Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратаколы пад капірку для ўдзельнікаў акцыі ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага


Удзельнікі акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы
Удзельнікі акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы

Працягваецца перасьлед удзельнікаў традыцыйнай акцыі ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага, якая ладзіцца на Дзяды ў Сьвіслачы. Актывістаў знаёмяць зь міліцэйскімі пратаколамі, паводле якіх яны абвінавачваюцца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Слонімскі актывіст Павал Севасьцян сёньня быў позвай выкліканы ў пастарунак. Яго азнаёмілі з пратаколам, складзеным міліцыянтамі ў Сьвіслачы. Паводле дакумэнта, ён быў удзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Павал Севасьцян
Павал Севасьцян

Ніякіх канкрэтных фактаў парушэньня грамадзкага парадку ў пратаколе не прыводзіцца, — сказаў Свабодзе Севасьцян, — адны агульныя фразы, што, маўляў, быў удзельнікам. Можна сказаць, што напісалі ўсяго тры радкі з тым, каб потым даць штраф. Гэта ўсё нагадвае нейкае камэрцыйнае прадпрыемства — людзі ўшаноўваюць памяць нацыянальных герояў, ім не інкрымінуюць ніякіх фактаў парушэньня правапарадку, а потым выпісваюць штраф, які папаўняе пусты бюджэт.

Севасьцян кажа, што абурае і тое, што пры складаньні пратаколаў міліцыянты выкарыстоўваюць звычайную капірку і нават не зважаюць на тое, ці адпавядаюць іх паказаньні сапраўднасьці ў дачыненьні да канкрэтнага чалавека.

— У пратаколе сьведкі паказваюць, што я нібыта быў, як і ўсе, на могілках, а потым у складзе арганізаванай групы ішоў праз увесь горад да помніка Каліноўскаму. Але я ня быў на могілках, бо мы пазьней прыехалі, і не ішоў у складзе арганізаванай групы да помніка Каліноўскаму. Вось за гэта нехта павінен несьці адказнасьць ці не?

Лідзкаму актывісту Валерыю Мінцу міліцыянты прынесьлі пратакол для азнаямленьня а 21-й гадзіне, ён у хату іх не пусьціў, размаўлялі проста праз акно. Паводле Мінца, міліцыянт сам зачытваў яму пратакол, і там таксама адны агульныя фразы: удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Сьвіслачы.

Мінца гэта абурыла, паколькі ў Сьвіслачы ён наагул у гэты дзень ня быў. Ён сказаў Свабодзе, што насамрэч ехаў туды, але ня змог своечасова трапіць.

Валеры Мінец
Валеры Мінец

— Я прыехаў толькі ў Якушоўку, калі ўжо ўсе разьяжджаліся, а мяне тут ў пратаколе вінавацяць, што я браў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў Сьвіслачы. Можна толькі ўявіць, як міліцыянты фабрыкуюць гэтыя пратаколы. Хутчэй за ўсё, што я трапіў на камэру да іх у Якушоўцы, і ніхто нават не праверыў, ці быў я ў Сьвіслачы. Паглядзім, што яны будуць сьведчыць у судзе, але я ў выпадку, калі суд зойме бок міліцыянтаў, намераны дайсьці да Вярхоўнага Суду, а затым і ў міжнародныя інстанцыі.

Кобрынскі актывіст Алесь Мех таксама азнаёміўся з пратаколам аб тым, што ён быў удзельнікам несанкцыянаванай акцыі ў Сьвіслачы. Дакумэнт таксама складзены «пад капірку», без канкрэтных абвінавачваньняў. Камэнтуючы Свабодзе сытуацыю, Мех заўважыў, што ў краіне працягваецца перасьлед усяго нацыянальнага, і яго ў зьвязку з гэтым турбуе, што акцыі ўшанаваньня нацыянальных герояў штогод становяцца менш шматлікімі.

Алесь Мех
Алесь Мех

— Праблема ў тым, што на акцыі ўё менш прыяжджае людзей, якія заангажаваныя ў нацыянальнае адраджэньне. Напярэдадні такіх падзеяў практычна няма інфармацыі пра само паўстаньне, людзей, якія змагаліся. Няма нават улётак у Сьвіслачы, каб людзі мясцовыя бачылі, дзеля чаго сюды прыяжджаюць актывісты з розных гарадоў. І яшчэ, на жаль, многія людзі, якія лічаць сябе апазыцыянэрамі, даволі лёгка зьбіраюцца, калі трэба ехаць у Брусэль, а вось у Сьвіслач, каб ушанаваць памяць нацыянальных герояў, іх няма. На жаль, апошнім часам гэта так.

У самой Сьвіслачы ўжо адбыўся суд над мясцовым актывістам Юрыем Глебікам, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакаралі штрафам у памеры 840 рублёў.

Вядома, што пратаколы складзеныя на актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, гарадзенца Эдварда Дзьмухоўскага, на Віктара Марчыка са Слоніма, а таксама на актывістаў зь Менску. Пазалетась за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы было пакарана аж 19 актывістаў, а летась — пяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG