Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп назваў Фідэля Кастра «жорсткім дыктатарам», а Абама — «выключнай фігурай»


Дональд Трамп і Барак Абама

Дональд Трамп і Барак Абама


Барак Абама і Дональд Трамп па-рознаму адрэагавалі на сьмерць шматгадовага лідэра Кубы Фідэля Кастра.

Белы дом распаўсюдзіў заяву прэзыдэнта Барака Абамы, у якой гаворыцца, што ў гэты момант Злучаныя Штаты працягваюць руку дружбы кубінскаму народу, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы ведаем, што цяпер — на Кубе і ў Злучаных Штатах — кубінцаў перапаўняюць пачуцьці, зьвязаныя з тым, як Фідэль Кастра зьмяніў хаду жыцьця асобных людзей, семʼяў і кубінскага народу. Гісторыя вынесе свой суд і ацэніць велізарны ўплыў гэтай выключнай фігуры на людзей і сьвет вакол яго», — гаворыцца ў дакумэнце.

У заяве адзначаецца, што амэрыкана-кубінскія стасункі на працягу амаль шасьці дзесяцігодзьдзяў былі азмрочаныя канфрантацыяй і «глыбокімі палітычнымі рознагалосьсямі», аднак падчас працы цяперашняга прэзыдэнта ЗША былі зробленыя вельмі важныя крокі для таго, каб пакінуць супрацьстаяньне ў мінулым.

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у адмысловай заяве назваў Кастра «жорсткім дыктатарам, які чыніў рэпрэсіі супраць уласнага народу цягам амаль 60 гадоў». «Спадчына Фідэля Кастра — гэта расстрэльныя каманды, крадзеж, неверагодныя пакуты, беднасьць і адмаўленьне асноватворных правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве Трампа, перадае BBC.

«Хоць Куба застаецца таталітарнай астраўной дзяржавай, я спадзяюся, што сёньняшні дзень азначае сыход ад жахаў, што доўжыліся занадта доўга, у кірунку будучыні, у якім цудоўны кубінскі народ нарэшце будзе жыць свабодна, як ён таго цалкам заслугоўвае», — адзначыў Трамп. Ён запэўніў, што ягоная адміністрацыя «будзе рабіць усё, што зможа, каб гарантаваць, што кубінскі народ нарэшце атрымае магчымасьць пачаць шлях да росквіту і свабоды».

Фідэль Кастра памёр 25 лістапада на 91-м годзе жыцьця. Народу пра сьмерць правадыра абвясьціў у тэлезвароце яго брат Рауль, які займае з 2008 году вышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Пахаваньне Фідэля Кастра адбудзецца 4 сьнежня ў сталіцы краіны Гаване. У сувязі са сьмерцю Кастра на Кубе абʼяўленая 9-дзённая жалоба.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG