Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы прысуд за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы — 840 рублёў штрафу


Сьвіслацкага актывіста Юрыя Глебіка раённы суд аштрафаваў на 40 базавых велічынь. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Сьведкі-міліцыянты ў сваіх паказаньнях найперш падкрэсьлівалі, што Глебік трымаў бела-чырвона-белы сьцяг.

Пад несанкцыянаванай акцыяй раённы суд меў на ўвазе ўшанаваньне магілаў паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы і Якушоўцы, якое адбывалася на Дзяды 30 кастрычніка.

Паводле Юрыя Глебіка, і з пратаколу, складзенага на яго, і зь сьведчаньняў двух міліцыянтаў вынікае, што віна ягоная ў тым, што трымаў бела-чырвона-белы сьцяг. А яшчэ гэта акцэнтавалася ў запісаным відэа, якое праглядалі падчас судовага працэсу.

— Гэтым разам я заўважыў, што асабліва дэталёва міліцэйскія апэратары здымалі тых людзей, хто трымаў у руках нацыянальныя сьцягі.

Глебік кажа, што віны сваёй не прызнаў, апэляваў, што ўшаноўвалі памяць нацыянальных герояў на Дзяды, як і прынята ў Беларусі. Спрабаваў давесьці суду законнасьць бела-чырвона-белага сьцяга, распавядаў пра ягоную гісторыю, але прысуд судзьдзя зачытаў, нават не выходзячы на перапынак.

— Я, праўда, і чакаў такога высокага штрафу. Бо як жа інакш: уся дзяржаўная палітыка скіраваная на тое, каб задобрыць суседняга «цара-бацюшку», ухваліць ягоную імпэрскасьць, атрымаць за гэта крэдыты ці яшчэ што-небудзь. А тут ушаноўваюць памяць герояў, якія змагаліся супраць гэтай імпэрскасьці... Гэтыя суды падкрэсьліваюць, што нічога ў нашай краіне не зьмяняецца, як бы ўлады не спрабавалі даказваць заходнім суседзям адваротнае. Суды над удзельнікамі акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага абяцаюць сёлета зноў быць шматлікімі. Сьведчаньнем таму тое, што ўчора актывісты ў Бярозаўцы, Слоніме, Менску атрымалі позвы ў Сьвіслацкі РАУС.

Вітольд Ашурак зь Бярозаўкі расказвае, што міліцыянт прыйшоў дадому ўжо ўвечары і прапанаваў азнаёміцца з пратаколам, складзеным на яго за ўдзел у Сьвіслацкай акцыі.

Вітольд Ашурак

Вітольд Ашурак

— Я адмовіўся і знаёміцца з пратаколам, і падпісвацца пад ім. Не лічу сябе вінаватым, і мне наагул дзіўна, што ў Беларусі могуць судзіць за ўшанаваньне памяці нацыянальных герояў і за сьцяг, пад якім наш народ жыве ўжо 700 гадоў. Зразумела, што далей будуць суды, але гісторыя на гэтым не сканчаецца...

Старшыні партыі БНФ Аляксею Янукевічу даставілі позву з патрабаваньнем зьявіцца ў Сьвіслацкі РАУС 17 лістапада раніцай, каб ён а 10-й гадзіне 17-га лістапада ўжо быў у Сьвіслачы. Фізычна, паводле Янукевіча, гэта было зрабіць немагчыма.

Даведаўшыся пра прысуд Глебіку, Янукевіч зазначыў Свабодзе, што такія дзеяньні ўладаў сьведчаць аб працягу работы рэпрэсіўнай машыны ня толькі ў Менску і ня толькі на больш гучных акцыях, а і па ўсёй краіне.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

— Працягваецца палітыка вынішчэньня нацыянальнай памяці беларусаў, бо штогадовы фэст у Сьвіслачы якраз скіраваны на аднаўленьне гэтай памяці, умацаваньне нацыянальнай сьвядомасьці, ідэнтычнасьці беларусаў. І тое, што з году ў год адбываецца перасьлед удзельнікаў гэтай акцыі, сьведчыць пра тое, што ўлада настойліва імкнецца перапісаць гісторыю Беларусі пад сябе, пад камуністычную савецкую спадчыну, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве закладае бомбу запаволенага дзеяньня і пагражае самому існаваньню беларускай дзяржавы і беларускай нацыі.

Сёньня ў Сьвіслачы адбыўся першы прысуд, а ўшаноўвалі паўстанцаў каля 60 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Падобныя акцыі традыцыйна на Дзяды штогод адбываюцца ў Сьвіслачы. Ніякіх праблемаў падчас акцый з міліцыяй не бывае, грамадзкага парадку ніхто не парушае, але штогод на ўдзельнікаў складаюць пратаколы і прысуджваюць штрафы. Пазалетась былі асуджаныя аж 19 актывістаў, а летась — пяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG