Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі абласны суд не паверыў актывістам, што яны проста сьпявалі


Алена Шабуня (зьлева) і Тацяна Севярынец з праваабаронцам Паўлам Левінавым

Алена Шабуня (зьлева) і Тацяна Севярынец з праваабаронцам Паўлам Левінавым

Гісторыя пра сьпевы на пікеце па зборы подпісаў цягнецца з 27-га ліпеня. У той дзень патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч ладзілі супольны пікет па зборы подпісаў, а заадно віншавалі мінакоў з гадавінай прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Для іх жа актывісты прасьпявалі гімн «Магутны Божа», а «бард Свабоды» Георгі Станкевіч выканаў і ўласную песьню «Сьцяг».

Выбарчае заканадаўства не рэглямэнтуе віды актыўнасьці на пікетах па зборы подпісаў. Аднак віцебская міліцыя вырашыла інакш. Адсачыўшы, што зьбіральнікі подпісаў перайшлі на другі бок вуліцы Леніна і пачалі сьпяваць раней, чымсьці дасталі падпісныя аркушы, супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС расцанілі гэта як несанкцыянаванае пікетаваньне.

Праўда, спачатку адміністрацыйныя справы скасавалі, бо падазраваным удалося давесьці, што выбарчага заканадаўства яны не парушылі. Але пасьля скаргаў вышэйшаму міліцэйскаму кіраўніцтву на падначаленых, якія кепска ведаюць законы, справы супраць Тацяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча аднавілі зноў.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ўладзімер Царыкаў прызнаў усіх трох парушальнікамі парадку правядзеньня масавых акцыяў. Кожнаму быў прысуджаны штраф памерам 5 базавых велічынь — паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых вулічных акцыяў). Атрымалася, што на адным баку вуліцы актывісты дзейнічалі ў межах выбарчага заканадаўства, а на другі бок яно ўжо не распаўсюджвалася.

Выснова суду першай інстанцыі

Выснова суду першай інстанцыі

Усё гэта Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч спрабавалі даводзіць падчас разгляду касацыйных скаргаў у абласным судзе. Аднак судзьдзя Сьвятлана Іванова падтрымала пазыцыю раённага суду — таксама пагадзілася, што на адным баку вуліцы Леніна зьбіраць подпісы са сьпевамі можна, а на другім ужо не...

З пастановы Віцебскага абласнога суду

З пастановы Віцебскага абласнога суду

З дапамогай праваабаронцы Паўла Левінава актывісты вырашылі абскарджваць судовае рашэньне далей: зьвярнуліся са скаргамі да старшыні Віцебскага абласнога суду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG