыя перамовы па Ўкраіне ў Беларусі. Шанцы ня вельмі вялікія, але яны ёсьць».

Мельянцоў разважае, што канфліктнасьць беларуска-расейскіх стасункаў «закладзеная ў дызайне» гэтых стасункаў, у Эўразійскі эканамічны саюз са шматлікімі гандлёвымі і палітычнымі канфліктамі, наўрад ці «сынусоіда» стасункаў прыйдзе да адназначнага паляпшэньня стасункаў.

Пра Хэльсынскі працэс Мельянцоў кажа, што той дасягнуў пастаўленых на свой час задачаў: яго сэнс быў у замацаваньні «статусу кво» пасьля Ялцінскай і Патсдамскай канфэрэнцыяў. Тады пры біпалярнай сыстэме былі вызначаныя «чырвоныя рысы», за якія нельга было выходзіць. Войны ж на постсавецкай прасторы ці ў Югаславіі былі пасьля распаду СССР, пры іншай сыстэме. Калі старая пачала развальвацца, для «Новай Эўропы» была прынятая Парыская хартыя. Але і тая сыстэма ўжо развалілася — патрэбная новая, якая б апісвала правілы гульні ў тым, што Мельянцоў называе «постбіпалярным сьвеце». І аналітык мае пэўны аптымізм адносна таго, што новая сыстэма можа скласьціся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG